Музы збяруцца разам

Аб’яднаны тэатры оперы і балета Беларусі
Аб’яднаны тэатры оперы і балета Беларусі.

У краіне ствараецца “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь”. Адпаведны ўказ Прэзідэнта падпісаны на пачатку верасня. Тэатр аб’яднае “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр балета Рэспублікі Беларусь” і “Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь”.

Дзяржаўны тэатр оперы і балета быў адкрыты ў Мінску 25 мая 1933 года. Сёння па ўсім свеце больш вядомы беларускі прафесійны балет. У яго даўнія традыцыі. Яшчэ ў сярэдзіне XVIII стагоддзя першыя балетныя калектывы і балетныя школы з’явіліся ў Слуцку і Нясвіжы — цэнтрах уладанняў князёў Радзівілаў. За апошнія 15 гадоў калектыў Нацыянальнага балета Беларусі пабываў на гастролях больш чым у 30 краінах, прычым у многіх — па некалькі разоў. Ад Партугаліі і Іспаніі да Японіі і Кітая, ад Нарвегіі і Вялікабрытаніі да Турцыі і Тайланда — усюды тэатр знайшоў сабе гарачых прыхільнікаў. На працягу сезона трупа дае каля 150 спектакляў на асноўнай сцэне.

Добрую славу маюць і баларускія оперныя спевакі. Яшчэ ў 30-я гады былі пастаўлены ў Мінску першыя оперныя спектаклі: “Кармэн”, “Яўгеній Анегін”, “Пікавая дама”. У іх, дарэчы, дэбютавала будучая легенда беларускай оперы Ларыса Александроўская. З гадамі ў Беларусі склалася моцная оперная школа. Пачынаючы з 1992 года Беларуская опера рэгулярна гастралюе зя мяжой: у Бразіліі, Грэцыі, Ізраілі, Іспаніі, Польшчы, Партугаліі і іншых краінах.

З 1996 года, у пераходны перыяд, беларускія танцоўшчыкі і спевакі працавалі ў асобных калектывах. Цяпер жа завяршаецца рамонт у іхнім агульным Тэатры оперы і балета, так што наваселле музы справяць разам. Дарэчы, 4 верасня ў аб’яднаным тэатры новым балетам “Бахчысарайскі фонтан” на сцэне Палаца Рэспублікі адкрыты 76-ы тэатральны сезон.

Пётр Арэшка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter