Беларускі фолк-рок гурт Re1ikt выступіў на Міжнародным фестывалі нямога кіно і сучаснай музыкі ў Адэсе

Мора, кіно і музыка

Беларускі фолк-рок гурт Re1ikt з поспехам выступіў на Міжнародным фестывалі нямога кіно і сучаснай музыкі ў Адэсе
Беларускі фолк-рок гурт Re1ikt з поспехам выступіў на Міжнародным фестывалі нямога кіно і сучаснай музыкі ў Адэсе


Мы расказвалі ўжо пра цікавыя праекты гэтых мінскіх музыкаў у Польшчы. У прыватнасці, яны выступілі перад ліцэістамі ў Цэнтры адукацыі ды прамоцыі беларускай культуры “Szczyty” ў вёсцы Шчыты-Дзянцёлава ў Польшчы, пад Беластокам (“Урок з родных мелодый”, ГР, 2014, № 42). Прыйшлі весткі пра іх гастролі ва Украіну. “Міжнародны фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі “Німі Ночі 2015” прайшоў на прычале яхт-клуба Адэскага марвакзала 22-23 жніўня, — напісалі музыкі ў прэс-рэлізе. — Re1ikt выступіў на ім з агучкай авангарднай беларускай кінастужкі “У агні народжаная”, якую ў 1929 годзе зняў вядомы рэжысёр Уладзімір Корш-Шаблін”.

Фестываль “Німі Ночі”, шосты па ліку, прайшоў на беразе Чорнага мора. Сёлета на ім дэманстраваліся пераважна стужкі першых гадоў існавання савецкай улады, якія ў свой час падпалі пад цэнзуру. Акрамя Re1iktа, “жывую” агучку фільмаў прадставілі чэшскі гурт Forma, адэскі ансамбль Artokrats ды культавы ўкраінскі джазавы піяніст Юры Кузняцоў. Своеасаблівы знак павагі да беларусаў — тое, што адкрылі “Нямыя ночы”-2015 фільмам “У агні народжаная”. Стужка, нагадаем, была знятая да 10-годдзя ўтварэння БССР, ды не надта ўпісалася ў ідэалагічна-эстэтычныя каноны таго часу. Аўтарскі саўндтрэк прадставіў гурт Re1ikt.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter