Мiнi-ракiроўка. ЦЭЦ на драўнiнных адыходах пачне працаваць у Мастах

Распрацоўку праекта мiнi-ЦЭЦ на драўнiнных адыходах завяршаюць мiнскiя спецыялiсты. Ужо ў чацвёртым квартале гэты аб’ект плануюць здаць у эксплуатацыю на ААТ “Мастоўдрэў”. Устаноўленае ў названым райцэнтры Гродзеншчыны абсталяванне дазволiць перавесцi работу энергетычных установак з прыроднага газу на больш выгадныя драўнiнныя адходы i тым самым знiзiць сабекошт выпускаемай прадукцыi.
Праект у Мастах стане адным з пунктаў сумеснай праграмы Камiтэта па энергаэфектыўнасцi пры Савеце Мiнiстраў Беларусi i ПРААН. Гэта супрацоўнiцтва скiравана на ўкараненне ў рэспублiцы “драўнiнных” мiнi-ЦЭЦ. Бюджэт расходаў у ААТ “Мастоўдрэў”, па папярэднiх падлiках, ацэньваецца ў 8 мiльярдаў рублёў, паведамiў карэспандэнту “НГ” галоўны энергетык прадпрыемства Уладзiмiр Патонiч. Па вынiках праведзенага тэндэра абсталяванне паставяць расiйскiя вытворцы. Дадаткова атрыманая электраэнергiя пойдзе на патрэбы прадпрыемства, цеплавая — непасрэдна для вытворчых лiнiй ААТ i жыллёва-камунальнай гаспадаркi горада. Тэрмiн акупнасцi праекта — 3,5—5 гадоў.
На “Мастоўдрэве”, па словах галоўнага энергетыка, установяць кацёл, разлiчаны на выпрацоўку 22 тон пару ў гадзiну, i турбiну магутнасцю 2,5 мегавата. Гэта дазволiць прадпрыемству ў меншай ступенi залежаць ад знешнiх закупак электраэнергii, абапiрацца на сваю, больш танную. Сумарная нагрузка ў электрасетцы прадпрыемства цяпер складае ў залежнасцi ад пары года ад 2 да 4,5 мегавата.
На рэалiзацыю праекта мастоўскае ААТ у мiнулым годзе ўжо атрымала па лiнii ПРААН i Мiнiстэрства энергетыкi рэспублiкi амаль што 2 мiльярды рублёў. Сёлета мiнiстэрства i Камiтэт па энергаэфектыўнасцi выдзеляць яшчэ 900 мiльёнаў. Асноўныя ж капiталаўкладаннi (каля 5,2 мiльярда рублёў) у ААТ “Мастоўдрэў” збiраюцца ажыццявiць за кошт уласных сродкаў i банкаўскiх крэдытаў.
Для работы мiнi-ЦЭЦ будуць выкарыстоўваць у першую чаргу адыходы мастоўскага прадпрыемства, якiя дагэтуль часткова накiроўвалiся на вытворчасць драўнiнна-стружкавых плiт. У той жа час плануецца закупляць адыходы на iншых прадпрыемствах. Пастаўляць палiва для ЦЭЦ збiраюцца ў асноўным аўтатранспартам пры плячы перавозак не больш як 50 кiламетраў. Пры больш далёкiх маршрутах эканамiчная мэтазгоднасць iстотна знiжаецца, патлумачыў У.Патонiч.
Пераход на работу на драўнiнным палiве стане для прадпрыемства своеасаблiвым вяртаннем у часы, калi яно яшчэ толькi пачынала функцыянiраваць. З пачатку 50-х мiнулага стагоддзя, калi электразабеспячэнне Мастоў яшчэ не было наладжана, электрычную энергiю прадпрыемству давала мiнi-ЦЭЦ, якая працавала на драўнiнных адходах. З цягам часу абсталяванне састарэла. А з пачатку 80-х асноўным палiвам стаў прыродны газ — экалагiчны i на той момант выгадны па цане. Цяпер жа, як таго патрабуе палiтыка iмпартазамяшчэння, на змену “блакiтнаму палiву” прыйдзе “зялёнае”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter