Месяц рухае на збыта.

Чым добры і чым адмоўны час месяцовага збыта?  

Неспрыяльнай для правядзення сельскагаспадарчых і хатніх работ, а таксама для перспектыў будучага жыцця лічылася трэцяя квадра Месяца.
Калі надыходзіў маладзік, а гэта значыць, пачынаўся перыяд яго актыўнага росту, у прыродзе ўсё быццам ажывала і набывала дынаміку імклівага напаўнення сокамі зямлі. Менавіта ў гэты час людзі стараліся садзіць тыя сельскагаспадарчыя культуры, якія давалі плады над узроўнем зямлі, напрыклад садовыя дрэвы, агуркі, таматы, боб, фасолю, капусту.
Зусім іншае становішча назіралася ў прыродзе, калі Месяц паварочваў “на збыта”. Быццам нечая вялікая рука, якая шчодра напаўняла сокамі зямлі ўсё прыроднае асяроддзе, стамлялася і на нейкі час апускалася ўніз для кароткага адпачынку. Следам за ёй уніз, да каранёў, кіраваліся энергетычныя патокі жывых раслін. У гэты час трэба было са-
джаць тыя культуры, якія фарміравалі свае плады ніжэй гарызонту зямлі: бульбу, буракі, цыбулю, часнок. Якраз да гэтай пары вясковы люд прымяркоўваў нарыхтоўку лесу для пабудовы хаты, таму што векавыя дрэвы ўтрымлівалі найменшую колькасць вільгаці. Сёння вопытныя медыкі суадносяць з цыкламі Месяца графік аперацый. На “збыта” аперацыя пройдзе з меншымі стратамі крыві і без складанасцей, швы будуць лепш загойвацца.
Сімволіка збыта або знішчэння абумоўлівала характар працы ў садзе і агародзе: у гэты час займаліся праполкай град, пасынкаваннем таматаў, выкарчоўвалі хмызнякі, “падстрыгалі” дрэвы. У гэты час барацьба са шкоднікамі садоў і агародаў будзе паспяховай.
Лічылася, што даўгавечныя будуць тыя дзеці, якія нарадзіліся ў першую квадру; больш шчаслівыя звычайна з’яўляюцца на свет у другую; кароткім будзе век у тых, хто народзіцца падчас трэцяй квадры ці ў тыя тры дні, калі Месяца ўвогуле не відаць на начным небасхіле.
Народная мудрасць безапеляцыйна сцвярджае: у тых сітуацыях (хвароба, справа, адносіны і г.д.), якія неабходна супыніць, не даць расці, распаўсюджвацца і г.д., спрыяў стары Месяц.
На збыта, асабліва ў самыя апошнія дні трэцяй квадры Месяца, пазбягалі ладзіць вяселлі, улазіны, пачынаць доўгатэрміновыя справы, адпраўляцца ў падарожжа, кіруючыся мудрымі словамі: “Калі пойдзе месяц на збыт, дык павыплывае усякае няшчасце на світ”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter