
Дзень Незалежнасці мае свае графічныя асаблівасці ў афармленні. Гэта перш за ўсё афіцыйныя сімвалы дзяржаўнасці. Першы намеснік дырэктара ДП «Мінскрэклама» Таццяна Каліціна прадэманстравала «Р» эскізы святочных дэкарацый:
— Эскізнае афармленне ўяўляе сабой графіку на аснове колераў нацыянальнай сімволікі — чырвонага, зялёнага і белага. Таксама выкарыстоўваюцца выявы дзяржаўных герба, сцяга. У гэтым годзе дызайнеры зрабілі стаўку на прыродныя матывы — васількі і кветкі лёну. Усе сцягавыя і дэкаратыўна-аб’ёмныя канструкцыі цяпер у працэсе вырабу і неўзабаве будуць усталёўвацца на вуліцах горада.

Таццяна Каліціна акцэнтуе ўвагу: асноўнай лакацыяй 3 ліпеня традыцыйна стане пляцоўка каля абеліска «Мінск — горад-герой!» — там упрыгожаць усе апоры асвятлення, установяць трыбуны. Акрамя гэтага, дэкарыруюць цэнтральныя праспекты і вуліцы, Кастрычніцкую плошчу, плошчы Незалежнасці, Перамогі, а таксама месцы правядзення масавых мерапрыемстваў у адміністрацыйных раёнах горада.
— Усе надпісы, якія будуць красавацца на плакатах, білбордах, арт-інсталяцыях, расцяжках, шчытах, зроблены на дзвюх дзяржаўных мовах у роўных долях, — анансуе Таццяна Каліціна. І дадае: — сцяжковыя пано ўпрыгожаць усе раёны горада, але самае буйнафарматнае размесцяць на фасадзе будынка педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, што на плошчы Незалежнасці. Яго памер — 40 на 18 метраў, усяго 720 квадратных метраў. Сцяжкоў для аплікацыі спатрэбілася шмат — больш за 8800 штук! Іх уручную звязвалі з металічнымі каркасамі. Гэта вельмі доўгая і карпатлівая праца. Зараз завяршаецца падрыхтоўка пано, хутка пачнецца мантаж.
Улетку над вуліцамі Мінска стаіць водар, але яркай расліннасці хутка стане яшчэ больш — да Дня Незалежнасці горад упрыгожаць некалькі тысяч непаўторных жывых кампазіцый. Сюжэты самыя разнастайныя. Спецыялісты высаджваюць бягоніі, цінерарыі, аксаміткі, сальвіі, агератум і петуніі. Мінск зайграе фарбамі дзякуючы вялікаму асартыменту раслін рознай формы. Новыя зялёныя кампазіцыі з’явяцца на ўездах у горад, на ўсіх вуліцах і каля будынкаў, дзе будуць праходзіць мерапрыемствы рознага маштабу.

— Усяго ў гэтым годзе мы высадзім 2 200 000 кветак. Гэта нашмат больш, чым звычайна. Але і гэта яшчэ не ўсё: горад упрыгожваецца кветкамі не толькі за кошт сродкаў бюджэту, але і па ініцыятыве ўласнікаў прадпрыемстваў і арганізацый. Яны добраўпарадкоўваюць, акультурваюць свае тэрыторыі, ствараюць клумбы, выстаўляюць кашпо, вазы, вертыкальныя канструкцыі і іншыя малыя архітэктурныя формы для кветкавага афармлення.
Дарэчы, азеляніцелі сур’ёзна падыходзяць і да сезоннай стрыжкі насаджэнняў. Многія кроны дрэў і кустоў атрымалі форму конусаў, шароў, цыліндраў.
А з надыходам цемры горад зазіхаціць яркімі агнямі. У гонар Дня Незалежнасці ў Мінску ўключаць святочную ілюмінацыю. Новае абсталяванне — святлодыёднае, эканамічнае, з вялікім тэрмінам службы. Чым канкрэтна нас парадуюць, «Р» расказалі ва УП «Мінгарсвятло». Мікалай Свірыд, намеснік дырэктара па ідэалагічнай і арганізацыйнай рабоце, паведаміў, як зазіхацяць гарадскія вуліцы і шырокія праспекты:
— Падключым святлодыёдныя гірлянды з шарамі і светлавымі ніткамі рознай даўжыні над праезнай часткай, дэкаратыўныя элементы на апорах — яны зробяць яшчэ больш яркімі і прыгожымі праспекты Незалежнасці, Пераможцаў, Партызанскі і іншыя вуліцы.

Ігар Пяцігорац, намеснік начальніка электрасеткавага раёна № 5 УП «Мінгарсвятло», анансуе, што 3 ліпеня ў Мінску многія будынкі ўпрыгожыць новы дэкаратыўны падсвет:
— Акрамя існуючых яркіх фасадаў, падсвечвацца будуць дамы на вуліцы Якуба Коласа, Чырвонай. Правялі вялікую працу на Лагойскім тракце, Партызанскім праспекце. Дадатковая ілюмінацыя з’явілася на вуліцах Кірава, Прытыцкага.
Дарэчы, разам з вонкавым асвятленнем у Мінску запаляцца і аб’ёмныя светлавыя фігуры. Гэтыя ўпрыгажэнні ўжо сталі візітоўкай горада, 3 ліпеня ўсе яны будуць працаваць у штатным рэжыме.