Мода на вышыванку

У Ліды ёсць шанец заняць адметную нішу на рынку маладзёжнага адзення
У Ліды ёсць шанец заняць адметную нішу на рынку маладзёжнага адзення

Нядаўна ў СМІ з’явілася цікавая інфармацыя: майстры Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры “Спадчына” распрацавалі ды стварылі калекцыю маладзёжнага адзення ў беларускім нацыянальным стылі з элементамі ручнога ткацтва.
Што ж, дызайнеры не ўпершыню звяртаюцца да народных традыцый, шукаючы крэатыў. Вось і аўтару калекцыі Ірыне Вашкевіч падабаюцца народныя строі, і яна адаптуе цікавыя рашэнні нашых продкаў для адзення сучаснай моладзі. А многія ж і не падазраюць: можна быць модным і стыльным з вышыванымі, тканымі элементамі ў адзенні.
Дызайнерка вучылася ў Гродзенскім каледжы мастацтваў, потым на факультэце мастацтваў і дызайну Гродзенскага дзяржуніверсітэта. А ў Лідскім цэнтры рамёстваў пачала распрацоўваць касцюмы для персаналу аграсядзібаў. Творчая праца захапіла, Ірына стварыла маладзёжную калекцыю, папярэдне паглыбіўшыся ў гісторыю традыцыйных беларускіх строяў. Сем камплектаў гатовыя, астатнія мадэлі – на чарзе. Устаўкі з арнаментам на кроснах тчэ супрацоўніца цэнтра Дар’я Маташук, яна паслядоўніца майстра Яўгена Маркевіча, які адрадзіў у Лідзе ткацтва.

Валянціна Чаркашынах
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter