Как витебский фотограф Юрий Велитченко снимает и завораживает

Містыка і сотні лайкаў

Гэта здарылася два гады таму. Юрый Вялітчанка з Віцебска загрузіў таймлапс-відэа на YouTube і, без перабольшанняў, прачнуўся знакамітым. Пра што ўнікальны чатыроххвілінны відэаролік, які ён ствараў 4 гады? Аб гарадах, прыродзе, прыгажосці Беларусі і, вядома ж, пра любоў — да родных мясцін, якія натхняюць. Пад відэа «Містычная Беларусь» — сотні каментароў і чыстае захапленне: «Пасля прагляду ўсе захочуць прыехаць да нас у Беларусь!», «Проста бомба! Дзякуй за ваш час і працу! Відэа годна таго, каб стаць афіцыйным рэкламным ролікам Беларусі!», «Мурашкі па скуры!»...



Уражаныя карыстальнікі і не зда­гад­валіся, што Юрый не прафесійны фатограф. Да­кладней, на момант «іміджавай» працы аб Беларусі хлопец меў за плячыма толькі адукацыю тэхніка-электрыка на жалезнай дарозе. Але гэта было не яго, шчыра прызнаўся Юрый. Узважыўшы ўсе за і супраць, ён вырашыў: пара марыць бліжэй да справы, і пайшоў на аддзяленне кінатэлеаператарства Беларускай акадэміі мастацтваў. Сёння Юрый Вялітчанка — дыпламаваны спецыяліст, зарабляе рэкламнай і вясельнай здымкай. Займацца тым, што цябе натхняе, і яшчэ заставацца ў плюсе — аказваецца, гэта рэальна, адзначае суразмоўца:

— Калі шчыра, не думаў, што адной­чы далучуся да мастацтва. Здымаў у сваё задавальненне, ды так уцягнуўся, што зразумеў: камера — мой працяг.

Апошнія чатыры гады Юрый Вяліт­чанка калясіў па гарадах і вёсках на­шай «сінявокай» і фатаграфаваў ці­ка­выя месцы. Гэтыя здымкі ляглі ў аснову да яго папулярнага роліка. Зняць 15 тысяч кадраў, выбраць лепшыя, апрацаваць і скласці іх у адзіны ві­дэарад — усё гэта заняло сотні га­дзін. Музыку да «Беларусі містычнай» напісаў сябар Юрыя, гукарэжысёр Аляксандр Юр’еў. Тандэм выйшаў выдатным і не аднадзённым. Хлопцы да гэтага часу ўдзельнічаюць у сумесных творчых праектах.

Якое месца ў нашай краіне самае «фотагенічнае» — цікаўлюся. Герой артыкула прызнаецца:

— Наша прырода, архітэктура, памятныя месцы — усё асаблівае, з іскрынкай. Але больш за ўсё здзіўляюць руіны з гісторыяй: разваліны млыноў, замкаў, касцёлаў і цэркваў... На­прыклад, лічу, абавязкова варта па­бы­ваць у маляўнічых аршанскіх Смальянах, дзе дагэтуль можна ўбачыць тое, што засталося ад замка «Белы Ковель», збудаванага яшчэ ў XVIII стагоддзі.

У першапачатковых планах, па словах фотамайстра, было зняць відэасюжэт пра родную Віцебскую вобласць. Але праз некаторы час Юрыя запрасілі на працу ў Мінск, потым былі паездкі ў іншыя беларускія гарады. Так, крок за крокам, кадр за кадрам набіраўся багаты цікавы матэрыял, сабраны ў адзінае паскоранае відэа.

Падкова на ўдачу. Рака Лучоса.

Захапленне фатаграфіяй здарылася для Юрыя 11 гадоў таму. Менавіта тады ў сям’і набылі першую лічбавую камеру. Яна лёгка змяшчалася на далоні, успамінае суразмоўца:

— Але ў параўнанні з папярэднім хатнім фотаапаратам «Зоркі» гэта быў прарыў. З кампактнай «мыльніцай» я, здаецца, паспеў захапіць усё наваколле малой радзімы — Суражу. Я гарэў, ляцеў і больш не думаў: «Трэба берагчы кадры». А ў фота, як у жыцці, чым больш настойлівых спробаў, тым лепшы вынік.

Толькі шмат, часта і ўдумліва здымаючы, можна навучыцца мастацтву фатаграфіі. Хоць Юрый да гэтага часу сціпла сыходзіць у бок на пытанне, ці лічыць ён сябе прафесійным фатографам. Замест гэтага кажуць яго працы. Яркія, смачныя, а часам, нібы касмічныя. Далібог, космас — слова, якое лепш за ўсё тут падыдзе. Усе праграмы для апрацоўкі здымкаў і стварэння таймлапс-відэа хлопец вывучаў сама­стойна. Цяпер, калі за інтэрнэт-пошу­кавікамі — сотні настаўнікаў і ўрокаў, трэба пастарацца, каб не здабыць веды, мяркуе таленавіты віцяблянін:

— Фотакурсы не мая гісторыя. Па сутнасці, гэта лайт-версія для тых, хто марыць пра «хутчэй і з гарантыяй». Мне падабалася і дагэтуль падабаецца даходзіць да ўсяго сваёй галавой.

А ў ёй у Юрыя — рой новых ідэй, фантазій і пошук варыянтаў, як увасобіць іх у жыццё. Больш за ўсё ён лю­біць здымаць гарадскія і пастаральныя пейзажы, прыроду. У яго фотапартрэтах таксама адчуваецца ўнікальны аўтарскі стыль. Галоў­нае — злавіць настрой таго, хто знаходзіцца па адваротны бок камеры, раскры­вае тонкасці майстар:

— Кожны чалавек — гэта куфэрак з сакрэтам, калі пашанцуе — зможаш разгля­дзець, што там, унутры, і паказаць свету. Бывае, што куфэрак ніяк не хоча адкрывацца, і прыходзіцца імправізаваць.

Рубаўскі кар’ер.

Старонкі сайтаў усё яшчэ галоў­ная выставачная зала Юрыя Вяліт­чан­ка. Але і з інтэрнэт-прастораў яго талент даўно выйшаў у афлайн. Персанальныя выставы — таму пацвярджэнне. У тым ліку нядаўняя з іх — «Фотарэпартаж з Паднябеснай». Створаная па матывах падарожжа ў Кітай, яна зачароўвае. Як і сама краіна, дзе прыдумалі паперу і компас, шоўк і фарфор, а цяпер укараняюць тэхналогіі, якім можна па-добраму пазайздросціць, лічыць Юрый Вялітчанка. Яго працы заўважылі і ацанілі ў пасольстве Беларусі ў Кітаі. І шэсць гадоў запар у ліку некалькіх дзясяткаў лепшых фатографаў з усяго свету Юрый ездзіць у Паднябесную з фотатэхнікай наперавес. Не проста так — па запрашэнні, кажа віцяблянін:

— Раней я ніколі не выязджаў за мяжу. Убачыць Вялікую Кітайскую сцяну, увабраць у сябе гукі зусім асаблівай для нашага вуха кітайскай оперы, уразіцца архітэктурнаму размаху аэрапорта ў Пекіне — усё гэта было ў нашай культурнай праграме.

І, вядома, засталося ў зробленых на памяць фота.

Каб зняць нешта глыбокае, часам зусім не абавязкова ехаць на край свету, разам з тым прызнаецца суразмоўца:

— Паўночнае ззянне, якое многіх здзівіла ў роліку «Містычная Беларусь», я зняў проста каля дома у родным Суражы пад Віцебскам. Гэта быў сакавік 2015-га і, мабыць, адна з самых надзвычайных удач для мяне як фатографа.

Сёння Юрый Вялітчанка разам з жонкай Ганнай, якую таксама паволі далучае да фота, жыве ў Віцебску. Але з задавальненнем працягвае лавіць у аб’ектыў прыгажосць лясоў і палёў, рэк і азёр, якія раскінуліся за гарадской рысай.  


Фота прадстаўлены Юрыем Вялітчанкам
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter