Мiльярдэры з Дрыбiна

Фермерства для Аляксандра Iгнаценкі і трох яго сыноў стала сэнсам жыцця Пакуль улады і грамадства вырашаюць, чым зацікавіць моладзь, каб яна ішла на працу ў сельскую гаспадарку, сям’я з аграгарадка Чэрнеўка адказ на гэтае пытанне ўжо знайшла. Чатыры фермеры з аднолькавым прозвішчам — сёння паспяховыя прадпрымальнікі, лідары абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Проста — сапраўдныя гаспадары ў сваёй справе і жыцці.
Фермерства для Аляксандра Iгнаценкі і трох яго сыноў стала сэнсам жыцця

Пакуль улады і грамадства вырашаюць, чым зацікавіць моладзь, каб яна ішла на працу ў сельскую гаспадарку, сям’я з аграгарадка Чэрнеўка адказ на гэтае пытанне ўжо знайшла. Чатыры фермеры з аднолькавым прозвішчам — сёння паспяховыя прадпрымальнікі, лідары абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Проста — сапраўдныя гаспадары ў сваёй справе і жыцці.


На здымку: фермеры Ігнаценкі (злева направа): Аляксандр-малодшы, Аляксандр Васільевіч, Васіль, Уладзімір.


...А пачалося ўсё амаль дваццаць гадоў таму.

— У 1994-м, — удакладняе Аляксандр Васільевіч. — Я тады вагаўся-думаў: пайсці ў асабісты бізнес, як зрабілі некаторыя знаёмыя, ці застацца на пасадзе старшыні мясцовага сельсавета. Старэйшы сын Уладзімір гэтую ініцыятыву падхапіў першым і яшчэ ў час вучобы ў Беларускай сельгасакадэміі стаў фермерам.

Праз год надзел зямлі атрымаў ужо і бацька. Затым на малую радзіму з дыпломам Віцебскага ветэрынарнага інстытута вярнуўся сярэдні сын — Васіль. «Ілюзій наконт сельскай гаспадаркі не меў, — гаворыць ён. — З маленства працаваў на падворку: былі ў нас каровы з цялятамі, авечкі. Ды і агарод немаленькі». Але, прызнаўся, заўсёды ведаў: калі граматна зрабіць акцэнты, то і прыбытак з зямлі можа быць немалым. Яго ферма «Васілёк» менавіта наватарскімі ідэямі сёння і вызначаецца. Нездарма ён, як лепшы прадпрымальнік, стаў пераможцам абласнога і рэспубліканскага спаборніцтваў па выніках мінулага года.

Аляксандр-малодшы да братоў і бацькі далучыўся апош-нім. Хаця спачатку ў фермеры не збіраўся: вывучыўся ў Мінску на эканаміста, уладкаваўся на працу ў адзін са сталічных банкаў, ажаніўся. Але ў выніку ўсё ж зрабіў канчатковы выбар на карысць вёскі.

— У кожнага з нас свой разліковы рахунак, свой акт на зямлю, але працуем разам, — распавядае Аляксандр Васільевіч. — За агульныя грошы пабудавалі склады для захоўвання збожжа, усталявалі сушыльны комплекс, закупілі неабходную тэхніку, у тым ліку і з дапамогай дзяржавы, у лізінг.

Сёння ў агульным карыстанні фермераў — 800 гектараў зямлі. Стаўку робяць на такія культуры, як пшаніца, гарох, грэчка. Большую частку ўраджаю здаюць дзяржаве. «На кожнага працуючага, а спраўляемся з усім аб’ёмам учатырох, у мінулым годзе зарабі-лі звыш аднаго мільярда рублёў. Спадзяёмся, што па выніках 2013-га будзе не менш», — падзяліўся Ігнаценка-старэйшы.

Самае дарагое, лічыць заснавальнік сямейнай дынастыі фермераў, — гэта час. З такой пазіцыі дрыбінскія хлебаробы разглядаюць новыя ідэі. Напрыклад, па апрацоўцы глебы, якая павінна быць мінімальнай. У якасці арганічных угнаенняў выкарыстоў-ваюць грэчку: расліна напітвае зямлю фосфарам, павышае яе прадукцыйнасць — гэта яшчэ адзін спосаб эканоміі сродкаў. Калі дзе-нідзе на палях былі ўзвышшы ці нізіны — раўнялі альбо падсыпалі грунт. Дарэчы, на рэспубліканскіх «Дажынках» гаспадарку бацькі двойчы адзначылі за высокую культуру земляробства: у 2009-м і сёлета.

Вядома, самыя напружаныя дні для мужчынскай паловы Ігнаценкаў — з вясны па восень уключна. Узімку можна крыху перадыхнуць ды новых ідэй з літаратуры, Інтэрнэту ці чужога вопыту запазычыць. Альбо выкраіць дзень-другі на адпачынак. Праўда, наконт гэтага ў Аляксандра Васільевіча таксама свой аповед. Успамінае, як аднойчы знаёмыя скардзіліся, што не хочуць, каб водпуск заканчваўся. «У такім выпадку, — адзначыў Ігнаценка-старэйшы, — я, лічы, усё жыццё ў адпачынку. Бо праца на зямлі — толькі ў радасць».

Пакуль ёсць вольны час, бацька і сыны думаюць і на далейшую перспектыву. Сярод іншых сямейных і рабочых планаў разглядаюць праект па арганізацыі на аснове сваіх гаспадарак перапрацоўчай вытворчасці. А ў тым, што іх прадукцыя будзе патрэбнай і надалей, не сумняваюцца. Кажуць, попыт на хлеб не мяняецца стагоддзямі.

Таксама ёсць надзея і на тое, што земляробства двума пакаленнямі абмежавана не будзе. Ва ўсякім разе, старэйшы ўнук Аляксандра Васільевіча Аляксей у свае пятнаццаць год асвоіў многія сакрэты сямейнай справы. І ў час летніх канікул зноў збіраецца прадоўжыць «адукацыю» на хлебнай ніве.

Каментарый у тэму

Першы намеснік старшыні, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дрыбінскага райвыканкама Аляксандр РЫНГ:

— Сёння на Дрыбіншчыне працуюць звыш пятнаццаці фермераў, якія ўносяць значны ўклад у эканамічнае развіццё раёна. Кожны з іх знайшоў сваю нішу. Фермерскія гаспадаркі займаюцца рознымі відамі дзейнасці: вырошчваюць агародніну, збожжавыя, развіваюць жывёлагадоўлю і насенняводства. Яны апрацоўваюць дзясятую частку ворнай зямлі раёна, паказваюць высокую культуру земляробства і добрыя вынікі працы. Высокімі ўзнагародамі справядліва адзначаны дасягненні фермерскіх гаспадарак Васіля Разумава, Уладзіміра Рынга, Уладзіміра Цмыгунова і многіх іншых.


Святлана МАРКАВА, «Р»

Фота Святланы МАРКАВАЙ, «Р»
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter