Молодово - родовые корни известных творцов Огинского и Достоевского

Моладава: аграгарадку патрабуюцца... нявесты

На адной з замалёвак геніяльны беларускі дзеяч культуры Напалеон Орда адлюстраваў палац Скірмунтаў у палескай вёсцы Моладава. Упершыню паселішча ўзгадваецца ў пісьмовых крыніцах 1497 года, калі ім валодаў заможны ў Вялікім Княстве Літоўскім род Войнаў. Нашчадак першага ўладальніка маёнтка Сымон у памяць пра свайго бацьку Мацвея Войну ў 1583 годзе заказаў у ковенскага майстра Марціна Гофмана звон для моладаўскай царквы.

У канцы XVІІ стагоддзя ўладанне маёнткам перайшло магнатам Агінскім. Аўтар сусветна вядомага паланеза «Развітанне з Радзімай» Міхал Клеафас Агінскі прадаў яго Шымону Скірмунту. Праз сто гадоў у Моладаве пабудавалі драўляную Узнясенскую царкву. На ёй усталявалі той самы адліты ў Коўне звон. Сёння ён упрыгожвае званіцу новага мураванага храма.

Побач са святыняй па праекце архітэктара Ван-Гроса паўстаў у стыле класіцызму фамільны палац-рэзідэнцыя Скірмунтаў. У ім гасцявалі Напалеон Орда, Элаіза Ажэшка.

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Моладава ўвайшло ў склад Гродзенскай губерні Расійскай імперыі.

На пачатку мінулага стагоддзя па праекце віленскага архітэктара Тадэвуша Раствароўскага ўзведзена каталіцкая капліца ў форме купальнага храма-ратонды.

Згодна з Рыжскім дагаворам, з 1921 па 1939 год вёска была пад уладай буржуазнай Польшчы.

У Вялікую Айчынную вайну палац і гаспадарчыя пабудовы згарэлі. Захавалася капліца-ратонда. Яна, як і драўляная Узнясенская царква, уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Адной з першых у Іванаўскім раёне вёска Моладава атрымала статус аграгарадка.


З МАРШРУТНАГА аўтобуса, якім на досвітку адправіўся з Пінска ў іванаўскі аграгарадок Моладава, праглядаліся ладна забудаваныя падворкі палескіх вёсак Ставок, Падбалоцце, Рудка, Мерчыцы. У наваколлі на вачах днела. У выцягнутай уздоўж дарогі вёсцы Велясніца пільна ўглядаўся, каб не прапусціць бацькоўскі дом Яўгеніі Янішчыц. Працуючы на тэлебачанні, сустракаўся з землякамі, настаўнікамі, маці паэткі Марыяй Андрэеўнай. Дом вокнамі глядзіцца ў рачную плынь Ясельды. Калі прамільгнула на драўлянай сцяне беламармуровая мемарыяльная дошка, у думках павітаўся з «палескай ластаўкай».

Праехалі густа заселеныя вёскі Парэчча, Табулкі. У Моладава аўтобус уязджаў пад першыя промні вясновага сонца. Зіхацелі залатога колеру купалы мураванай Успенскай царквы. Побач захаваўся ў добрым стане пафарбаваны ў блакітны колер праваслаўны храм — помнік драўлянага дойлідства ХVІІІ стагоддзя.

Ад святынь у бок аграгарадка Дастоева больш як на кіламетр выцягнулася забудаваная пры­вабнымі дамамі галоўная вуліца. Буслянкі на электрычных слупах чакаюць прылёту цыбатых гаспадароў. За каталіцкім цвінтаром узвышаецца абкла­дзеная рыштаваннямі капліца-ратонда роду Скірмунтаў.

Старшыня сельвыканкама Сяргей Грабар задаволены, што Брэсцкі аблвыканкам выдзяліў сродкі на рэстаўрацыю помніка архітэктуры. Адноўлены круг­лы дах. Да восені плануецца прывесці ў парадак унікальны помнік мінуўшчыны.

Старшыня сельвыканкама Сяргей ГРАБАР.

Турысты не мінаюць гэты багаты на спадчыну палескі куток. Летам пасажырскі параход «Белая Русь», што курсіруе па Дняпроўска-Бугскім канале, спыняецца тут, і вандроўнікам прапануюць экскурсію ў Дастое­ва — радавое гняздо продкаў класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага. Ад сядзібы захавалася некалькі старых разгалістых дрэў. У школьным дворыку ў крэсле, узвышаным на п’едэстале, прыветліва гасцей сустракае выліты ў бронзе творца.

Старшыня сельвыканкама ўзгадаў пра знойдзеную ў час раскопак кафлю з радавым гербом Дастаеўскіх. Да 200-годдзя з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча, што прыпадае на восень будучага года, плануецца дапоўніць экспазіцыю школьнага музея пісьменніка. Захавальнік фондаў Валянціна Пуцыковіч працавала метадыстам у раённым аддзеле народнай адукацыі. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак вярнулася ў роднае Дастоева і занялася вывучэннем спадчыны роду слыннага пісьменніка.

Акрамя літаратурнага музея Фёдара Дастаеўскага, турысты маюць магчымасць пазнаёміцца і з двума дзясяткамі цікавых помнікаў, размешчаных на тэрыторыі самага буйнога ў раёне сельсавета, які аб’ядноўвае 14 вёсак і два аграгарадкі.

Кіраўнік мясцовай улады з гонарам адзначыў, што менавіта ў Моладаве дзейнічаў першы на беларускай зямлі цукровы завод. Была і свая цагельня. Да нядаўняга часу працавалі на ёй бацькі Сяргея Мікалаевіча. Многія муры не толькі ў аграгарадку, але і ў суседніх вёсках збудаваны з моладаўскай цэглы.

Падзяліўся старшыня сельвыканкама і прыемнай навіной: не так даўно мясцовыя краязнаўцы адшукалі каля вёскі Асаўніца адзін з пунктаў дугі Струве.

Ганарацца моладаўцы і тым, што ў гэтых мясцінах прайшло дзяцінства юнага Міхала Клеафаса Агінскага. Імя шляхецкага роду Агінскіх носіць водны канал, што злучае рэкі Балтыйскага і Чарнаморскага водных басейнаў. Непадалёку ад Моладава канал упадае ў раку Ясельду. Па імклівай плыні ў былыя часы тутэйшыя на лодках дабіраліся на пінскі кірмаш.

У КРАЯЗНАЎЧЫМ музеі Мо­ладаўскай сярэдняй школы, куды завіталі з намеснікамі дырэктара Аленай Цярлецкай і Людмілай Рамановіч, сабраны ўнікальныя экспанаты побыту палешукоў, дакументы, фотаздымкі пра жыццё вёскі. На адным са стэндаў фотакартка першага старшыні моладаўскага калгаса імя Молатава Васіля Парасевіча. Гаспадарка была створана пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы Алена ЦЯРЛЕЦКАЯ ў краязнаўчым музеі з вучнямі Ксеніяй ЦЕРАСЮК і Раманам КУЛІКОМ.

Захоўваецца ў школьным музеі гісторыя царкоўнага звана, якому пяць вякоў. Нямецка-фашысцкія захопнікі намерваліся вывезці яго. Сяляне даведаліся пра задумку акупантаў і ноччу святую каштоўнасць закапалі на могілках каля свежых магіл. Фашысты кінуліся шукаць прапажу. Раскапалі адну магілу, другую, але да схованкі так і не дайшлі. Так кемлівыя вяскоўцы збераглі святыню. У пасляваенныя гады звон забралі ў адзін з музеяў Мінска. Дэлегацыя вернікаў на чале з Лідзіяй Выркоўскай адправілася ў сталіцу і дабілася вяртання каштоўнасці. У 1997 годзе стыхія сарвала шматпудовую рэліквію. Ад удару аб зямлю з’явілася трэшчына. Вернікі свята шануюць звон. Трывала прымацавалі яго на пабудаванай каля царквы званіцы. Па дазволе святара Леаніда Равуцкага толькі ў вялікія святы над моладаўскімі падворкамі разліваецца малінавы звон.

500-гадовы царкоўны звон Узнясенскага храма.

Ад параднага ўвахода на царкоўны падворак выкладзена плітка да званіцы. Стоячы перад велічным прыгажуном — сведкам гістарычных падзей пяці стагоддзяў, падумалася пра муд­расць сына заснавальніка вёскі Моладава, які кемліва ўвекавечыў памяць пра бацьку.

АГРАГАРАДОК з году ў год прырастае новымі сядзібамі. Уласны дом будуюць Ганна і Віктар Цярлецкія. Тры дзясяткі катэджаў упрыгожылі Мала­дзёжную вуліцу. Жывуць у іх сем’і працаўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемства «Моладава-Агра», педагогаў, медыкаў. Узводзілася жыллё на сродкі гаспадаркі. Сярод навасёлаў шматдзетныя сем’і (а іх на тэрыторыі сельсавета больш за сорак) Святланы і Анатоля Мендзеляў, Таісіі і Раўшана Каюмавых, Надзеі і Аляксандра Комар. Дванаццаць гадоў таму пінчане Алена і Васіль Гугельчукі, у якіх трое дзяцей, купілі ў Моладаве дом, адрамантавалі яго і пераехалі жыць. Завялі козачак, свіней, курэй. Гаспадыня — сацыяльны работнік. Сёмы год яна дапамагае былым калгасным жывёлаводам Настассі Блізнюк і Марыі Стасюк, якія размянялі дзявяты дзясятак. Дзеці іх жывуць далёка. Дзяржава падтрымлівае адзінокіх вяскоўцаў. За 95-гадовай Ганнай Чэркас, якая амаль паўвека настаўнічала ў Моладаве, замацаваны сацыяльны работнік. Часта наведваюць Ганну Андрэеўну спецыялісты сельвыканкама.

Намеснікі дырэктара УП «Моладава-Агра» Раіса ХАЛЬКО і Людміла МЕЛЬНІК, механізатар Юрый ЦЕРАСЮК (у цэнтры).

Да выхаду на пенсію сацработнікам працавала шматдзетная маці Надзея Вырвіч, з якой сустрэліся на царкоўным падворку. З мужам выхавалі тры дачкі і сына. Марыя і Таццяна настаўнічаюць у вясковых школах, Алена — швачка. Сын Андрэй з сям’ёю жыве ў Моладаве.

Шматдзетная маці Надзея ВЫРВІЧ.

У аграгарадку шмат маладых сем’яў. Для прафарыентацыі старшакласнікаў у сярэдняй школе дзейнічае аграклас. Заняткі ў ім вядзе педагог Віктар Дзямковіч. Выпускнікі пасля атрымання вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вяртаюцца дамоў. Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж скончыў Аляксандр Галёта і працуе спецыялістам па гаруча-змазачных матэрыялах у ПУП «Моладава-Агра». Спецыяльнасць газаэлектразваршчыка атрымаў яго брат Сяргей і таксама папоўніў калектыў гаспадаркі. Трактарыстамі сталі выхаванцы школы Андрэй Шыкеля і Мечыслаў Рубашак. Працуюць старанна, зарабляюць больш за 1000 рублёў у месяц. Будучае звязваюць з роднымі мясцінамі.

Першакурснік Пінскага аграрна-тэхнічнага каледжа Юрый Сліж таксама настроены пасля вучобы вярнуцца дамоў. У адзін голас халасцякі паскардзіліся, што ў аграгарадку не хапае нявест. Вырашэнне праблемы старшыня сельвыканкама бачыць у стварэнні працоўных месцаў для дзяўчат. Што тычыцца вольнага часу, то яго тут ёсць дзе бавіць. У сучасным Палацы культуры ладзяцца вечары адпачынку. Дзейнічаюць калектывы мастацкай самадзейнасці. Не мінаюць аграгарадок зоркі беларускай эстрады. Сваю святочную праграму да Міжнароднага жаночага дня падрыхтавалі самадзейныя артысты.

НА першым паверсе Палаца культуры прасторнае памяшканне адведзена пад бібліятэку, дзе сустрэліся з загадчыцай Людмілай Дзямчыла. У Моладава яна прыехала пасля заканчэння Белдзяржсельгасакадэміі. Працавала нарміроўшчыкам у калгасе, сакратаром сельвыканкама, пяты год загадвае бібліятэкай. Кінуўся ў вочы прыгожа аформлены стэнд пра родную мову з вершам беларускага паэта Алеся Жука:

Прад табой — старонкі кніг

З мінулым, любым, 

родным словам.

Там бруіцца наша мова —

Мова прадзедаў тваіх.

З чытачамі (а іх каля трохсот) Людміла Аляксандраўна ладзіць імпрэзы, заахвочвае іх да літаратуры. Ведае густ кожнага. Узгадала яна актыўных аматараў кніг. Класічнай літаратурай захапляецца педагог Ганна Сідарчук, а Уладзімір Цудзіла перачытаў усе гістарычныя раманы, дэтэктывы, што маюцца ў бібліятэцы. Кніжны фонд пастаянна папаўняецца, паступаюць свежыя газеты і часопісы. Толькі сярод іх надзіва няма «Сельской газеты». Спадзяёмся, сельгас­прадпрыемства дапаможа забяспечыць бібліятэку аграрным выданнем.

Бібліятэкар Людміла ДЗЯМЧЫЛА.

Людміла Аляксандраўна за­натоўвае ў камп’ютары матэрыялы пра Моладава. Зачытала паэму, якую старшыня сельвыканкама прысвяціў аграгарадку. Сяргей Мікалаевіч — выпускнік філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржпедуніверсітэта. Працоўную біяграфію пачынаў з настаўніцтва. Жонка Вольга Сцяпанаўна таксама педагог. Па слядах бацькоў пайшла і дачка Ірына.

Сямейная дынастыя і ў загадчыцы амбулаторыі Галіны Правікавай. Старэйшы сын Віктар працуе ўрачом у сталічным РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. Вышэйшую адукацыю атрымалі дачка Ганна і малодшы сын Аляксей. Дзеці раз’ехаліся, маюць свае сем’і. У святы і на адпачынак прыязджаюць да маці ў Моладава.

Механізатары сельгаспрадпрыемства Андрэй ШЫКЕЛЯ і Мечыслаў РУБАШАК.

ПЕРШЫ намеснік старшыні Іва­наўскага райвыканкама Аляксандр Маліч перспектыву аграгарадка бачыць у далейшым развіцці прыватнага ўнітарнага прадпрыемства «Моладава-Агра». Утворана на базе былога калгаса. Узначальвае калектыў Сцяпан Халько. Спецыялізуецца гаспадарка на вырошчванні племянной жывёлы і вытворчасці малака і ялавічыны. Амаль два дзесяцігоддзі тут разводзяць буйную рагатую жывёлу абердзін-ангускай пароды. Наладжана вытворчасць мармуровай ялавічыны. У грамадскім статку звыш 4000 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх чацвёртая частка — дойныя каровы. Летась ад кожнай атрымана па 10 880 кілаграмаў малака. Амаль 30 тон яго штодзённа адпраўляецца на перапрацоўку. Высокімі тэмпамі развіваецца сельгаспрадпрыемства. Прыгажэе і маладзее палескае Моладава.

Іванаўскі раён.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter