“Мост дружбы” па-цюменску

Беларусы Заходняй Сібіры шануюць дом, у якім жывуць, але не забываюць і родныя бацькоўскія хатыУ Цюмені штогод праходзіць абласны фестываль нацыянальных культур “Мост дружбы”, які ўключае ў сябе і конкурсныя спаборніцтвы творчых калектываў, і ўладкаванне нацыянальных падворкаў на цэнтральнай плошчы горада. Прычым у тых творчых спаборніцтвах беларусы, як правіла, аказваюцца ў ліку лепшых. Сёлета “Мост дружбы” будавалі 24 нацыянальныя грамадскія аб’яднанні, больш за тысячу чалавек прыбылі з 22-х муніцыпальных утварэнняў рэгіёну. І нашы суайчыннікі выдатна папрацавалі: падворак беларусаў і выступленне фальклорных гуртоў высока ацэнены журы: у нашых — другое месца.
Беларусы Заходняй Сібіры шануюць дом, у якім жывуць, але не забываюць і родныя бацькоўскія хаты

Беларускі каларыт на фестывалі нацыянальных культур у ЦюменіУ Цюмені штогод праходзіць абласны фестываль нацыянальных культур “Мост дружбы”, які ўключае ў сябе і конкурсныя спаборніцтвы творчых калектываў, і ўладкаванне нацыянальных падворкаў на цэнтральнай плошчы горада. Прычым у тых творчых спаборніцтвах беларусы, як правіла, аказваюцца ў ліку лепшых. Сёлета “Мост дружбы” будавалі 24 нацыянальныя грамадскія аб’яднанні, больш за тысячу чалавек прыбылі з 22-х муніцыпальных утварэнняў рэгіёну. І нашы суайчыннікі выдатна папрацавалі: падворак беларусаў і выступленне фальклорных гуртоў высока ацэнены журы: у нашых — другое месца.
Людміла Татарынцава пераўтварыла падручнікі ў старадаўнія кнігіВядома ж, хацелася б і першае! Ды старшыня Цюменскай абласной грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурнае таварыства “Аўтаномія Беларусь”, памочнік Ганаровага консула Рэспублікі Беларусь у Цюмені Сяргей Яфімчык і начальнік аддзела беларускай культуры Марыя Піскун фестывалем засталіся задаволеныя. Яны добра ведаюць, як старанна ўсе разам беларусы папрацавалі, і гэта вельмі здорава. Праўда, вялізная арганізацыйная работа для многіх застаецца “за кадрам”. Нам жа, гледачам, беларусы шчодра дарылі ўсмешкі, добры настрой, гасцінна запрашаючы да багатага на пачастункі застолля: паспрабаваць можна было залацістыя дранікі, калдуны, халадзец і нават боршч-халаднік. “У спякоту — самае тое!” — падказвалі гаспадыні, нахвальваючы беларускія нацыянальныя стравы. А надвор’е ж у Цюмені і сапраўды нарэшце песціць цяплом. Шмат пашчыравалі, рыхтуючы святочны стол, артысты калектыву “Лянок”, якія і гасцей сустракалі песнямі, а кіраўнік гурта Клаўдзія Зуева паказала майстар-клас па танцах. Вядома ж, “Беларуская полька” многім спадабалася.
Плесці агароджу з лазы могуць нават дзеціУвогуле этнаграфічная экспазіцыя беларусаў-сібіракоў была самай яркай і насычанай. Падворак так і вабіў да сябе прыхільнікаў спрадвечна беларускай творчасці ды проста цікаўных — не прабіцца. Было ж на што глядзець! Алена і Сяргей Антончанкі з сяла Дзясятава Ішымскага раёна давалі майстар-клас па вырабе арыгінальных цацак… з сена. У Алены Яснюк з Арамашаўскага раёна таксама пераймалі досвед — яна прывезла з сабой унікальныя вышыўкі, выкананыя гладдзю па старадаўніх бабуліных узорах. А вось і майстры з Цюмені: Людміла Татарынцава паказвала, як ператвараць звычайныя падручнікі ў старадаўнія кнігі, Юлія Чарапанава выставіла свае ўнікальныя “тэкстыльныя лялькі” з шматкоў, а Яўгенія Плотнікава — так званыя паддашкавыя (па-руску: чердачные) лялькі з пап’е-машэ, тканіны ды мешкавіны. Давайце і яшчэ паглядзім, хто што ўмее! Надзея Аніканава пераняла ад продкаў ганчарнае майстэрства, робіць сувеніры з гліны, Алена Шавялёва асвоіла шматковае шыццё. І цэлую кампазіцыю “Каля млына”стварыла на беларускім падворку Марыя Піскун: выставіла сямейныя роставыя лялькі, буслоў, плот, калёсы, каня і млын — без добрай ўсмешкі прайсці міма немагчыма! А пад кіраўніцтвам Ангеліны Падкарытавай, вучаніцы 18-й цюменскай школы і майстрыхі па вырабе дэкаратыўнага плоту з лазы, госці падворка самі спрабавалі плесці агароджу, а нехта і вырашыў скарыстаць досвед Ангеліны на сваіх дачах.
І песні беларускія бралі за душу, краналі аж да слёз. Усіх выканаўцаў, салістаў хочацца адзначыць, сказаць вялікі дзякуй за таленты, за любоў да роднага слова і Бацькаўшчыны. Выступалі ж вакальны гурт “Жывіца” (кіраўнікі Алена і Сяргей Антончанкі), дуэт “Явар і каліна” з сяла Новабярозаўка Арамашаўскага раёна — гэта Алена Яснюк і Мікалай Сальнікаў, а кіраўнік у іх Ларыса Асінцава. Надзея Вычужаніна з вёскі Ермакі Вікулаўскага раёна, дзе і цяпер жывуць нашчадкі першых перасяленцаў-самаходаў з Беларусі, чытала блізкія ўсім беларусам радкі пра родны кут з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. А эстрадны дуэт “Суседзi” (гэта Мікалай Мартыненка і Іван Бердаў, кіраўнік Ларыса Асінцава) шчыра, душэўна выканаў знакаміты, ужо амаль народны хіт “Вы шуміце, бярозы”. Нумары змяняліся, выступалі яшчэ сямейны вакальны гурт “Спадчына” (кіраўнік Надзея Піскун), маладзёжны гурт беларускай музыкі і песні “Палессе” (кіраўнік Тамара Грыгор’ева), народны гурт беларускай песні “Лянок” (кіраўнік Клаў
дзія Зуева) — калектыў, дарэчы, сёлета адзначае свой 15-гадовы юбілей. Завяршаў праграму народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Вячоркі” (кіраўнік Любоў Мякішава, сяло Вікулава), які, дарэчы, выступаў і на “Славянскім базары ў Віцебску” ў 2008 годзе.
Чаму столькі ўвагі ды старання ў беларусаў да фестывалю “Мост дружбы”? Чым ён так прываблівае? “Мост дружбы” дае магчымасць шырока, на людзях паказаць і свае таленты, і прадставіць яркія фрагменты з багатай культурнай спадчыны нашых продкаў, — гаворыць Сяргей Яфімчык. — Фэст штогод захоплівае ў сваё жывое кола ўсё новых удзельнікаў. Сёлета, напрыклад, у нас на пляцоўцы ўпершыню выступалі беларусы Арамашаўскага раёна, чаму мы вельмі рады. Увогуле ж стараемся прыцягнуць да працы ў беларускіх суполках як мага больш моладзі, шчодра дзелімся з усімі, каму тое цікава, скарбамі беларускай культуры. Цюмень для прадстаўнікоў розных народаў, якія тут жывуць, стала родным домам. Ды і нашу бацькоўскую хату, сваю крэўную спадчыну, мы ніколі не забудзем”.

Людміла Бакланава, г. Цюмень

На здымках:
Беларускі каларыт на фестывалі нацыянальных культур у Цюмені
Плесці агароджу з лазы могуць нават дзеці
Людміла Татарынцава пераўтварыла падручнікі ў старадаўнія кнігі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter