Мiёршчына: чароўныя стравы з талеркi Гулiвера

Вандруючы па родным краі, не перастаеш здзіўляцца багаццю яго прыроднай і духоўнай спадчыны...

Вандруючы па родным краі, не перастаеш здзіўляцца багаццю яго прыроднай і духоўнай спадчыны. Здаецца часам, што ўсё ўжо адкрыў і ўбачыў і ўжо няма нічога новага, па трапнаму выразу аднаго з класікаў сучаснай беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча, на «зямлі пад белымі крыламі».

І раптам бываеш прысаромлены ўласнай самаўпэўненасцю. Вось і ў Міёрскім раёне ў адной з паездак разам са старшынёй райвыканкома  Віктарам Тарасевічам пашанцавала адкрыць безліч скарбаў. З разраду тых, што стагоддзямі ашчадна збіраюцца ў скарбонку нацыянальнай духоўнасці. 

Надзвычай багатая  помнікамі, легендамі і паданнямі зямля міёрская. Па многіх прыкметах яна заслугоўвае таго, каб увайсці ў «залатое кальцо»  айчыннага агратурызму. Калі ёсць час і адпаведны настрой, трэба  завітаць да аднаго з унікальных аб’ектаў у дзівосным кутку паўночнага Паазер’я – язненскага талеркавага каменю. Можна рэальна разаслаць падарожны абрус на гіганцкім прыродным стале, раскласці на ім хлеб-соль і з асалодай падсілкавацца, уяўляючы сябе нашчадкам славутага Гулівера. А можна проста сканцэнтравацца і паспрабаваць увайсці ў кантакт з пяшчотным мірам жывой прыроды, і яна нашэпча вам многа чаго таямнічага і самабытнага. 

Талеркавы камень і сапраўды гіганцкі стол. Даўжынёю ён каля 6,5 метра, шырынёй – 5 метраў, вышынёй на паверхні — 1,25 метра. Валун-гігант важыць 141 тону! Пры пэўных абставінах «стол Гулівера» можа  паслужыць надзейнай узлётна-пасадачнай пляцоўкай для НЛА ці  больш рэальнага  верталёта. 

Асабіста я выбраў не прымітыўнае перажоўванне фізіялагічнай ежы, а  глыбокі духоўны дыялог на мяжы падзей і вякоў. Халаднаватая паверхня язненскай «талеркі» шчодра выпраменьвала ў маю гарачую далонь сенсацыйную інфармацыю. Для прыкладу, тое, што за гэтым гіганцкім сталом трапезнічаў у паходзе вялікі заваёўнік Напалеон Банапарт. А яшчэ раней ахвочая да падарожжаў расійская імператрыца  Кацярына Вялікая таксама не адмовіла сабе ў асалодзе падсілкавацца з  «талеркі Гулівера». Нейкія далёкія ў часе і прасторы добраахвотныя каменячосы нават высеклі на паверхні валуна выявы лыжак, відэльцаў і талерак. 

Застаецца толькі пашкадаваць, што больш познія паслядоўнікі  гасцявання на язненскім талеркавым камені праяўлялі, мякка кажучы, першабытныя інстынкты. За стагоддзі на стале для асілкаў столькі  распальвалася кастроў і столькі наладжвалася дзікунскіх гульбішчаў, што месцамі шэры граніт не вытрымаў такога здзеку і патрэскаўся. 

Шмат якіх дзівосных гісторый наслухаўся я на прывале каля каменя-волата. Найбольш уразіла паданне пра злога пярэваратня з глыбіні стагоддзяў... 

У далёкія-далёкія часы віцебскі край ажно стагнаў ад нашэсця  нячыстай сілы. Вось і на Міёршчыне сярод чорных груганоў, павукоў-крывасмокаў ды мярзотных жаб у непраходнай дрыгве ўладарыў  Лясун-пярэварацень. Быў ён стары, аброслы імхом ды п’яўкамі. Зблізку ж нагадваў вялізную гнілую калоду са страшнымі лапамі-кіпцюрамі. Усё чыстае-светлае Лясун ператвараў у балотную твань. Харчаваўся  пярэварацень крывёю людскою. Асабліва падабалася нячысціку  смактаць кроў з немаўлят, юных хлопцаў і дзяўчат. 

Шмат адважных віцязяў спрабавалі дабрацца да пачвары. Толькі ўсе знаходзілі пагібель у дрыгве. І тады яшчэ большы плач ды праклёны разносіліся па віцебскім краі. 

Доўга ці коратка так працягвалася, але стала перапаўняцца чаша людскога цярпення. Дзень і ноч сталі ўсе маліцца Богу аб вызваленні іх ад крывасмока. І была пачута іх горкая малітва. 

У адной вёсцы нарадзілася дзяўчынка. Назвалі яе Міёрыца. А калі падрасла, зрабілася такой прыгажуняй ды разумніцай, што ні ў казцы расказаць, ні пяром апі­саць. Пайшла аб ёй слава па ўсім белым свеце. Дакацілася і да балота смярдзючага, дзе ўладарыў Лясун-пярэварацень. Захацеў ліхадзей заманіць Міёрыцу-дзяўчыну ў сваё цёмнае царства. Ды ніякія чары-прывароты не змаглі зрабіць злую справу. Тады пярэварацень прыдумаў завалодаць красуняй вераломствам. 

Ператварыўся Лясун у гарбатую бабульку. Узяў у брудныя лапы палку-крывулю і прыкульгаў да хаткі, дзе  Міёрыца жыла. 

Здзівілася красуня, калі ў такі позні час пачуўся стук у дзверы. Не здаралася раней, каб за поўнач нехта яе турбаваў. А стук настойліва паўтараўся. 

— Хто там? Каму не спіцца ў такі позні час? – затрывожылася гаспадыня. 

— Адчыні, родная, пашкадуй стомленую бабульку-вандроўніцу, — пачуўся за дзвярыма жаласлівы голас. 

Адчыніла спагадлівая прыгажуня дзверы і адразу трапіла ў лапы  балотнага ведзьмака. Схапіў ён бедную Міёрыцу ў смярдзючыя абдымкі і стралой паімчаў у тыя мясціны, дзе нага чалавечая не ступае. Толькі не прыкмеціў паганы пярэварацень, што з галоўкі прыгажуні адразу за парогам хаткі зваліўся вянок з дзівосных палявых кветак. Забягаючы наперад, зазначым, што раніцай людзі, калі не ўбачылі Міёрыцы, па гэтым згубленым вяночку і здагадаліся, у чые лапы яна трапіла. 

А душагуб прывалок нявольніцу ў сваё змрочнае царства. Спрабаваў Лясун спакушаць красуню золатам, камянямі-самацветамі, іншымі  нарабаванымі скарбамі. Угаворваў, каб Міёрыца ягонай жонкай стаць згадзілася. А яна здзекліва рассмяялася ў ягоны гідкі твар. 

— Не жадаеш па-добраму – будзе па-дрэннаму, — раз’юшыўся нячысцік. — Станеш і ты дрыгвою, часткай маіх балотных уладанняў. 

Сабрала тады нявольніца рэшткі сваіх светлых і чыстых сіл – і апярэдзіла злога ведзьмака. Ператварылася яна ў крышталёва-празрыстую рэчку з мноствам крынічных ключоў. І вада тая жывая  разлілася па ўсім наваколлі. Патанулі ў ёй сам агідны Лясун-пярэварацень ды плойма ягоных служкаў – жабы, павукі, паўзучыя гады, брудныя нячысцікі. 

На месцы непраходнай дрыгвы ўтварылася цудоўнае возера. З яго выцякае такая ж цудоўная рака Міёрыца. А там, дзе шмат вякоў уладарыў Лясун-пярэварацень, вырас утульны зялёны горад  пад назвай Міёры... 

Трошкі зажурыўся я ад сумнага аповяду. Але тут жа быў суцешаны  больш светлай і багатай «ежай» з каменнай талеркі. І страў на ёй столькі, што хопіць на ўсіх падарожнікаў.  Не лянуйся толькі слухаць  аповесць пра багацці з  жывога куфэрка. Можна завітаць і на самую высокую кропку на Міёршчыне – так званую Воўчую гару. Яе абсалютная адзнака над узроўнем мора дасягае 206 метраў. Воўчая гара «раскапусцілася» ў даўжыню на 1,6 кіламетра і ўшыркі больш за кіламетр. 

Прыцягальным для вандровак і турызму можна лічыць гідрала­гічны заказнік рэспубліканскага падпарадкавання «Ельня». Агульная плошча яго каля 25 гектараў. Тут захаваўся балотны ландшафт з комплексам рэдкіх і нават знікаючых відаў раслін, жывёл і птушак. Шэраг з іх занесены ў Чырвоную кнігу. 

А ва ўрочышчы Чыстая дубрава нібыта трапляеш у філіял Бярэзінскага запаведніка. Помнік прыроды жывым дываном  разгарнуўся на 23 гектарах у Язненскім лясніцтве. Тут ганарліва стаяць  волаты дубы, якія нара­дзіліся яшчэ ў ХVIII стагоддзі. А калі даверліва  «пагаварыць» з прыгожымі ясенямі, клёнамі, ялінамі ў гарманічным  ансамблі з вольхай, бярозай і меднастволымі соснамі, то можна пачуць яшчэ мноства неверагодных гісторый і паданняў – з глыбіні стагоддзяў і да нашых дзён. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter