Карціны ў памяць блажэннай Валянціны Мінскай прадставілі мастакі з чатырох краін

Момант ісціны

Велічныя храмы і сціплыя вясковыя пейзажы, натхняючыя вобразы святых і просценькія кветкавыя нацюрморты, гледзячы на якія, адпачываеш душой... Дзясяткі таленавітых работ сустракаюць наведвальнікаў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”. Выстава “Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі Мінскай”, якая адкрылася тут на днях, з’яўляецца вынікам III Міжнароднага мастацкага пленэра “Святасць зямлі Беларускай”, які пачаў работу ў вёсцы Станькава Дзяржынскага раёна ў канцы мая. У экспазіцыі — карціны 16 мастакоў з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Украіны і Малдовы.


Пленэр трэці год праходзіць на тэрыторыі нашай краіны па благаслаўленні Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Папярэднія былі прысвечаны 900-й гадавіне памяці святога Міны Полацкага і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Сёлетні прысвечаны памяці блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы.

— Хацелася б выказаць падзяку кіраўніку дзяржавы, які прапанаваў нам усім у гэтым годзе падумаць пра малую радзіму. Настолькі гэта правільна і своечасова было абвешчана, — падкрэсліў на вернісажы Мітрапаліт Павел. — У карцінах, якія ўвайшлі ў экспазіцыю выставы, прадстаўлена мудрасць боскага тварэння, наша Радзіма, пра якую мы ў мітусні рэдка задумваемся. Гэта надзвычай важна — спыніць імгненне, падумаць, праславіць Бога за яго тварэнні, успомніць пра сябе і, можа, зразумець, што мы нечага не зрабілі ў сваім жыцці.

Нездарма сёлетні пленэр прысвяцілі блажэннай Валянціне Мінскай. Сёння Беларуская праваслаўная царква вядзе гаворку пра тое, каб адкрыць для пакланення яе святыя мошчы.

— Гэта будзе наймагутнейшы духоўны імпульс для новых творчых рухаў, тварэння чалавека, — лічыць Мітрапаліт Павел. — Мы спадзяёмся, што гэта адбудзецца.

Наведаць выставу ў галерэі “Універсітэт культуры” можна да 3 ліпеня.

mila@sb.by

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter