Упаковка с антимикробной защитой: как еще можно использовать разработку НАН

Мiкроб, выйдзi вон!

Прэзідэнт неаднаразова гаварыў пра неабходнасць паступовага адмаўлення ад пластыкавай тары, якая наносіць шкоду навакольнаму асяроддзю. Гэтае пытанне закранаецца і ў Дырэктыве № 7 «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны». Апроч іншага, у дакуменце ідзе размова пра паэтапнае адмаўленне ад поліэтыленавай упакоўкі і яе замену на экалагічна бяспечную. Сваю лепту ў вырашэнне пытання гатовыя ўнесці вучоныя Акадэміі навук. Яны распрацавалі водарастваральны біяцыд — яго можна выкарыстоўваць для вырабу ўпаковак з анты­мікробнай засцярогай. Біяцы­ды павялічваюць тэрмін захоў­вання тавараў і пры гэтым з’яўляюцца экалагічнымі. Дзякуючы нізкаму класу небяспекі такія плёнкі можна смела выкарыстоўваць у харчовай прамысловасці. Карэспандэнт «Р» даведалася пра падрабязнасці.

Намеснік загадчыка лабараторыі палімерных біяактыўных рэчываў НАН Уладзімір Тарасевіч: «Праца над праектам пачалася яшчэ ў 2014 годзе».

Кожны з нас сутыкаўся з прадуктам, у складзе якога ёсць біяцыды, але, магчыма, і не падазраваў аб гэтым. Самы відавочны прыклад — антыбактэрыяльнае мыла і сурвэткі для змывання макіяжу. Ужываюцца біяцыды шмат дзе. Дзякуючы наначасціцам у сваім складзе яны павялічваюць антыбактэрыяльную засцярогу крэмаў. Абутковая прамысловасць узяла іх на ўзбраенне для барацьбы з непрыемнымі пахамі скуры і вусцілак. Біяцыды ўваходзяць у саставы сродкаў для разавай апрацоўкі бялізны, што вельмі зручна ў далёкіх падарожжах.

Але што хаваецца за гэтым складаным для далёкага ад хіміі чалавека тэрмінам — «біяцыды»? Кажучы простымі словамі, гэта рэчывы, якія стрымліваюць размнажэнне бактэрый унутры і на паверхні матэрыялу. Яны прысутнічаюць у розных прапітках, лаках, фарбах, мыйных сродках. А яшчэ аказваюць супрацьмікробнае дзеянне. Таму іх дадаюць у састаў антысептыкаў і антыбіётыкаў. З дапамогай гэтых рэчываў чысцяць сцёкавыя воды, іх нават выкарыстоўваюць у якасці кансервантаў у харчовай прамысловасці. Усе гэтыя аспекты дасканала вывучылі вучоныя Інстытута хіміі новых матэрыялаў і прапанавалі свой варыянт — водарастваральны біяцыд.
Біяцыды дапамагаюць ва ўсіх сферах, дзе ёсць вялікая рызыка заражэння шкоднымі бактэрыямі, а значыць, эканомяць сродкі на ачышчэнне бруду і абеззаражванне.
— Праца над праектам пачалася яшчэ ў 2014 годзе, — успамінае намеснік загадчыка лабараторыі палімерных біяактыўных рэчываў НАН Уладзімір Тарасевіч. — За гэтыя гады мы распрацавалі тэхналогію, выпусцілі вопытныя партыі і правялі палявыя выпрабаванні. Тэсціравалі распрацоўку ў якасці сродку засцярогі бульбы ад мікраарганізмаў. Выпрабаванні паказалі, што ў параўнанні з замежнымі аналагамі наш прадукт больш эфектыўны.

Працуе біяцыд вельмі проста. Ім апрацоўваюць якую-небудзь паверхню, ён высыхае і ўтварае ахоўную плёнку. Менавіта яна абараняе ад біяпаражэнняў. Дзякуючы розным дадаткам у сваім складзе біяцыд добра трымаецца на паверхні матэрыялу. Гэты ахоўны эфект асабліва рэзультатыўны для ачысткі пітной вады. Уладзімір Тарасевіч растлумачыў чаму:

Апрацаваныя біяцыдам фільтры служаць даўжэй за звычайныя.
— Зараз мы наносім біяцыды на керамічныя фільтры для ачысткі вады. Гэта распрацоўка нашых калег з Інстытута агульнай неарганічнай хіміі. Усе фільтры, якія працуюць у вадзе, з часам падвяргаюцца негатыўнаму ўздзеянню розных грыбкоў і бактэрый, якія пагаршаюць эксплуатацыйныя якасці вырабу. Усё гэта мы можам назіраць на прыкладзе звычайнага пакаёвага акварыума з рыбкамі. Апрацаваныя біяцыдам фільтры служаць даўжэй за звычайныя. Першыя вопытныя ўзоры і ўстаноўкі для фільтрацыі вады ўжо набылі нашы заказчыкі з Індыі і Саудаўскай Аравіі. Яны пратэсціруюць іх у сваіх краінах і пры жаданні змогуць заказаць яшчэ.

Апускаем керамічны фільтр у ёмістасць з біяцыдам. Калі ён дастаткова прамок, дастаём яго, сушым і гартуем. На ўсё пра ўсё затрачваецца некалькі гадзін. Глядзім на фрагменты водных фільтраў у кубку Петры. Пераконваюся на свае вочы: вакол апрацаваных біяцыдам узораў утварыўся арэол. Гэта вобласць, у якой не размнажаюцца мікраарганізмы.

У перспектыве фільтры, якія набраліся біяцыдамі і атрымалі антымікробныя характарыстыкі, можна будзе выкарыстоўваць для ачысткі паветра ў лячэбных установах. Дарэчы, рэчывы на аснове біяцыдаў даўно шырока прымяняюцца ў медыцыне і ветэрынарыі для дэзынфекцыі. Пабочныя эфекты накшталт карозіі ці паху адсутнічаюць.

У апошнія гады ўвесь свет ламае галаву над тым, як знізіць колькасць поліэтылену ў нашым жыцці і перайсці на экалагічныя матэрыялы. Альтэрнатыва ёсць — полілактыд. Яго атрымліваюць з малочнай кіслаты. Ён хутка распадаецца і не наносіць шкоды прыродзе. Галоўны недахоп — высокі кошт. Аднак, дадаючы ў яго розныя нейтральныя напаўняльнікі накшталт мелу ці пілавіння, можна зрабіць полілактыд таннейшым. Нашы вучоныя пратэсціравалі розныя матэрыялы ў якасці такіх напаўняльнікаў, у тым ліку біяцыд. Вынікі ўражваюць. Атрыманыя полілактыдныя плёнкі валодаюць антымікробнай засцярогай.

Дзякуючы нізкаму класу небяспекі такія плёнкі можна смела выкарыстоўваць у харчовай прамысловасці. Большасць прадуктаў харчавання ў крамах, уключаючы свежую садавіну і гародніну, паступаюць у продаж ўпакаванымі. Адна з важных функцый упакоўкі — павелічэнне тэрміну прыдатнасці і захаванне якасці прадуктаў харчавання. Засцерагчы ежу ад мікробнага забруджвання могуць упакоўкі з біяцыдам. Біяраскладальны пластык — вельмі зручны матэрыял для гэтага віду тэхналогій. Біяцыды ўводзяць ва ўпаковачныя матэрыялы ці наносяць на іх паверхню.

gorbatenko@sb.by

Фота Аляксандра КУШНЕРА
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter