Моц каранёў

У Брэсце рэалізуецца адукацыйна-культурны праект «Бацькі.BY»

У Брэсце рэалізуецца ўнікальны адукацыйна-культурны праект «Бацькі.BY»

Педагогіка як навука налічвае тысячы гадоў. І было б, прынамсі, дзівацтвам адмаўляцца ад яе старажытных дасягненняў нават сёння, калі, здавалася б, усё магчымае ўжо прыдумана. Менавіта гэтым прынцыпам — уключэння практык народнай педагогікі — кіруецца ў сваёй дзейнасці цікавы брэсцкі праект «Бацькі.BY». Аб ім карэспандэнту «Р» расказала каардынатар праекта, кіраўнік і ўдзельнік Вольга КРУСЬ.

— Што цікава, «Бацькі.BY» нарадзілі¬ся з маёй магістарскай працы, калі я вучылася ў Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна, — расказвае Вольга. — У ёй я разглядала практыкі беларускай народнай педагогікі і прыйшла да высновы, што нашы продкі не падзялялі працэсы выхавання, развіцця і навучання. Усе яны зліліся ў адным працэсе, які складваўся з мовы, прыроды, фальклору і рэлігіі.

Менавіта на гэтых чатырох «кітах» «Бацькі.BY» і спрабуюць сёння аднавіць народную традыцыю выхавання дзетак. А недахоп яго, паводле слоў Вольгі, добра адчуваецца. Як толькі малады педагог пачала працу ва ўніверсітэце, яна заўважыла: моладзь не толькі не практыкуе нацыянальныя традыцыі, але і папросту не ведае іх. У той час як менавіта яны — той падмурак, без якога немагчыма існаванне этнасу.

— У нашай мове, фальклоры і з’яднаных з рэлігійнымі святамі традыцыях хаваецца тое, што ў навуцы называецца этнакультурным базісам, — тлумачыць Вольга. — І вельмі прыкра, што гэтая наша адметнасць і, можна нават сказаць, брэнд з часам губляюцца.

Зрэшты, сцвярджае Вольга, нават этнакультурны базіс без сям’і — нішто.

— Шмат хто гаворыць, што нацыя памрэ без мовы, — адзначае яна, — але я ўпэўнена, што смерць яе пачынаецца з занядбання інстытута сям’і. Бо толькі ў ёй дзіця вучыцца размаўляць і пераймаць традыцыі. А на якой мове гэта адбываецца — рэч другасная. Таму для ўдзельнікаў «Бацькоў» веданне беларускай мовы не абавязковае. Некаторым здаецца, што сітуацыя з нашай мовай катастрафічная, а я не бачу нічога страшнага. Гэта наш шлях, і мы павінны яго прайсці. А калі ён непадобны да іншых, то што ж… Гэта наша адметная дарога!

Летась «Бацькі.BY» ладзілі ў асноўным трэнінгі на самыя розныя тэмы: «Я жыву ў Беларусі», «Я — частка роду», «Народныя святы» і шмат іншых. Сёлета арганізатары вырашылі падысці да праекта крыху інакш. Для тых, хто на працягу мінулага года наведваў заняткі, быў праведзены адмысловы двухдзённы трэнінг, пасля якога былыя «навучэнцы» самі станавіліся «выкладчыкамі». Вольга тлумачыць гэта жаданнем глыбей «пусціць карані», каб тыя, хто валодае ведамі, маглі перадаваць іх у свае сем’і, калектывы.

Але адукацыйнымі мерапрыемствамі «Бацькі.BY» не абмяжоўваюцца. Праект — гэта таксама канцэрты, вандроўкі па знакамітых беларускіх мясцінах, адзначэнне народных свят з правядзеннем старажытных абрадаў.

— Дарэчы, мы займаемся не рэканструкцыяй абрадаў, — падкрэслі¬вае Вольга, — а стараемся ўкласці ў іх менавіта той сэнс і інтэлектуальную насычанасць, якія былі закла¬дзены ў старажытнасці. Таму на святы прыходзяць людзі ў красоўках, а ў вышыванках і нацыянальных строях толькі тыя, хто іх мае і каму так зручней. Вонкавы бок не так важны, як можа падацца. Куды больш важна, каб чалавек разумеў, навошта ён прыходзіць, і ўдзельнічаў у свяце, а не назіраў за тэатральнай пастаноўкай.

Вольга ў сваёй дзейнасці кіруецца адным важным прынцыпам, які выказаў выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта і аўтар кнігі «Палеская народная педагогіка» Сафроній Жлоба: «Уявіце сабе хату з саламянай страхой. Салома спарахнела, яе накрылі шыферам. Шыфер стаў непрыдатны, яго замянілі на чарапіцу. Але дах — гэта толькі дах. Важнейшае — тое, што адбываецца ў хаце». Менавіта адсюль гэтае дбанне аб змесце, а не аб прыгожай форме.

Да ініцыятывы Вольгі і яе сяброў з разуменнем ставяцца і ва ўніверсітэце, дзе яна працуе. Арганізатар «Бацькоў» адзначае, што ўстанова заўсёды ідзе насустрач, калі гаворка ідзе аб памяшканні для імпрэз, апаратуры ці вандроўках.

— Асабліва хачу адзначыць метадычную дапамогу педагогаў майго ўніверсітэта, — гаворыць Вольга. — Дзякуючы ёй у «Бацькоў» нараджаюцца новыя формы ўзаемадзеяння і адукацыі. Хутка плануем правесці два асобныя трэнінгі — для бацькоў і для дзетак. Паедзем у дзіцячы дом, куды прыяз¬джаем штогод. Некалькі дзён таму «Бацькі.BY» вярнуліся з вандроўкі па Палессі…

Прыкладам «Бацькоў» натхняюцца не толькі брэстаўчане і Брэстчына. Паводле слоў Вольгі, хутка падобны праект з’явіцца ў Маладзечне. А ў перспектыве — у іншых буйных беларускіх гарадах.

— Не трэба рабіць з беларускасці «свяшчэнную карову». Яна павінна стаць мэйнстрымам, — гаворыць Вольга, — і нават, не пабаюся гэтага слова, папсой. І падставы для гэтага ёсць, бо 90 працэнтаў удзельнікаў — студэнцкая моладзь. А для каго, як не для маладых, важна звяртацца да каранёў, каб жывіцца моцай продкаў, каб перадаць яе наступным пакаленням? 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter