Мiласэрнасць Божая ў маёй душы

Каталiцкая царква адзначае заўтра свята Божай Мiласэрнасцi. Аб сэнсе гэтай урачыстаcцi расказвае настаяцель Салезiянскай супольнасцi ў Мiнску ксёндз Аляксандр ЯШЭЎСКI.
У першую нядзелю пасля Вялiкадня ўспамiнаюць iмя польскай законнiцы сястры Фаусцiны Кавальскай. Сястры Фаусцiне з’яўляўся Сам Хрыстос i вёў з ёй гутаркi аб духоўным выратаваннi чалавецтва, аб Мiласэрнасцi Божай, у якую людзi страцiлi веру. У сваiм дзённiку сястра Фаусцiна красамоўна гаворыць аб тым, чаго жадае Хрыстос ад людзей i на што гатовы дзеля iх: “Чалавецтва не знойдзе супакою, пакуль не звернецца з даверам да Маёй Мiласэрнасцi”. Гэтыя словы Хрыста Папа Рымскi Ян Павел II назваў лепшым антыбiётыкам ад усiх хвароб сучаснага свету.
Езус даручыў праз Фаусцiну намаляваць абраз з Яго выявай i надпiсам “Езу, давяраю Табе”. Яна выканала Яго волю. Пад яе кiраўнiцтвам у Вiльнi быў намаляваны абраз Хрыста Мiласэрнага, убранага ў белае адзенне: Яго правая рука паднятая для бласлаўлення, левая дакранаецца да адзення на грудзях, адкуль зыходзяць два промнi — чырвоны i белы.
26 красавiка 1935 года, калi хрысцiянскi свет адзначаў 1900-годдзе Пакут Збаўцы, у другую велiкодную нядзелю абраз Мiласэрнага Хрыста быў выстаўлены для ўсеагульнага ўшанавання ў акне Вострай Брамы (Вiльня). З такiмi абразкамi i малiтвай на iх адпраўлялiся салдаты на фронт падчас Другой сусветнай вайны. Культ Божай Мiласэрнасцi хутка распаўсюдзiўся па ўсёй Лiтве, Беларусi, Польшчы, пранiкаў у лагеры, а праз уцекачоў — ва ўсе канцы свету, дзе такое набажэнства стала знакам надзеi для ўсiх людзей, якiя страцiлi сябе ў хаосе гэтага свету.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter