Репортаж с малой родины академика Николая Борисевича

Мікола з Барысоў

Колькі яшчэ птушанят выляціць з бацькоўскага гнязда былога прэзідэнта Акадэміі навук, што ў бярэзінскай вёсцы Лучны Мост

ВЁСКУ Лучны Мост Бярэзінскага раёна вяскоўцы паміж сабой называюць Барысы. Большая частка сямей, якія пражывалі тут у сярэдзіне мінулага стагоддзя, насілі падобнае прозвішча. Хутчэй, гэта быў хутар, зрэшты, як і цяпер. Разам са старшынёй Капланецкага сельвыканкама Любоўю Забаронак накіроўваемся ў ціхае мястэчка да адзінокай 93-гадовай жанчыны — роднай сястры савецкага і беларускага фізіка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, акадэміка АН СССР, акадэміка АН БССР, акадэміка РАН, прэзідэнта АН БССР, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара і заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь Мікалая Аляксандравіча БАРЫСЕВІЧА.


РАІСА Аляксандраўна Паркалава сустрэла на падворку і сама пачала гаворку:

— Заходзьце, калі ласка. Вой, у нас жа хаты, як тыя склады. Згубіцца можна. Я ўсё жыццё пражыла на адным месцы. Нарадзілася ў бацькоўскай хаце, а замуж пайшла цераз дарогу. Прадзед Барысевіч некалі купіў у мясцовага памешчыка зямлю і прывёз траіх сыноў. Кожнаму пабудаваў хаты. Сын Андрэй — мой дзед, а праз дарогу жыў Паўлюк. Вёсачку нашу людзі паміж сабою і называлі Барысы, бо навокал адны сваякі жылі. Вы і сёння спытайцеся ў Сялібе альбо ў Месціна, ніхто не скажа Лучны Мост. Тут да вайны ўсяго 9 хат стаяла, зараз і таго менш.

Сёстры Раіса і Зоя ля бацькоўскай хаты, дзе ў 1923 годзе нарадзіўся Мікалай Барысевіч.

Даволі шпарка гаспадыня забегла ў пакой і пачала растаўляць крэслы. Запытала пра яе ўзрост:

— Ды ўжо 92. Самай старэйшай у сям’і была сястра Вера, з 1921 года. Брат Коля з 1923-га, потым я ў 1926 годзе нарадзілася. За мной сястра Зоя ў 1937-м. Да вайны паспела скончыць 8 класаў. Дзявяты клас не адкрылі ні ў Сялібе, ні ў Беразіно. Затое пачалі працаваць настаўніцкія курсы. Пасля іх заканчэння мяне накіравалі ў Вінораўскую школу, вяла пачатковыя класы. Потым ужо перавялі ў Міралаўку, можа кіламетраў 5 будзе адгэтуль. А пазней вызвалілася месца ў Сялібскай школе, дзе я і настаўнічала аж да пенсіі. А тады захацелася пайсці ў калгас.

Падчас размовы Раіса Аляксандраўна праводзіла экскурсію па хаце. Тут 21 верасня 1923 года з’явіўся на свет яе старэйшы брат Мікалай Барысевіч. Малодшая сястра Зоя Аляксандраўна таксама працавала настаўніцай біялогіі ў мінскай школе № 1. Выдатнік народнай асветы БССР, кіравала метадычным аб’яднаннем школьных біёлагаў Кастрычніцкага раёна Мінска. Старэйшая Вера падчас вайны была ў партызанскім атрадзе, потым працавала сакратаром райкама.

Куток з асабістымі рэчамі Мікалая Барысевіча ў Сялібскім клубе-бібліятэцы.

Слухала расповед і думала: бацькі былі простымі людзьмі, працавалі ў калгасе, адкуль жа ў сям’і столькі настаўнікаў і нават вучоны?

Раіса Аляксандраўна працягвала:

— Мікола пайшоў у школу рана, мусіць, і сямі гадкоў не было. Але ўмеў чытаць, любіў кніжкі. Скончыў у Сялібскай школе 7 класаў, перайшоў у Беразіно. Бацька настаяў. Там у старэйшых класах вучылася і Вера. Яны здымалі кватэру. Прыходзілі зрэдку дадому, бралі бульбу, хлеб, муку, малако… Тады цягнулі гэтыя лясёнкі па гразкай дарозе аж 40 кіламетраў. Брат паступіў у Беразіно яшчэ ў 8-ы клас. Вельмі любіў матэматыку. Але трэба было плаціць за навучанне 150 рублёў за год дзвюма часткамі. Бывала, што і я цягнула яму торбачку такую далеч. А там пабегаю па магазінах, куплю штосьці дахаты і цягну назад. Бацька ж не мог, моцна хварэў на астму. У выніку Міколу вярнулі ў 8-ы клас у Сялібскую школу. Тут ён 10 класаў і скончыў. Прычым з адзнакай! Павінен быў ехаць чамусьці ў Магілёў. Адбыў выпускны вечар 21 червеня 1941 года, а назаўтра пачалася вайна. Усе планы праваліліся. Вера з малым сынам вярнулася да бацькоў. У нашай хаце сабраліся браты Бурымскія, Віктар Няхай — сябры Міколкавы. Адзін з іх працаваў у сельсавеце, другі — на пошце. Першым часам яны хаваліся ад немцаў, потым далучыліся да партызанаў. Пайшла да іх і Вера. Коля праз некаторы час трапіў на фронт, дайшоў аж да Берліна. Калі вярнуўся, зайшоў у хату толькі на хвіліну разам з сябрам Пятроўскім і адразу паехаў на сесію ў Мінск, вучыцца далей хацеў. Экзамены так і здаваў у ваенным шынялі.

Нястомная прага да ведаў цягне маладога чалавека да навукі. Мікалай Барысевіч становіцца студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. А пасля заканчэння аспірантуры Ленінградскага аптычнага інстытута імя Вавілава ў 1954 годзе ўжо як кандыдат навук вяртаецца ў беларускую сталіцу.

З супрацоўнікамі навуковай лабараторыі, 1990-я гады.

СТАРЫЯ і ўчарнелыя ад часу бярвенні зруба, зялёныя аканіцы і нават драўляныя шыбы знешне выглядаюць яшчэ даволі моцнымі. Як склалі хату больш за сто гадоў таму, так яна і стаіць. Вакол вялізныя старыя яблыні, ствалы якіх пакрыты імхом. Нейкая таямнічасць і загадкавасць, ахутаная зелянінай. Навокал кветкі, кветкі, кветкі… Гаспадыня павяла ў пакой, дзе на сцяне вісяць партрэты бацькоў — Аляксандра Андрэевіча і Марыі Сямёнаўны.

Старая печка з лежаком, куды любіў залазіць маленькі Міколка. Забаўляўся там разам з дзедам Андрэем. Вялізныя і доўгія драўляныя лавы і жалезныя на тоўстых нагах ложкі — сапраўдны этнаграфічны музей. Пытаюся, як за столькі гадоў хата выстаяла. Патупаўшы дробным крокам па рыпучых маснічынах, Раіса Аляксандраўна разважае:

— А хто ж яго, дзіцятка, ведае! Нас немцы не спалілі, як дзіва нейкае. Страха тады была саламяная, а гэтыя гады лупілі з гары з аўтаматаў. Усіх парсюкоў на гародзе пабілі, а хатка ўцалела. Божачка засцярог, праўду кажу. Голад перажылі страшэнны. Маці толькі пасля акупацыі карову прывяла аднекуль з-пад Старобіна. Бацька цяжка хварэў, лёгкія не давалі спакою. Каму тут было хату ў парадак прыводзіць? Але як у жыцці атрымалася — ні ў кога з нас, чатырох дзяцей, няма ўнучак. У нашых бацькоў 10 унукаў, і ўсе хлопцы. Ведаеце, што засталося ў памяці? Як Міколка прыязджаў сюды разам са сваімі калегамі, сябрамі… Ой, божачка, хто тут толькі не быў! Сталы для іх накрывалі, а госці прасілі ставіць простую сялянскую ежу, як у дзяцінстве: бліны, яечню са шкваркамі, дранікі… Хапалі гарачыя прама з патэльні. Вось гэта было сапраўднае свята! Потым лавілі рыбу ў Бярэзіне.

Усё сваё жыццё Мікалай Барысевіч прысвяціў служэнню савецкай і беларускай навуцы. Меў шмат узнагарод, сярод якіх 4 ордэны Леніна, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Вялікай Айчыннай вайны I і II ступені, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, 2 ордэны Чырвонай Зоркі, ордэн Францыска Скарыны… Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 снежня 1978 года за вялікія заслугі ў развіцці навукі, падрыхтоўцы навуковых кадраў яму прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Жыў і працаваў вучоны ў Мінску, памёр 25 кастрычніка 2015 года.

А НА малой радзіме ў Барысах так і жыве бацькоўскае гняздо, з якога назаўсёды выляцела яшчэ адно птушаня. І колькі яно прастаіць, невядома. Магчыма, да той пары, пакуль будуць туды з’язджацца ўнукі і праўнукі Веры, Міколы, Раісы, Зоі…

chasovitina@sb.by

Фота аўтара і з архіва сям’і БАРЫСЕВІЧАЎ.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter