Моцная плынь часапісу

Гісторыя гэтых старажытных мясцін цесна звязана з ракой Заходняй Дзвіной. Нават у паходжанні назвы — Бешанковічы — лёс вызначыў гэтую адвечную повязь горада і ракі. “Бешань” — моцная плынь пасярэдзіне ракі. На сучасным гербе гарадскога пасёлка — чырвоная ладдзя, нагружаная залатым таварам. Так-так, гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі” абавязкова праходзіў тут. А форма ладдзі ўзята з радавога графскага герба Храптовічаў — Буценьевых. У XVII стагоддзі ў Бешанковічах была пабудавана буйнейшая на Заходняй Дзвіне прыстань. Тут праходзіў самы вялікі на Беларусі кірмаш.

Гісторыя гэтых старажытных мясцін цесна звязана з ракой Заходняй Дзвіной. Нават у паходжанні назвы — Бешанковічы — лёс вызначыў гэтую адвечную повязь горада і ракі. “Бешань” — моцная плынь пасярэдзіне ракі. На сучасным гербе гарадскога пасёлка — чырвоная ладдзя, нагружаная залатым таварам. Так-так, гандлёвы шлях “з варагаў у грэкі” абавязкова праходзіў тут. А форма ладдзі ўзята з радавога графскага герба Храптовічаў — Буценьевых. У XVII стагоддзі ў Бешанковічах была пабудавана буйнейшая на Заходняй Дзвіне прыстань. Тут праходзіў самы вялікі на Беларусі кірмаш.

Сёння на тэрыторыі раёна пражывае 21,8 тысячы чалавек, а ў самім гарадку Бешанковічы — крыху больш за восем тысяч.

Палац вялікіх гістарычных падзей

У Бешанковічах, на тэрыторыі былога палацава-паркавага комплексу, які ў розныя часы належаў князям Агінскім і графам Храптовічам, расце велізарны дуб, ствол якога і ўчатырох не абхопіш. Існуе паданне, што быццам пад ім сядзеў сам Напалеон падчас нашэсця на Расію.
Першыя звесткі пра легендарную Бешанковіцкую сядзібу звязаны з імем Пятра І, які ў 1708 спыняўся тут падчас Паўночнай вайны. Сам жа мураваны палац быў пабудаваны ў 1770-я гады, у стылі ранняга класіцызму на ўзор гарадскога асабняка з трохвугольным франтонам і балконам з ажурнай агароджай. Старажытны парк плошчай 20 гектараў тэрасамі спускаўся да Заходняй Дзвіны. Пазней ён быў рэканструяваны ў пейзажны, англійскі. На сёння тут засталіся рэдкія пасадкі дубоў і дзве сажалкі.
Уладальнік палаца — Іахім Храптовіч (4.1.1729 — 4.3.1812) быў прадстаўніком магнацкага роду на Беларусі, маршалак галоўнага трыбунала Вялікага княства Літоўскага, з 1791-га — міністр замежных спраў, з 1793-га — канцлер ВКЛ.
12 ліпеня 1812 года ў Бешанковічы прыбылі імператар Напалеон Банапарт і неапалітанскі кароль Мюрат. Некалькі дзён тут быў штаб імператара.

Восем Герояў Узрэчча

Ці ведаеце вы месца, дзе былі пахаваны адразу восем Герояў Савецкага Саюза?
Гавораць, нідзе на постсавецкай прасторы няма такога шматлікага пахавання воінаў-вызваліцеляў — Герояў, як у брацкай магіле мемарыяльнага комплексу “Узрэчча”.
Сёння Узрэчча — невялічкая вёсачка на беразе Заходняй Дзвіны. У чэрвені 1944 года пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны падчас наступальнай аперацыі Савецкая Армія несла значныя страты. Першай фарсіравала раку рота камандзіра Івана Мартынава. 20-гадовы герой да вайны працаваў трактарыстам у Тамбоўскай вобласці. У час наступлення 23—24 чэрвеня ён замяніў камандзіра роты і двойчы падымаў байцоў у атаку. Памёр ад ран 25 чэрвеня 1944 года. Адным з першых пераправіўся цераз Заходнюю Дзвіну кіргіз Джумаш Асаналіеў. Яму быў усяго 21 год, застаўся адзін з кулямётнага разліку, адбіваў контратакі, пакуль не скончыліся патроны і гранаты. Апошняй падарваў сябе разам з ворагамі. Старшы лейтэнант Іван Бірукоў захапіў плацдарм ворага і адбіў 10 контратак праціўніка, загінуў у баі 25 чэрвеня. Рота кулямётчыкаў старшыні Мікалая Дароўскага пасля пераправы суткі адбівала націск фашыстаў. Старшыня загінуў у баі 25 чэрвеня. Анатоль Звераў (да вайны быў настаўнікам) прабраўся да варожых траншэй і закідаў іх гранатамі, загінуў. Гвардыі капітан Іван Плякін прайшоў вайну з чэрвеня 1941-га. Загінуў у баі 25 чэрвеня 1944-га. У гэтым жа баі загінуў і кулямётчык старшы лейтэнант Уладзімір Салончанка. Сапёру Міхаілу Хваткову было ўсяго 18 год. На плыце цераз Заходнюю Дзвіну пад варожым агнём за суткі пераправіў 60 байцоў, 30 скрыняў з боепрыпасамі. Загінуў у час пераправы.
Больш як тры тысячы салдат і афіцэраў паляглі на палях бітваў пры вызваленні Бешанковіцкага раёна. Сярод іх 24 Героі Савецкага Саюза, восем з якіх пахаваны на высокім беразе ракі ў брацкай магіле Узрэчча.

Свята-Ільінская царква — дамінанта сучасных Бешанковічаў

У 1447 годзе кароль Казімір загадаў пабудаваць на Беларусі шэсць цэркваў у імя святога прарока Ільі. Як сведчаць гістарычныя хронікі, загад быў аддадзены ў памяць выратавання жонкі Казіміра каралевы Елізаветы ў 20-ы дзень ліпеня ад патаплення. З гэтым загадам і звязаны першы ўспамін пра Бешанковічы, дзе сёння ў самым цэнтры горада на беразе Заходняй Дзвіны ўзвышаюцца купалы Свята-Ільінскай царквы. Калісьці ў царкве захоўваліся старажытныя абразы прарока Ільі і Божай Маці, якія адносіліся да канца ХVII — пачатку XVIII стагоддзя. Але лёс абразоў невядомы, бо храм неаднойчы згараў дашчэнту. У 1870 годзе быў узведзены мураваны будынак у рэтраспектыўна-рускім стылі. З пампезнай манументальнасцю ўпрыгожваюць сёння горад яго пяць купалаў і квадратныя вежы-званіцы.
— У часы атэізму мураваны храм цярпеў ад пажараў, — расказвае благачынны Бешанковіцкага благачыння айцец Віталь Кісель. — Як прыгадваюць старажылы, было гэта і ў 1917-м, і перад Другой сусветнай вайной. Але зараз царква цудоўным чынам адноўлена. Унутры храма ўсе сцены распісаны мастакамі — іканапісцамі Віцебска-Аршанскай епархіі.
Царква з’яўляецца адзіным на Віцебшчыне трохпрастольным праваслаўным храмам.

Венера Асавецкая

Пра тое, як першабытны чалавек ствараў прадметы культуры і мастацтва, сведчаць археалагічныя раскопкі на ўзбярэжжы ракі Крывінкі каля вёскі Асавец.
Стаянкі першабытнага чалавека эпохі неаліту і бронзы былі знойдзены беларускім археолагам М.М.Чарняўскім. Размешчаны яны ля вёскі Асавец Верхнякрывінскага сельсавета. На плошчы ў некалькі квадратных кіламетраў знаходзіцца адзін з найбольшых у Беларусі культурных пластоў каменнага веку таўшчынёй да паўтара метра.
Тэрыторыя сучаснага Бешанковіцкага раёна была заселена людзьмі ў эпоху мезаліту (9—5-е тысячагоддзі да н.э.). Сёння ў Бешанковіцкім краязнаўчым музеі экспануюцца каралі з іклаў дзікіх жывёлін, касцяныя нажы, аздабленні з бурштыну, крамянёвыя наканечнікі да стрэл, абломак рога старажытнага лася, гліняны посуд і бівень маманта, знойдзены пры раскопках у 1969 годзе ва ўрочышчы Асавец-2.
Але сапраўдным адкрыццем археолагаў сталі знойдзеныя дзве фігуркі: касцяная і драўляная. Магчыма, гэта міфічныя героі або духі. Так ці інакш, у школьных падручніках па гісторыі Беларусі старажытную скульптуру называюць Венерай Асавецкай за ўзор прыгажосці і захаванасці.

Бачэйкава

Сучаснікі прыгадваюць, як у 1988 годзе радавы маёнтак Бачэйкава наведаў пажылы жыхар Лондана Анджэй Цеханавецкі. Англічанін з беларускімі каранямі расказаў, што ад бацькоў неаднойчы чуў успаміны пра стары Бачэйкаўскі замак.
Менавіта з уплывовым беларуска-польскім родам Цеханавецкіх звязаны былы росквіт і дабрабыт гэтага месца.
У 1605 годзе маёнтак Бачэйкава Цеханавецкія ўзялі ў арэнду. Генерал-ад’ютант сакратар польскага пасольства ў Пецярбургу Восіп Цеханавецкі пабудаваў палац па праекту італьянскага архітэктара. Вакол палаца заклалі вялікі парк на ўзор французскіх. З 1847-га ў Бачэйкава з-за мяжы прыехаў Павел Цеханавецкі, ён адправіў многіх мясцовых жыхароў вучыцца рамёствам у розныя гарады і краіны. Такім чынам, у Бачэйкаве працавалі фабрыка суконных вырабаў, чарапічны, ганчарны, піваварны заводы. А сама вёска называлася горадам.
Гісторыкі лічаць парк, закладзены ў 1769 годзе, гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі, бо ён з’яўляецца адзіным у краіне паркам французскага тыпу з сіметрычна-асявой планіроўкай. Рэшткі палаца адносяць да класічнага ўзору заможнай шляхецкай сядзібы.

Генерал Даватар: кавалерыя, наперад!

Ён нарадзіўся 20 лютага 1903 года ў вёсцы Хоціна Бешанковіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Любіў літаратуру, захапляўся маляваннем і фотасправай. Выдатна скончыў Ваенную акадэмію імя Фрунзе. Да вайны неаднаразова прыязджаў у Хоціна з сям’ёй.
З чэрвеня 1941 года камандаваў асобнай кавалерыйскай групай на Заходнім фронце. У жніўні—верасні яго кавалерысты зрабілі глыбокі рэйд у тыл праціўніка ў Смаленскай вобласці. Воіны прайшлі з баямі каля 1000 кіламетраў! З лістапада Даватар камандаваў корпусам, які вёў абарону Масквы праз контрнаступленні і рэйды па тылах ворага.
Мужны камандзір загінуў у баі ў марозным снежні 1941-га каля вёскі Палашкіна пад Масквой. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.  На малой радзіме Льва Міхайлавіча помнікі яму пастаўлены на шашы Лепель — Ула каля вёскі Хоціна і ў пасёлку Ула.

Леў Сапега — гонар Айчыны

У 1557 годзе ў вёсцы Астроўна  нарадзіўся будучы канцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега.
Шасцігадовага хлопчыка бацькі аддалі ў Нясвіжскую школу, якую адкрылі князі Радзівілы. У 13 год стаў студэнтам Лейпцыгскага універсітэта ў Германіі. Вярнуўшыся на радзіму, пайшоў на службу да караля Стэфана Баторыя. Выдатная памяць, веданне законаў, асабістая мужнасць дапамаглі маладому чалавеку зрабіць выдатную кар’еру: больш за 30 год Леў Сапега быў вялікім канцлерам, другім чалавекам у дзяржаве пасля караля. Ён разумеў, што магутнасць краіны ў яе мудрых законах. У 1588 годзе быў выдадзены Статут, дзе былі сабраны ўсе законы ВКЛ. Калі на краіну напалі шведы, вялікі гетман і яго сын Ян аддалі на барацьбу з ворагам усё сваё багацце.
Пра былыя ўладанні Сапегаў у Астроўне зараз нагадваюць муры дамініканскага манастыра. Удзячныя нашчадкі праводзяць навуковыя чытанні ў гонар знакамітага земляка, а каля Дома культуры ўстаноўлены памятны валун з надпісам: “Тут, у мястэчку Астроўна, 4. IV. 1557 нарадзіўся Леў Сапега, выдатны дзяржаўны і грамадскі дзеяч Вялікага княства Літоўскага”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter