Актывісты суполкі “Вербіца” з Латвіі шукаюць новыя формы работы — і таленты ў саміх сабе

Музычныя пасядзелкі ў Дагдзе

Дагда — гэта, калі хто не ведае, адзін з райцэнтраў Латвіі, у Латгаліі, непадалёк ад мяжы з Беларуссю. Тут жыве нямала беларусаў, са снежня 2011-га дзейнічае суполка “Вербіца”. Раскажу пра адно з мерапрыемстваў.

На музычных пасядзелках у Дагдзе выступае беларускі вакальны гурт “Сузор’е” з Рэзэкне
На музычных пасядзелках у Дагдзе выступае беларускі вакальны гурт “Сузор’е” з Рэзэкне

Гэта быў не проста канцэрт — мы скарысталі пры падрыхтоўцы вечарыны досвед вясковых вячорак. “Сёння ў нас — музычныя пасядзелкі, — пачала імпрэзу кіраўніца таварыства “Вербіца” Таццяна Гагалінская. — Мы вітаем нашых гасцей: з горада Рэзэкне і са Сварыняў да нас прыехалі ансамбль “Сузор’е”, якім кіруе Людміла Пікалёва, танцавальны  гурт “ЛОРЕТа” пад кіраўніцтвам Э. Шляхоты, а таксама музыканты В. Бабовіч і Д. Мілейка. Давайце падорым адзін другому песні, жарты і проста добрыя ўсмешкі! Адкрыць пасядзелкі просім Генеральнага консула Беларусі ў Даўгаўпілсе Віктара Гейсіка”. Вітаючы землякоў, дыпламат парадаваўся, што мы збіраемся разам, займаемся творчасцю. Ён нагадаў, што з восені, калі работы ў полі закончаны, а вечары цёмныя і доўгія, беларусы ў вёсках збіраліся раней на вячоркі: пагаварыць, паспяваць — адчуць сябе адзінай грамадою. Добра, што гэтыя традыцыі жывыя і цяпер.

“Запалі святло — глядзіш, і збяруцца госці на бяседу, на пасядзелкі з чаем, пачастункамі, з гучнымі, задушэўнымі песнямі, такімі простымі і зразумелымі”, — прадоўжыла рэй Таццяна. І запрасіла на сцэну гаспадароў: ансамбль “Вярба”, якім кіруе Ларыса Тукіша. У рэпертуары гурта, заўважу, з’явіліся новыя песні, выкананне становіцца зладжаным, раскаваным. Малайцы! Далей па чарзе спявалі госці з гурта “Сузор’е” ды наша, дагдзінская “Аколіца”. А між песнямі гурт “ЛОРЕТа” дарыў танцы: вясёлыя, з запалам. І яркія касцюмы артыстаў усім спадабаліся. Калі ж пачыналі граць музыкі, то ўсе пускаліся ў скокі. Гучалі жартоўныя вершы беларускага паэта з Даўгаўпілса Станіслава Валодзькі, басні. А пасля была і дыскатэка: весяліліся, танцавалі ад душы.

Наша таварыства маладое. Пашанцавала з кіраўніцай: Таццяна Гагалінская — чалавек вельмі працавіты, актыўны, многа робіць для “Вербіцы”. Каб суполка развівалася, заяўляла пра сябе. Скажам, толькі стала вядома, што мясцовыя музыканты — з беларускімі родавымі каранямі, як яна адразу запрасіла іх уступіць у таварыства. З’явіліся ў нас і свае танцоры, “Лявоніху” і “Бульбу” ім дапамагала паставіць харэограф А. Уткіна. Пабольшала песень у гурта “Аколіца”, да таго ж кіраўніца Тамара Старавойтава змагла пашырыць калектыў, стварыла ў ім душэўную атмасферу. Сама — таленавітая, тым і натхняе спевакоў. Шчыра дзякуем ёй!

Пачынае працаваць і тэатральная студыя “Вербіца”: на пасядзелках нашы сябры паказалі жартоўныя сцэнкі-мініяцюры. Было весела! Апладысментаў мы не шкадавалі. Можа, і не ўсё гладка, ды разумеем жа: першыя крокі... За актыўны ўдзел у жыцці Дагдскага краю, за пашырэнне культуры нацыянальных меншасцяў, дапамогу ў правядзенні краёвых мерапрыемстваў Таццяне Гагалінскай прысвоена званне валанцёра Латгаліі. Прадстаўніца думы, загадчыца аддзела культуры, спорту і асветы М. Міцкевіча ўручыла ёй грамату і Калядную свечку. Цяпло ад сустрэчы з супляменнікамі разам з Каляднай свечкай павезла ад нас у Рыгу і Алена Лазарава, член Кансультатыўнага камітэта прадстаўнікоў арганізацый нацыянальных меншасцяў пры Міністэрстве культуры Латвіі.

Таццяна Гагалінская, яе паплечнікі далучаюць да нашай культуры жыхароў Дагдскага краю. І на музычных пасядзелках былі сябры з Эзерніекскай, Сварыньскай валасцей. У прыватнасці, Л. İгаўне, бібліятэкар з Эзерніек, казала: добра адпачыла пад душэўныя беларускія песні. А педагогі Дагдскай школы чулі іх  ды палюбілі, калі на Дні беларускай культуры да нас прыязджалі з Мінска гурты “Вербіца” і “Ярыца”. Цяпер жа, казалі, як убачылі аб’яву, адразу вырашылі “Пойдзем! Вельмі спадабаліся беларускія песні!”. Прыемна, калі нашы песні нясуць радасць, аб’ядноўваюць людзей.

Зоф’я Iоніна, г. Дагда, Латвія
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter