Мой горад — мой гонар

Статус «Культурная сталіца Беларусі 2012 года» набыў Нясвіж

Статус «Культурная сталіца Беларусі 2012 года» набыў Нясвіж

Якімі толькі эпітэтамі не ўзнагароджана гэтае старадаўняе паселішча! Яго гісторыю фарміравалі асобы, імёны якіх і сёння працуюць на яго імідж, яго летапіс пісалі стагоддзі, пакідаючы на старонках факты і міфы, здагадкі, паданні і казкі... Сёння горад рыхтуецца да адкрыцця пасля рэстаўрацыі нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, і не так даўно ён жа абраны з ліку чатырох прэтэндэнтаў на званне культурнай сталіцы Беларусі 2012 года. Вось чаму менавіта ў наш час узрастае цікавасць да Нясвіжа, да яго гістарычнай спадчыны, да яго непаўторнасці і, калі хочаце, велічнасці.

Статус культурнай сталіцы падахвоціў мясцовыя ўлады распрацаваць каляндар культурных падзей, якія павінны быць ажыццёўлены на працягу будучага года. Як зазначыў намеснік старшыні Нясвіжскага райвыканкама Аляксандр Майсеня, менавіта ў рамках акцыі “Культурная сталіца Беларусі”, якая рэалізуецца па ініцыятыве Міністэрства культуры, ёсць магчымасць найбольш поўна раскрыць культурна-асветніцкі і турыстычны патэнцыял горада.

Прапановы райвыканкама ўтрымліваюць шмат цікавых і разнастайных мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду нашай культурнай самабытнасці, нашых традыцый, талентаў. Ужо ў студзені павінна адбыцца ўрачыстае адкрыццё акцыі і святочны канцэрт “Мой горад — мой гонар”. На люты запланаваны гастрольны тур па Міншчыне заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь — тэатра імя Уршулі Радзівіл Нясвіжскага раённага цэнтра культуры і адпачынку.

Зрэшты, ніводзін месяц на працягу года не пакінуты без культурна-відовішчнага мерапрыемства. Тут і народнае гулянне “Масленіца”, і гарадскі конкурс прыгажосці “Міс і містэр Нясвіж”, і абласное свята “Нясвіжскі фэст”, якое ахопіць таксама конкурс майстроў саломапляцення, а яшчэ аматараў інструментальнага мастацтва “Грай, гармонік”, фальклору.

Цыкл канцэртаў прадугледжвае ў горадзе Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь пад назвай “Вечары Вялікага тэатра ў Нясвіжскім замку”. Паводле сведчання Аляксандра Майсені, летась такія выступленні адбываліся прама ў двары замка, пад адкрытым небам, а ў якасці дэкарацый выкарыстоўваліся замкавыя сцены і яго падсветка. Уражанні застаюцца непаўторнымі. На такі ж эффект, калі не больш экспрэсіўны, варта спадзявацца і далей.

Багатым на падзеі можа быць верасень. Намячаецца акцыя “І словам, і справай народ бласлаўляе”, прысвечаная 450-годдзю выдання ў Нясвіжы Сымонам Будным першых друкаваных кніг на беларускай мове. У рамках акцыі адбудзецца адразу некалькі мерапрыемстваў: навукова-практычная канферэнцыя, выстава старадрукаваных выданняў з фондаў дзяржаўных музеяў вобласці, сустрэча з аўтарам помніка беларускаму першадрукару скульптарам Святланай Гарбуновай і інш.

Думаецца, не абысціся гораду ў гэты час і без гастрольнага “наплыву” артыстаў беларускай эстрады, без традыцыйнага свята мастацтваў “Музы Нясвіжа”, без тэатральных выступленняў і шмат чаго іншага, што яшчэ раз упрыгожыць яго высокі статус культурнай сталіцы Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter