Мода з куфэрка прапрабабуль

Чым беларуска прываблівала мужчын?Зараз чалавецтва выдумляе ўсё новыя і новыя формы ідэнтыфікацыйнага пасведчання грамадзян -- ледьзь не па аналізу ДНК… А ўсяго стагоддзе таму ў кожнага беларуса быў “дакумент”, які без цяжкасцяў мог “прачытаць” кожны, хто стаяў побач. З гэтага “пашпарта” можна было даведацца, напрыклад, з якой мясцовасці або вёскі прыехала на кірмаш жанчына, ці замужам яна, ці мае дзетак, колькі прыкладна гадоў пражыла на свеце. Такім пасведчаннем, як вы ўжо здагадаліся, была вопратка. Сёння мы прадстаўляем вашай увазе фотаздымкі, на якіх можна прасачыць змяненні беларускай вясковай моды і яе асаблівасці ў розных кутках краіны. Магчыма, спецыялісты ўжо выкарыстоўвалі гэтыя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў, у сваіх працах. Але ж ці не цікава, як апраналіся нашы бабулі і ці выкарыстоўваюцца элементы іх адзення ў сучаснай вопратцы, і чытачам “Народнай газеты”?

Выступіць экспертам па фотаздымках мы папрасілі старшага навуковага супрацоўніка Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Ларысу Мятлеўскую, якая, між іншым, стварыла асабістую калекцыю рэканструяваных беларускіх жаночых строяў. І пачаць вырашылі па сезоне з зімовага адзення (фотаздымак 1). Асабліва мне спадабалася на ім арыгінальная сумачка на руцэ ў дзяўчыны. Але Ларыса Лявонцьеўна адразу паправіла мяне. На дзяўчатах світкі -- святочнае верхняе адзенне, нешта накшталт сучаснага дэмісезоннага паліто, якое маглі насіць і ўзімку. А на руцэ зусім не сумка, а збан, адмыслова абвязаны тканым поясам і ручніком з доўгімі канцамі. Магчыма, ён замацаваны ніткамі. “Гэтыя світкі маюць адметны крой, ззаду яны выглядаюць яшчэ больш прывабна. Тканіна там сабрана вузкімі паскамі, якія сшываюцца паміж сабой і такім чынам утвараюць пукатыя складкі, што нагадваюць плісіроўку, -- тлумачыць Ларыса Мятлеўская. -- Мне даводзілася бачыць на старажытных малюнках такога ж крою мужчынскае адзенне, якое датуецца часамі Вялікага княства Літоўскага. Толькі світкі мужчын-ваяроў былі карацейшыя. І такі ж крой мы бачым на фрэскавым жывапісе ранняга італьянскага Адраджэння. Такім чынам, еўрапейская рэнесансная мода прасочваецца ў беларускім народным адзенні”. Аднак да старажытных форм крою дадалося новае бачанне прыгожага, новы ідэал, распрацаваны самімі жанчынамі. Навінкі панскай моды хутчэй пераймалі ў мястэчках, вясковыя жанчыны былі больш кансерватыўныя, яны бралі для стварэння касцюма толькі лепшыя здабыткі моды. Прадстаўлены на фота строй -- ваўкавысска-камянецкі. Звярніце ўвагу, як густоўна абшыты край світкі (гэта аксаміт або тонкае сунко), далей ідзе машынная вышыўка. Які прывабны сілуэт створаны рукамі майстрых, а світкі гэтыя -- даматканыя, і яны вельмі добра трымаюць цяпло. Але  наш эксперт адразу робіць выснову, што дзяўчат апранулі спецыяльна для фотаздымка. Чаму? Адзенне на дзяўчынах святочнае, а збан у руках -- паўсядзённы.
На самым старым фотаздымку бачым дзяўчынак у досыць шыкоўным убранні. Подпіс сведчыць, што гэта сялянкі с. Чэрск Гродзенскай губерні пачатку XX стагоддзя. Ніколі б не паверыла, што так апраналіся простыя сялянкі! А што скажа спецыяліст?
-- Гэта дамачоўскі строй, па назве вёскі Дамачова -- гэта тэрыторыя Заходняга Палесся, якое мяжуе з Польшчай. Здымак зроблены хутчэй за ўсё ў 1910-я гады, а дзяўчынкі, напэўна, вучацца ў гімназіі. Хутчэй за ўсё 16--17-гадовыя дзяўчаты -- на той час ужо нявесты -- у вялікае свята ідуць у храм. На шырокіх атласных тужках, што бачым на іх шыях, -- крыжыкі, але яны схаваныя. З-за польскай мяжы да беларусак прыйшлі адмысловыя безрукаўкі --кабаты (від гарсэта). Тагачасным жанчынам гэты прадмет дапамагаў падкрэсліць стан альбо зрабіць яго больш стройным. Шапачкі на дзяўчатах -- вельмі багатыя (з аксаміту або тонкай воўны), яны двухколерныя -- ультрамарынавага і ярка-малінавага адцення.
Дзяўчынкі на плоце (фотаздымак 3) жывуць у значна менш аддаленым ад нас па часе перыядзе. Гэта бачна перш за ўсё… па даўжыні андаракаў! Ногі беларуска традыцыйна хавала, і лыткі ніхто не павінен быў бачыць. Акрамя таго, замест геаметрычнага арнамента на фартуху мы бачым яркія вышытыя кветкі, характэрныя для 50--70 гадоў мінулага стагоддзя. Таму, па меркаванні спецыяліста, гэта позні турава-мазырскі строй. І на самай справе, на фота мы бачым дзяўчат з в. Букча Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці.
Абутак -- гэта наогул штучны тавар, вельмі дарагі і зроблены дакладна па назе. Я патрымала ў руках падобныя боцікі з калекцыі музея: тонка вырабленая скура, маленькія цвічкі пад пяткай -- філігранная работа. Звярніце ўвагу на пукатую пятку. «Беларускім мужчынам заўсёды падабаліся «выпукласці» жанчын, таму майстар і падкрэсліў прыгажосць формы ножкі», -- патлумачыла наш эксперт.
Чым меншыя па ўзросту былі дзяўчынкі, тым прасцей было іх адзенне. Напярэдадні вяселля, атрымліваецца, бацькі імкнуліся апрануць дзяўчыну як найпрыгажэй. Бабуля Ларысы Лявонцьеўны расказвала ёй, як яны ў такім вось узросце ішлі на свята ў царкву. Дарагія скураныя боцікі трымалі ў руках і апраналі толькі на парозе храма. Уявіце сабе, як дзяўчына (напрыклад, з фота 2) малілася ў царкве і прасіла, вядома ж, добрага мужа. «Спачатку просіць з паклонамі «Каб найлепшы, каб найлепшы», -- расказвае Ларыса Мятлеўская. -- А ўжо пакідаючы царкву, паніжае «патрабаванні» і хуценька мармыча «Сякі-такі, абы быў… Сякі-такі, абы быў…»
На жаль, жаночыя строі, якія захаваліся цалкам, зараз у Беларусі знаходзяць вельмі рэдка. Але затое ў нашай краіне яшчэ ёсць мясціны, дзе жанчыны не адмовіліся ад традыцыйнай вопраткі. Пра гэта мы яшчэ абавязкова раскажам у нашай рубрыцы.

Каментарый мадэльера Нацыянальны ўзор не модны?

Ці выкарыстоўваюцца элементы традыцыйнага народнага касцюма ў калекцыях сучасных беларускіх мадэльераў, мы папрасілі расказаць галоўнага мастацкага кіраўніка Цэнтра моды Эльвіру ЖВІКАВУ.
“Высокая мода заўсёды была прызначана перш за ўсё для вялікасвецкай публікі, і часцей за ўсё народны касцюм і сучаснае адзенне ніяк не пераклікаюцца. Вы бачыце на вуліцах жанчын у панёвах ці вышытых арнаментам сарочках? Не. Але гэта не азначае, што дызайнеры не звяртаюць увагі на нацыянальны касцюм. Напрыклад, у лістападзе была прадстаўлена цікавая калекцыя дызайнера Марыі Ніцэвіч. Адзін з сегментаў калекцыі мадэльер зрабіла па матывах беларускага народнага адзення. Але прачытанне было не “лабавым” -- гэта не вышыўка з пеўнямі або арнаментам. Калекцыя зроблена з ільну, вышытага жэмчугам і ўпрыгожанага карункамі. Форма галаўнога ўбору нагадвае якраз той, што мы бачым на фотаздымку дзяўчат з Гродзеншчыны. Наколькі я ведаю, адну з сукенак калекцыі купіла для сваёй дачкі ў якасці сувеніра жонка італьянскага пасла. Падобнае адзенне часта выкарыстоўваецца як сувенір або для таго, каб прадставіць багацце і самабытнасць беларускай культуры за мяжой. Так, калекцыю Ніцэвіч дэманстравалі падчас Дзён Беларусі ў Венесуэле. Часцей за ўсё дызайнеры выкарыстоўваюць не дакладную рэканструкцыю гістарычнага касцюма, а стылізаваныя мадэлі. Элементы нацыянальнага касцюма дарэчы пры стварэнні алімпійскай формы. Так, дызайнер Анастасія Броўка выкарыстала беларускі арнамент у прынтах на майках і футболках алімпійскага адзення. Што датычыцца абутку пачатку мінулага стагоддзя на фотаздымках, то падобныя мадэлі можна знайсці і сёння. Шнуроўка, бацільёны --- модная тэма мінулых сезонаў.
Зараз этніка -- не ключавая тэма. Наступны сезон характарызуецца неверагоднымі кантрастамі: з аднаго боку, вельмі спакойная, вытрыманая палітра ад малочна-белых, шэрых колераў да вугальна-чорных і натуральных адценняў, з другога боку, касмічныя колеры, нібыта пазычаныя з каробкі алоўкаў -- яскравы жоўты, насычаны ультрамарынавы, яркі чырвоны, мноства ружовых тонаў, нават флюарэсцэнтных… Тэма футурызму, космасу па-ранейшаму актуальная, не страцяць свае пазіцыі і металізаваныя паверхні з эфектамі пластычных, пластыфікаваных і гальванічных пакрыццяў, эфекты цёмнага нікелю… Моднымі будуць натуральныя валокны -- бавоўна, лён, цік, бамбукавыя валокны, але яны могуць спалучацца з пластыкам, пакрывацца металізаванымі саставамі для стварэння эфекту фольгі. Самыя модныя тэмы для жаночага гардэробу ў наступным сезоне -- сукенка і вясенне-летні плашч-паліто “свінгер” у насычаных колерах… Дызайнеры прапануюць альтэрнатыву: аскетычныя формы, прамыя і прасторныя, модныя ў 60-х і 80-х гадах, і падкрэсленая жаноцкасць 40-х гадоў мінулага стагоддзя. Культавай формай сезона будзе прамавугольнік або авал: прамыя маленькія паліто, такія ж сукенкі альбо тунікі і джэмперы з трыкатажу, якія можна апранаць з легінсамі, шортамі, бермудамі… Вяртаецца ў моду шматслойнасць і “оверсайз” -- рэчы, большыя на некалькі размераў, чым патрэбна. Гэта датычыцца трыкатажу і верхняга адзення.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter