Мужнасць у спадчыну

Напярэдадні Дня Перамогі ў Беларускім этнакультурным аб’яднанні Усходне-Казахстанскай вобласці прайшоў адкрыты ўрок “Дзеці вайны”
Напярэдадні Дня Перамогі ў Беларускім этнакультурным аб’яднанні Усходне-Казахстанскай вобласці прайшоў адкрыты ўрок “Дзеці вайны”.


Актыўныя ўдзельнікі адкрытага ўрока “Дзеці вайны” ў Доме дружбы Усць-Каменагорска

У нашай суполцы створаны лекторый па ваеннай тэматыцы. Пра вайну мы расказваем не толькі слухачам з беларускага класа, што працуе пры Доме дружбы Усць-Каменагорска, але і навучэнцам школ. Каб цікава правесці адкрыты ўрока “Дзеці вайны”, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ніна Мікалаеўна Прышчэпчык прыцягнула вучняў школы-гімназіі №38. Як вядома, адчуць тое, што перажывалі ў вайну ветэраны, моладзі не заўсёды ўдаецца. А тут задумка была: няхай пра лёсы “дзяцей вайны” раскажуць хлопчыкі і дзяўчынкі, хай пранікнуцца пачуццямі, якія перажылі нашы землякі-беларусы ў дзіцячым узросце. У праекце ўдзельнічалі вучні 5-х класаў Мацвей Сітнікаў, Аліна Закір’янава, Даша Чакурава і Паліна Шувалава. Вяла адкрыты ўрок Наталля Кузняцова, слухачка беларускага класа пры школе “Возрождение”. Такая школа, дарэчы, дзейнічае пры гарадскім аддзеле адукацыі, і дзякуючы ёй прадстаўнікі розных этнасаў, у тым ліку і беларусы, могуць вывучаць сваю мову, гісторыю, народныя звычаі, абрады.

Усе, пра каго гаварылі на ўроку ў Доме дружбы, родам з Беларусі, і ўсіх іх вецер ваеннага і пасляваеннага лёсу адарваў ад Бацькаўшчыны, занёс у Казахстан. Пра іх была публікацыя ў нумары “Голасу Радзімы” за 30 красавіка. У памяць пра зямлю бацькоў, з якой давялося развітацца, фальклёрны гурт “Крынічка” пад акампанімент музычнага кіраўніка Генадзя Кузьміна спяваў песні “Белый аист летит” і “Ой, Нёман…”( яна яшчэ называецца “Песня пра Нёман”). Маналог-успамін пра партызанскае дзяцінстве Марата Прышчэпчыка прачытаў Мацвей Сітнікаў. Марат Віктаравіч размяняў ужо дзявяты дзясятак гадоў, але бадзёры і актыўны, запявала ў гурце. Пасля маналогу ён сам выйшаў на сцэну, вядучая ўручыла ветэрану кветкі, падарунак.

Пра перажытае Антанінай Шчэмер расказала Даша Чакурава. Беларуска-паэтка Раіса Лушчаева запісала вершамі яе ваенныя ўспаміны, і калі прачытала — быў у зале гром апладысментаў. Слёзы блішчалі на вачах гледачоў і калі “Крынічка” спявала своеасаблівы рэквіем пра вялікія страты беларусаў на вайне. Далей вершы, прысвечаныя яшчэ адной беларусцы, Ніне Смельц, чытала Паліна Шувалава.  Усё жыццё Ніны Іванаўны звязана з музыкай, песняй. Яна, салістка гурта “Крынічка”, выканала песню гродзенскага кампазітара Марка Копа “Ты мне, мама, прабач”. А Ніне Прышчэпчык прысвячаўся маналог Аліны Закір’янавай.

Пад час адкрытага ўрока выкарыстоўваліся відэаматэрыялы, гучала песня “Сцяжыначка” ў выкананні трыа “Гармония”. На заканчэнне імпрэзы актывісты беларускай суполкі павіншавалі ўсіх з надыходзячым святам Перамогі, пажадалі ўсім мірнага, чыстага неба над галавой. І намесніца дырэктара школы “Возрождение” Гульжан Кудусава сказала цёплыя словы падзякі ўсім удзельнікам праекта за незабыўны ўрок памяці, уручыла вучням граматы.

Галіна Жампеісава,
дачка беларускага партызана, старшыня Усходне-Казахстанскага беларускага этнакультурнага аб’яднання
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter