У нашай краіне шмат крынiц. Церабяжоўская — адна з найпрыгажэйшых

Моц гаючай вады

У вёсках Нiжнi i Верхнi Церабяжоў Столiнскага раёна, на самым памежжы Беларусi з Украiнай, спраўляецца “Пераплаўная Серада”. Яна прыпадае на сярэдзiну прамежку ад праваслаўнага Вялiкадня да свята Тройцы. У гэты дзень адбываюцца хросны ход i асвячэнне крынiцы — такога на беларускіх абшарах вы больш нідзе не ўбачыце.


Пасля ранішняга набажэнства ў ніжнецерабяжоўскай царкве вернікі-паломнiкi накіроўваюцца з харугвамі за вёску ў забалочаны лясок, каб там уславіць “перапалавінне” Пяцідзясятніцы. Ніхто з жыхароў дакладна не ведае, калі пачалася гэтая паломніцкая традыцыя, хто яе заснавальнік, якая прычына прымусіла ісці з малітвамі да вады, спяваць разам з усімі:

Хрыстос васкрэсе,

Смерцю смерць папраўшы,

І сушчэ ва гробе

Жывот дараваўшы...

— Гэтай крынічаньцы болей за сто гадоў, нашы дзяды і тыя не помнiлi, калi яна тут з’явiлася, — прызнаюцца паломнікі, шкадуючы, што ніколі не вялася хроніка гэтага абраду. — Магчыма, ад таго часу, калі вада стала праяўляць свае гаючыя ўласцівасці, калі пачалі адбывацца цуды выздараўлення.

 
Фота аўтара

 
Крынiц у гэтых наваколлях было некалькi, але самай ушанаванай стала крынiца “На Заполлi”. Тутэйшыя людзі спрадвеку лiчаць яе ваду лячэбнай, i нiхто не чэрпае яе без малiтвы, без ахвяраванняў. Гэткай ахвярай могуць быць манетка, лясныя кветкі, кавалачак хлеба, яблычак, жменька сунiц цi журавін — побач якраз журавінавае балота. Цяпер у слоiку са свечкай ляжаць беларускiя грошы, а на крыжы заўсёды з’яўляюцца новыя каляровыя стужкi — iх павязваюць як сiмвал звароту да Бога па здароўе сабе і сваім родным. Гэтак было заўсёды — дайшоўшы па хiсткай кладачцы да крынiцы, жанчыны пачынаюць дружна абвязваць каляровымі стужкамi крыж і дрэвы.

У атэiстычныя часы да крыніцы прыходзiлi ўпотай, баючыся ганенняў. Урачыстага выгляду ў гэтага сакральнага куточка тады не было, але ўсё роўна гэтае месца заставалася “народным”. І тады з’яўлялiся стужкi i ручнiкi, абразкі, свечкі. З “адлiгаю” да рэлiгii крынiца была добраўпарадкавана, паўстаў новы крыж, з’явіўся шацёр. Аздоблена, узята ў драўляны зруб і сама крыніца. Даглядаць яе дапамагаюць церабяжоўскія леснікі.

Максім Вечар

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter