Ураджэнец вёскі Камаі з Пастаўшчыны, татарын па крыві ды мусульманін па веравызнанні Якуб Якубоўскі размаўляў па-беларуску сам, далучаў да беларускай культуры сваіх супляменнікаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў

Моцныя, калі разам

Ураджэнец вёскі Камаі з Пастаўшчыны, татарын па крыві ды мусульманін па веравызнанні Якуб Якубоўскі размаўляў па-беларуску сам, далучаў да беларускай культуры сваіх супляменнікаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў


Прэзентацыя кнігі — гэта і вечарына памяці Я. Якубоўскага
Фото: Кацярына МЯДЗВЕДСКАЯ

Нагода згадаць пра чалавека адукаванага, высокакультурнага была важная: у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі прэзентавалася кніга “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі”. Прысвечана яна гісторыку, філолагу, энцыклапедысту, стваральніку першага (на беларускай мове!) часопіса для беларускіх татараў “Байрам” Якубу Якубоўскаму. Тэлежурналіст Алесь Матафонаў згадаў, як захапіла яго калісь праца над перадачай пра беларускіх татараў. “Замест аднаго запланаванага выпуску выйшлі аж чатыры серыі перадачы “Лабірынты”: так шмат было цікавага! — казаў Алесь. — Асобная старонка прысвячалася Якубу Якубоўскаму, неардынарнаму чалавеку, які шмат рабіў на карысць нацыянальна-культурнага адраджэння беларускіх татараў”.

Менавіта Якубоўскаму належаць афарыстычныя і ў той час простыя словы: “Нас з беларусамі дзесяць мільёнаў!”. Гэта — у адказ на нейчае паблажлівае пытанне: “Ну колькі ж вас, татараў, — нейкая жменька?”. Быццам жарт, але яго часта згадваюць беларускія татары. І на прэзентацыі ўдава вучонага Таццяна Якубоўская казала: “Афарызм гэты актуальны сёння. Бо ў ім глыбокі сэнс — наша еднасць, наша сіла, наша вера ў тое, што мы не прападзем, бо мы — разам”.

Загалоўкам кнігі сталі радкі з гімна беларускіх татараў “Мы з Іманам жывём на зямлі Беларусі”, словы якога напісаў Якуб Якубоўскі. Аўтарамі-ўкладальнікамі выдання сталі філогаг, краязнаўца Іван Драўніцкі ды ўдава навукоўца Таццяна Якубоўская. У кнізе сабраны нарысы пра родныя мясціны, дзяцінства, сям’ю Якуба Адамавіча, яго асабістыя артыкулы і нататкі, інтэрв’ю. Там жа — успаміны людзей, з якімі ён працаваў, з кім сябраваў.

Дарэчы, многія з аўтараў былі на імпрэзе. Доктар гістарычных навук Леанід Лыч расказваў, як ствараў Якуб Адамавіч часопіс “Байрам”, пра дзейнасць суполкі “Аль-Кітаб”. Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі дзяліўся ўспамінамі пра сумесную працу з Якубам і Таццянай Якубоўскімі ў рэдакцыі “Беларускай энцыклапедыі”. Паэт Яўген Гучок адзначаў: Якуб Адамавіч быў чалавек сціплы, добразычлівы, з пачуццё гумару. Краязнавец Іван Драўніцкі, зямляк і сябар дзяцінства Якуба Якубоўскага, расказаў пра родныя мясціны — вёску Камаі на Пастаўшчыне, дзяліўся ўспамінамі пра дзіцячыя, школьныя гады. Спадарыня Таццяна гаварыла, як ішла праца над кнігай, падзякавала ўсім, хто меў дачыненне да яе стварэння і выхаду ў свет.

Была на прэзентацыі прыгожая моладзь. Сябра суполкі “Аль-Кітаб” Зарына Канапацкая гаварыла: памяць пра Якуба Якубоўскага будзе жыць, а справа беларуска-татарскага культурнага адраджэння, распачатая ім, працягваецца. Былі паказаны дакументальны фільм пра спадара Якуба, апошняе відэаінтэрв’ю з ім. У чытальнай зале рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі працавала выстава “Здабыткі Якуба Якубоўскага”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter