Другакласнікі будуць вывучаць беларускую мову на гадзіну больш

Моўная гармонія

Другакласнікі будуць вывучаць беларускую мову на гадзіну больш. Такім чынам, час на вывучэнне дзвюх дзяржаўных моў зраўноўваецца. «У нас дзве дзяржаўныя мовы, і яны павінны быць у аднолькавых умовах. Чаму ў пачатковай школе дадзеныя прадметы маюць розную колькасць гадзін, калі вучні старэйшых класаў вывучаюць беларускую мову і рускую аднолькавую колькасць гадзін?» — справядліва задаецца пытаннем галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Булаўкіна.


Павелічэнне гадзін на вывучэнне дзяржаўнай мовы будзе паступовым. Спачатку — у другім класе, праз год — у другім i трэцім класах, праз два гады — у другім, трэцім і чацвёртым класах. А вось з пятага па адзінаццаты колькасць гадзін ужо прыведзена да раўнавагі. Па жаданні могуць быць сфармiраваны класы, дзе беларуская мова будзе вывучацца на павышаным узроўні. А каму і гэтага будзе недастаткова, той зможа наведваць больш за 40 факультатыўных заняткаў па вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, а таксама пазакласныя мерапрыемствы, гурткі і стымулюючыя заняткі. Акрамя таго, урокі беларускай мовы і літаратуры пройдуць у музеях краіны. Словам, толькі вучыся!

Такая ўвага да роднай мовы невыпадковая. Зменлівую сітуацыю паказваюць і даныя даследаванняў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта. Напрыклад, калі параўнаць 2009 і 2014 гады, даныя аб тым, як мы выкарыстоўвалi беларускую мову ў побыце, моцна адрозніваюцца. У першым выпадку гэтая лічба складае амаль 12 працэнтаў, у другім — толькі каля 4 працэнтаў рэспандэнтаў паказалі, што беларуская мова з’яўляецца для іх асноўнай у паўсядзённым жыцці. І гэта пры тым, што больш за палову жыхароў краіны лічаць яе роднай і добра разумеюць. Але ў побыце большасць насельніцтва ўсё ж выкарыстоўвае рускую мову.

Як жа прастымуляваць да больш глыбокага вывучэння другой мовы? Ці зменіцца сітуацыя, калі колькасць гадзін для вывучэння моў у малодшай школе стане роўнай? Пакуль сказаць складана. Ці стануць цяпер мовы жыць у поўнай гармоніі і развівацца без перакосаў? Адказ на гэтае пытанне міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў даваў амаль год таму, калі ішла гаворка аб выкладанні гісторыі Беларусі і геаграфіі па-беларуску. Тады ён выказваў меркаванне, што калі ў нас двухмоўе і калі беларускую мову больш прапагандаваць і паказваць прыклады, як прыгожа яна гучыць, паступова самі дзеці прыйдуць да таго, што захочуць вывучаць палову ці большую частку прадметаў агульнаадукацыйнай школы на беларускай мове. Але праводзіць гэты працэс трэба акуратна, з любоўю да мовы і разуменнем дзіцячай псіхалогіі. І, вядома, кожны чалавек павінен для сябе сам вырашыць, якая мова яму бліжэй.

Але ці дастаткова толькі моўнай прыгажосці? Ці ўсё ж патрэбны і іншыя важкія стымулы і прычыны? Напрыклад, гэта паказала і праведзенае апытанне — фактар запатрабаванасці беларускай мовы па месцы  працы ці вучобы. І яшчэ, каб валоданне мовай было прэстыжным. Эксперты выказваюць меркаванне, што сур’ёзным стымулам стала б нават увядзенне абавязковага тэста на ЦТ не на выбар, а адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах. А пакуль вялікая частка выпускнікоў выбірае экзамен па рускай мове, ды і працэнт тых, хто здае ўсе экзамены на беларускай мове, скарачаецца.

Зрэшты, ёсць яшчэ адна праблема, аб якой гавораць педагогі-славеснікі: сёння пісьменнасць і цікавасць да дзвюх дзяржаўных моў катастрафічна падаюць. Парадокс у тым, што некаторыя хлопцы і дзяўчаты замежнымі мовамі валодаюць куды лепш. З-за чаго гэта адбываецца? Паглядзіце, сучасныя рэаліі дыктуюць шэраг патрабаванняў да прэтэндэнта на прэстыжную працу. Гэта камп’ютарная пісьменнасць, уменне вадзіць машыну і веданне замежных моў. І пры гэтым ні слова пра веданне дзяржаўных!

Вельмі добра з гэтай нагоды на 42-м з’ездзе грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» выказаўся Прэзідэнт: «Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а не проста «тутэйшым», у якой бы кропцы зямнога шара ён не знаходзіўся. Не толькі наша багатая спадчына: літаратура, музыка, архітэктура, але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы па-вінны памятаць, і каштоўнасці, якія мы павінны паважаць». І відавочна, што самі па сабе ці па ўзмаху чара-дзейнай палачкі нацыянальныя мовы папулярнымі не стануць. Гэтае пытанне трэба вырашаць на ўсіх узроўнях, пачынаючы са школы.

veraart14@mail.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter