Мова — не сувенiр

Наша мова займае 111-ы радок у рэйтынгу моў свету

Чаму так рэдка ў Год роднай зямлi можна пачуць родную мову?..

За процьмай лiчбаў уступнай кампанii гэтага года ўвага да адной з iх была, мне здаецца, недаравальна слабай. Усё менш становiцца абiтурыентаў, якiя хацелi б (i маглi!) здаваць iспыты на беларускай мове. Усяго толькi дзесяць працэнтаў юнакоў i дзяўчат у гэтым годзе пажадалi беларускамоўныя экзаменацыйныя матэрыялы па профiльных прадметах. Скарачаецца колькасць i тых, хто пры выбары абавязковага моўнага тэсцiравання аддае перавагу роднаму слову. Сёлета руская мова «перадужала» нацыянальную амаль на 43 000 чалавекатэстаў…

Сiтуацыя супярэчлiвая. У краiне 1 979 беларускамоўных школ, цi 53,9% ад усёй колькасцi агульнаадукацыйных устаноў. Кожны прадмет у гэтых школах выкладаецца на роднай мове, i ў асноўным гэта сельскiя ўстановы адукацыi. Тэрытарыяльнае раўнапраўе, а нярэдка нават перавага абiтурыентаў з сяла над гарадскiмi выпускнiкамi цяпер вiдавочныя. Чаму ж тады выбар памiж беларускiм i рускiм тэстам схiляецца ў бок апошняга?

Тэма вечная i бясконцая, як сусвет. Яшчэ Пiмен Панчанка ў 1964 годзе пiсаў у роспачы: «Кажуць, мова мая аджывае век свой цiхi: ёй знiкнуць пара… «Столькi гадоў прайшло, а балючы прагноз класiка не спраўдзiўся, хаця моўная праблема для беларусаў i сённяшнiм днём актуальная. Нiчога не маю супраць прыгожай i багатай рускай гаворкi, гэта мова i маiх паўсядзённых зносiн з сям’ёй, сябрамi, калегамi, але ж чаму так мала месца ў iншых сферах дзейнасцi нашага грамадства ўдзяляецца „галоўнаму фактару нацыянальнай самаiдэнтыфiкацыi, асноўнай адзiнцы этнiчнага адрознення“, якой з’яўляецца мова? …

Нехта адзначыў, што галоўнае для грамадства не тое, як часта яго прадстаўнiкi карыстаюцца родным словам, а стаўленне людзей да мовы, павага i шанаванне яе. Ёсць рацыя ў такiм меркаваннi. I ўсё ж, на мой погляд, гэта самая павага ў большасцi з нас, беларусаў, прысутнiчае. Хтосьцi скажа, што родную мову ў нас можна пачуць хiба толькi ў грамадскiм транспарце, прыпынкi якога аб’яўляюцца па-беларуску, i ўбачыць на шыльдзе, а яно, сакавiтае i непаўторнае наша слова, пранiкла значна глыбей: у духоўнае жыццё грамадства. Схадзiце ў тэатр. Пастаноўкi па п’есах Мальера i Шэкспiра, Макаёнка i Караткевiча вы зможаце пачуць на беларускай мове, i, можа, толькi на беларускай…

Далей — болей. Нованазначаны мiнiстр культуры Павел Латушка не так даўно паабяцаў, што яго ведамства стане прыкладам усiм астатнiм у кiрунку павышэння статуса нацыянальнай мовы. У хуткiм часе ўсё справаводства ў Мiнкультуры будзе весцiся па-беларуску. «Мы павiнны паступова прыходзiць да таго, каб беларуская мова стала адзiнай мовай стасункаў, але рэвалюцыйна такiя пытаннi не рашаюцца»,— адзначыў мiнiстр.

Сапраўды, для таго, каб родная мова не перайшла для нацыi ў разрад сувенiраў, сваiм словам трэба карыстацца, а нас, беларусаў, да гэтага трэба, вiдаць, стымуляваць. Гэты год аб’яўлены ў краiне Годам роднай зямлi. Цi не стымул гэта для кожнага дастаць кнiжачку каго-небудзь з бессмяротных беларускiх класiкаў цi схадзiць у тэатр на «Дзiкае паляванне караля Стаха» i яшчэ раз пачуць адметнае слова Караткевiча, а потым i самому скарыстацца iм? … Мова ж наша, паводле прызнання Французскай акадэмii навук, займае 111-ы радок з 350 у рэйтынгу пiсьмовых моў свету. Не самы дрэнны паказчык, да таго ж на свеце тры з паловай тысячы моў, большасць з якiх не маюць нi пiсьмовасцi, нi, зразумела, дзяржаўнага статуса.

Яшчэ нямецкi мовазнавец i вучоны Гумбальд у сваiм трактаце 1836 года «Аб адрозненнi ў будове чалавечай мовы i яе ўплыве на духоўнае развiццё чалавечага роду» даказваў непарыўную сувязь памiж светапоглядам грамадства, якi фармiруецца таксама з мовы, i ўзроўнем… эканамiчнага развiцця нацыi. Светапогляд вызначае той цi iншы спосаб падзялення працы ў грамадстве. Пазней вучоны Марцiн Хайдэгер назваў мову «домам чалавечага быцця».

Нi ў якi час нiхто не адмаўляў уплыў формы, з дапамогай якой мы выражаем свае думкi, пачуццi, на светаадчуванне чалавека. Мова — гэта больш, чым проста гукi, словы, фразы. Лiчыцца, што яны заўсёды маюць яшчэ i матэрыяльнае ўвасабленне. Дзяржаўныя мовы ў нас дзве, нацыянальная — адна. Трэба помнiць пра гэта.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter