Мой Цёркiн. Канстанцiн Сiманаў здымаў пра яго фiльм “Iшоў салдат”, падпiсаў на памяць свае запiскi “Ад Халхiнгола да Берлiна”.

Ён адзiн з нямногiх салдат атрымаў аж тры ордэны Славы. “Цёркiн” — так празвалi Iвана Сцяпанавiча Шмею пасля вайны. Аднак яго ўжо няма з намi... На парад Перамогi замест прадеда пойдзе праўнук Мiкiта.

Мы дружылi з iм многа гадоў.
Аднойчы Iван Сцяпанавiч запрасiў мяне на вяселле свайго ўнука. Здзьмухнуў са старога баяна пыл, усмiхнуўся, штосьцi прыгадваючы:
— Ну, трымайся, карэспандэнт! — падмiргнуў з-за пляча, ды такога “рускага” паласнуў пад ногi, што не заўважыла, як выйшла ў круг... Салдат Цёркiн смяецца: “Я не так еще сыграл бы, жаль, что лучше не могу...”
Расказваў мне Iван Сцяпанавiч вельмi многа пра вайну на тым вяселлi:
— У сорак першым я толькi што выйшаў з дзесятага класа, спрытны быў, немцы iдуць, а я паспеў сесцi на веласiпед ды на старым клёне напiсаць ад сэрца: “Вярнуся!..”
...Усiх разведчыкаў было дванаццаць чалавек, а ён трынаццаты i пяты ў групе захопу. Iшлi звычайна ў самую цемру. Вярталiся такой жа парой, а днём спалi, быццам совы. I былi ўсе, як браты...
Пакуль група захопу працуе з “языком”, напагатове група прыкрыцця... крыху воддаль — група забеспячэння. Таму Коля Курбатаў адной рукой валачэ аглушанага немца, а другой падае сiгнал Iвану: гатова, дапамагай!.. Iван трохi ўзняўся i раптам адчуў, як маскхалат прашылi кулi... Забiты?.. Начная птушка ўскрыкнула... Жывы! Дабраўся да Колi, а той ляжыць нiцма...
...Калi б вярнулiся ўсе, упалi б на калматыя цёплыя лапы елак, падрыхтаваныя сябрамi, праспалi б, не варухнуўшыся, да новага загаду. Сёння ж не да сну...
“Трымайцеся”, — гаворыць Iван, а сам знаходзiць плоскi шырокi камень, бярэ з патухлага вогнiшча вугаль, рысуе эскiз... Дзiма Радзько на кукiшках побач чыркае запалкай. Астатнiя па чарзе шлiфуюць камянi, якiя ранiцай ужо стануць абелiскам... Iван налiвае з пляшкi ў конаўку, пускае па кругу балючыя сто грам...
— Зарабiлi па ордэну, хлопцы, — кажа ранiцай камандзiр.
— Гэта ж Колька, — выцiскае Iван...
Ордэны, канечне, прыйшлiся да гiмнасцёрак, а Кольку — пасмяротна...
Сцежка вядзе разведчыкаў у родныя мясцiны: Вiцебск, Лепель, Паставы... А наперадзе палаў лiтоўскi горад Тыльзiт: выбiвалi немцаў з крэпасцi... Захапiўся Iван наступам, праглядзеў ззаду фрыца. Пайшла рукапашная... Зусiм, як у Цёркiна: “Вместо тысяч бьются двое, точно схватка все решит”... Вытрымау Цёркiн!..
Расказваў мне Iван Сцяпанавiч, як пайшоў аднойчы паглядзець выстаўку маладога мастака аб вайне. Абурыўся!.. Сам франтавiк, таксама мастак, але не малюе яе... балюча ўспамiнаць...
— Вы нiчога не разумееце ў жывапiсе! — разануў аўтар.
— А ты — у вайне! — Iван Сцяпанавiч пакрыўдзiўся на тое, што не зразумелi яго разведку.
Зразумеў Канстанцiн Сiманаў, запрасiў да сябе ў Маскву, на здымкi фiльма “Iшоў салдат”. Абодва не адны боты за вайну стапталi. Разгаварылiся пра заваруху пад Магiлёвам, успомнiлi абарону Масквы, Сталiнграда, штурм Берлiна...
...Перад самым маiм ад’ездам з Дзяржынска Iван Сцяпанавiч збiраўся у школу, да дзетак. На карычневым новым пiнжаку гарэлi тры ордэны Славы. Апошнi, залаты, уручыў яму прама перад строем сам Ракасоўскi. “Генерал награду выдал, точно снял с груди своей...”
Перажываў, успамiны былi да слёз...
— Знаеш, Вольга, — сказаў мне. Я не ведала, што бачымся мы апошнi раз. — Толькi сёння, у Дзень Перамогi, як i ў сорак пятым, адчуваю адно: жывыя!
...Прыехала ў Дзяржынск некалькi дзён таму i не магла зразумець, як ён жыве без Цёркiна — простага салдата i разведчыка Вялiкай Айчыннай вайны Iвана Сцяпанавiча Шмеi. “Кому память, кому слава, кому темная вода — не приметы, ни следа”?! З жонкай яго Ганнай Юльянаўнай наплакалася...
Вось i зноў Дзень Перамогi! Колькi прыгожых маладых людзей у Дзяржынску... Як гэта няма Цёркiна? Вунь iх колькi... Дык ён жа за тое i ваяваў! Так што праўнук Мiкiта дастойна заменiць свайго прадзеда, майго Цёркiна, на парадзе!..

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter