Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага

Мову не адняло

З легендаў i казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,

З сузор`яў i сонечных цёплых праменняў

Ты выткана, дзiўная родная мова

Сёння ў свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання, садзейнічання прызнанню і выкарыстанню ў 1999 годзе рашэннем ЮНЕСКА быў абвешчаны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага.



У нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы. Але ў гэты дзень галоўным аб`ектам увагі становіцца мова тытульнай нацыі — беларуская. Эксперты лічаць, што сёння яна праяўляе даволі высокую ступень жыццёвасці, актыўна пранікае ў новыя, сучасныя сферы ўжытку, напрыклад у інтэрнэт-прастору, і гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. Але не адмаўляюць даследчыкі і тое, што існуе відавочная праблема з шырокім выкарыстаннем беларускай мовы ў паўсядзённасці. Для большасці грамадзян нашай краіны яна не з`яўляецца пастаянным сродкам зносін, а ў выніку звужаецца неабходнае для яе развіцця асяроддзе.

Мова жывая, пакуль на ёй гавораць. Дзень роднай мовы — нагода яшчэ раз задумацца пра лёс і будучыню той, якую мы завём нацыянальнай і матчынай.

Валодаць замежнымі мовамі сёння неабходна і прэстыжна: англійскай, нямецкай, французскай, кітайскай. А роднай? Калі шчыра, каштоўнасць гэтага скарбу ўсведамляюць нямногія. На жаль. Мову вывучаюць у школе, нядрэнна разумеюць, але мала хто свабодна на ёй гаворыць і ёю карыстаецца. Прычыны гэтага называюць розныя: не хачу, не ўмею, саромеюся, баюся быць незразумелым ці якія іншыя. А можа, варта проста памяняць свае адносіны да мовы, адважыцца і пачаць? Паспрабаваць хаця б на працягу аднаго дня, 21 лютага, гаварыць з калегамі, сябрамі, блізкімі на роднай мове. 

Мы пацікавіліся ў тых, хто заўсёды размаўляе і думае па-беларуску, як яны прыйшлі да матчынага слова. 

Павел ХАРЛАНЧУК-ЮЖАКОЎ, акцёр Купалаўскага тэатра:

— Са школы кепска ставіўся да беларускай мовы. Але недзе пасля 25 гадоў пачаў цікавіцца гісторыяй, хто мы і адкуль. І чым больш паглыбляўся, тым больш разумеў гістарычную несправядлівасць у адносінах да нашай мовы. З таго часу мая галоўная мова — беларуская. Я не адмаўляюся прынцыпова ад рускай, калі ёсць неабходнасць, магу ў размове перайсці, я не супраць іншых моў, але я — за мову беларускую і хачу, каб яе ўжытак пашыраўся. Мова — наш скарб, яна — першаснае з таго, што робіць нас нацыяй. Такое маё стаўленне. Па-беларуску мы размаўляем і ў сям`і. Жонка мяне падтрымлівае. Яна родам з Мурманска, але мову вывучыла і карыстаецца. Стараемся далучаць і дзяцей.

Кацярына МАСЭ, студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта, паэтэса:

— Уласна кажучы, не я загаварыла на беларускай мове — беларуская мова загаварыла ўва мне. Наогул, любое мастацтва грунтуецца на ўзаемадзеянні мастака з матэрыялам, любая паэтычная творчасць грунтуецца на ўзаемадзеянні паэта з мовай. Сам паэт пры гэтым добра ведае, хто тут гаспадар і хто каго выбірае. 

Калі ты мастак, ты ў першую чаргу служыш свайму матэрыялу і толькі потым — чалавецтву. І гэтае служэнне абагаўляе і занявольвае цябе адначасова. Мовы зацікаўлены ў паэтах як формах самаўвасаблення і актыўна змагаюцца за іх паміж сабою. Пераможца забірае сабе здабычу. У свой час я стала здабычай беларускай мовы і з тае пары пакорна служу ёй, бо яна заслужыла мяне. 

Патэнцыял мовы вызначаецца не колькасцю яе носьбітаў, а тым, наколькі поўнае выражэнне яна знаходзіць у індывідуальным акце творчага маўлення. Мова шукае паэта па свайму вобразу і падабенству. І год таму яна знайшла мяне. 

Дзяніс ФІЛІПЧЫК, гісторык, аспірант БДУ:

— Я заканчваў беларускамоўную школу ў горадзе Глыбокае. Усе мае блізкія, родныя, знаёмыя размаўлялі па-беларуску. Нехта называе гэтую гаворку трасянкай, нехта — мясцовым дыялектам, але пераважалі словы беларускія.

Ва ўніверсітэце на гістарычным факультэце, дзе вучыўся, у прынцыпе, лаяльна ставіліся да таго, на якой мове адказвае або здае іспыты студэнт. Ніякіх праблем тут не ўзнікала. З пошукам вучэбных матэрыялаў было іншы раз складана. Але і з гэтым можна пры жаданні справіцца. Наогул, лічу, калі чалавек захоча, ён будзе размаўляць па-беларуску ў любых умовах, было б жаданне. 

Родная мова ў маім паўсядзённым ужытку пастаянна. Праўда, калі працую экскурсаводам, даводзіцца пераходзіць на рускую. Я не супраць, але засмучае, што нашы суайчыннікі-турысты не хочуць слухаць па-беларуску і вельмі рэдка просяць экскурсіі на роднай мове.

Валерый ШМАТ, мастацкі кіраўнік арт-групы «Беларусы»:

— Мая малая радзіма — Налібокі на Стаўбцоўшчыне. Рос у асяроддзі, дзе мова з дзяцінства была ў школе, у сям`і. Прысутнічала яна вакол мяне і пасля, у час працы арганістам у касцёле. Я заўсёды цікавіўся беларускай паэзіяй, сам песні, вершы пісаў, рабіў вершаваныя пераклады, у тым ліку і рэлігійнага зместу, з іншых моў — нямецкай, латыні, польскай. З нямногімі, але было з кім пагаварыць на роднай мове, калі вучыўся ў кансерваторыі. Роднага слова я не цураўся, яго не губляў.

Калі са мной размаўляюць на рускай, спакойна на яе пераходжу. Як зручней людзям. Калі ж бачыш, што чалавек цябе разумее, яму прыемна слухаць па-беларуску, — дык калі ласка. Таму і канцэрты нашай арт-групы тут і нават у Прыбалтыцы ці Польшчы, калі ёсць суайчыннікі ў зале, вяду на беларускай мове, на ёй расказваю пра тыя ці іншыя творы. Дарэчы, у перакладзе на беларускую мы выконваем многія сусветныя хіты, і яна гучыць нароўні з замежнымі мовамі, вельмі прыгожа і ўзнёсла. Слухачам падабаецца параўноўваць тэксты, яны гэта цудоўна ўспрымаюць, дзякуюць і з вялікай павагай ставяцца да тых, хто валодае родным словам.

Дарэчы
Мінская гімназія № 23. Касандра ШАХАБ чытае вершы.



Даўней беларуская была адной з самых культурных усходнеславянскіх моў. У Вялікім Княстве Літоўскім на ёй пісаліся ўсе законы, вяліся ўсе суды, адбываліся соймы і іншае.

Мы, беларусы, маем багатае пісьменства, старэйшае за польскае і маскоўскае. 3 усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі раней за нас займелі надрукаваную Біблію на сваёй мове. Яна з`явілася ў 1488 годзе. А ў 1517-м — у Празе доктар лекарскіх навук Францыск Скарына з Полацка выдаў Біблію па-беларуску — першую друкаваную ўсходнеславянскую кнігу.

У тэму

Паводле вынікаў перапісу насельніцтва беларускую назвалі роднай мовай 53,2% жыхароў краіны — 5 мільёнаў 58 тысяч чалавек. Дома на ёй размаўляе 23% насельніцтва. Асноўнай мовай зносін 70% назвалі рускую.

Сярод беларусаў па нацыянальнасці 60% назвалі роднай моваю беларускую, дома ёю карыстаецца 30%.

У Беларусі пражываюць прадстаўнікі 140 нацыянальнасцей і народнасцей. З іх амаль 84% назвалі сябе беларусамі.

svirko@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter