Муж раз’юшыўся — сыдзі ў крызісны пакой

У Магілёўскім раёне жонка зможа сысці ад мужа ў крызісны пакой

У Магілёўскім раёне праблемы сямейнага насілля дапамагае вырашаць Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва

Хто з нас не быў сведкам сямейных сварак, хай сабе і завочна, якія часам перарастаюць у сямейныя драмы, спалучаныя з гвалтам. Хоць і не заўсёды, але заложнікамі гэтых «разборак» часцей за ўсё становяцца жанчыны і іх дзеці. Дзе ім схавацца ад сямейных «навальнічных хмар», пакуль сам тыран не ўсвядоміць свае паводзіны альбо міліцыя яму не растлумачыць, што сям’я — гэта не палігон для муштры блізкіх людзей. У Магілёўскім раёне выйсце з падобнай сітуацыі прапанаваў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які стварыў так званы крызісны пакой.

Як расказала карэспандэнту «Р» дырэктар цэнтра Таццяна Ражкова, падобная практыка цяпер актыўна ўкараняецца ва ўсіх раёнах Магілёўшчыны, прыгнечаныя мужам жонка і дзеці павінны знайсці надзейную абарону ў асобе дзяржавы. Дзе менавіта знаходзіцца крызісны пакой, а дакладней аднапакаёвая кватэра, органы сацыяльнай апекі не афішуюць, каб папярэдзіць з’яўленне там ўгневанага мужа. Калі ўзнікне такая неабходнасць, туды даставяць жанчыну супрацоўнікі райаддзела міліцыі, узгадніўшы свае дзеянні з прадстаўнікамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Пры фінансавай падтрымцы Магілёўскага райвыканкама, кіраўніцтва якога выдаткавала кватэру для добрых пачынанняў, тут створаны, лічы, хатнія бытавыя ўмовы.

Прыемна, што не засталіся ў баку і прадпрымальніцкія структуры, якія замянілі ў крызісным пакоі вонкавыя драўляныя дзверы на металічныя, падарылі кухонную мэблю, шторны камплект і нават ноўтбук.

Таццяна Трафімаўна распавядае, што жанчына і дзеці змогуць тут адчуваць сябе ў поўнай бяспецы і жыць за кошт бюджэтных сродкаў да 10 сутак. За гэты час міліцыя здолее наставіць мужа-тырана на праўдзівы шлях, а юрыст і псіхолаг акажуць пацярпелай неабходную маральна-прававую падтрымку, у тым ліку аформяць дакументы, складуць зварот у органы дзяржаўнага кіравання.

Іншае пытанне — стэрэатыпы жаночай псіхалогіі, звязаныя з прыродным цярпеннем і утойваннем сваіх сямейных нягод, не дазваляюць ім выносіць, як кажуць, смецце з хаты. Таму ўсе скандалы, нават з прымяненнем з боку мужа кулакоў, яны імкнуцца перажыць у сценах ўласнага жылля. Аднак вынікі работы Магілёўскага гарадскога крызіснага цэнтра сведчаць, што такія пакоі могуць стаць эфектыўным сродкам для разрадкі сямейнай напружанасці.

Па рашэнні кіраўніцтва цэнтра паслугамі крызіснага пакоя могуць часова скарыстацца і маладыя спецыялісты, якія прыбылі на працу ў Магілёўскі раён пасля заканчэння навучальных устаноў. Аднак у дадзеным выпадку яны павінны будуць пацвердзіць факт свайго сіроцтва або бязвыхаднай жыццёвай сітуацыі.

Па ўсіх пытаннях карыстання крызісным пакоем у Магілёўскім раёне, кажа Таццяна Ражкова, ахвяры сямейнага гвалту могуць навесці даведкі па тэлефонах псіхолага і загадчыцы аддзялення рэабілітацыі: (8-0222) 23-07-53; 22-10-11.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter