Мужнасць застанецца

У Жыткавiцкiм раёне перазахавалi мясцовага Iвана Cусанiна

У вёсцы Грэбень Жыткавiцкага раёна з удзелам прадстаўнiкоў райвыканкама, Руднянскага Савета дэпутатаў адбылося перазахаванне жыхара былой вёскi Вадапойла Iвана Некрашэвiча, якi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны паўтарыў гераiчны ўчынак Iвана Сусанiна.

Устрывожаныя рэгулярнымi рэйдамi партызанскiх атрадаў, паражэннямi на франтах гiтлераўцы вырашылi спагнаць злосць на мiрным насельнiцтве, якое, па даносах палiцаяў, спачувала i дапамагала партызанам. З гэтай мэтай 18 красавiка 1943 года карнiкi ўварвалiся ў невялiкую вёсачку Вадапойла, дзе значылася каля 120 жыхароў. Выгнаўшы з хат тых, хто не паспеў схавацца ў лесе, фашысты запатрабавалi ад вяскоўцаў паказаць месцазнаходжанне партызанскага атрада. Асаблiвыя здзекi выпалi на долю аўтарытэтнага вяскоўца Iвана Некрашэвiча, якi, па сцвярджэннi сведак, меў стасункi з народнымi мсцiўцамi. На яго вачах карнiкi расстралялi жонку i дзяцей, а затым астатнiх захопленых жыхароў, вёску спалiлi. Пасля доўгiх катаванняў патрыёт «згадзiўся» на прапанову захаваць яму жыццё. Пасля доўгiх блуканняў па лесе ён наўмысна прывёў карны атрад немцаў на месца даўно пакiнутага ляснога лагера, дзе раней вяскоўцы хавалiся ад карнiкаў. Тут фашысты i забiлi адважнага «праваднiка». Яго пахавалi ва ўрочышчы Казённае, што знаходзiцца зараз на тэрыторыi Прыпяцкага запаведнiка. Мясцовыя ўлады прынялi рашэнне перазахаваць астанкi Iвана Некрашэвiча ў брацкай магiле суседняй вёскi Грэбень, дзе ляжаць 35 вяскоўцаў, што загiнулi ад рук фашыстаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter