Месца, указанае Богам.

Калі Пецярбург толькі пачынаў будавацца, а да заснавання Чыкага заставалася больш за сто пяцьдзясят гадоў, у Будславе людзі маліліся ўжо два стагоддзі.

Сёння мы пачынаем серыю публікацый пра нашу ЦУДоўную сямёрку з аповеду пра Бернардзінскі касцёл у Будславе Мядзельскага раёна, да якога штогод прыязджаюць тысячы веруючых з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы і іншых краін.

Звычайна такімі словамі айцец Віктар Бурлака, кусташ Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, пачынае экскурсію па бернардзінскім касцёле для замежных турыстаў, тым самым, вядома, адразу здзіўляе іх. Што і казаць, Будслаў — месца намоленае. Здаецца, не толькі зямля, але нават паветра насычана тут духам малітвы. На працягу стагоддзяў людзі прыходзілі сюды, станавіліся на калені, маліліся... А пачалося ўсё ў 1504 годзе.

У той год князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык аддаў манахам-бернардзінцам каля трохсот гектараў лесу ў Мінскім павеце паміж рэчкамі Сэрвеч, Турака і Зуйка. Браты былі адпраўлены сюды з Вільні, каб сплаўляць лес для рамонту віленскага кляштара Святога Казіміра. Яны пабудавалі для сябе часовыя шалашы — буды (адсюль і назва мястэчка), а таксама невялічкае памяшканне для цэлебравання святой імшы і набажэнстваў. І па большасці вялі пустэльніцкае жыццё, пакуль... аблюбаванае імі месца на Сэрвечы не стала папулярным і сярод іншых людзей — дзякуючы цудоўнаму аб’яўленню ў 1588 годзе Маці Божай. Спачатку для пілігрымаў пабудавалі драўляную капліцу, а ў 1643 годзе і мураваны касцёл. Ён, дарэчы, захаваўся і да сённяшняга часу — як частка новага храма, узведзенага ў Будславе ў 1783 годзе.

З цягам часу вакол кляштара ўзнікла паселішча. Манахі-бернардзінцы заснавалі тут пачатковую школу, дзе вучылі дзетак з Будслава і суседніх вёсак. Пасля пры кляштары адчыніліся музычная школа, школа маральнай тэалогіі і рыторыкі. Манахі таксама займаліся харытатыўнай дзейнасцю, даючы ўбогім прытулак і ежу. У 1858 годзе кляштар у Будславе скасавалі, і ў касцёле пачалі працаваць дыяцэзіяльныя святары.

За сваю доўгую гісторыю касцёл перажыў шмат ліхога... У час Другой сусветнай тут тройчы праходзіў фронт, але ніводная бомба не ўпала на мястэчка. Не ўдаліся таксама спробы сталіністаў ні ўзарваць святыню, ні прыстасаваць яе для іншых мэт. Штораніцу мясцовыя дзеці па загаду бацькоў прыходзілі да храма, сядалі на яго прыступках, не падпускаючы да дзвярэй касцёла савецкіх атэістаў. Чапаць малых ім проста не дазволіла сумленне. І храм застаўся некранутым — дзякуючы веры людзей і апякунству Маці Божай Будслаўскай.

Аб’ёмная плоскасць

Ступіўшы ўнутр новага касцёла (менавіта так яго тут называюць, хоць пабудаваны ён аж у XVIII стагоддзі), адразу адчуваеш на сабе яго святло і прастор. Яно і нядзіўна: вышыня касцёла — 54 метры. Здаецца, менавіта такім і павінен быць храм — каб добра дыхалася, адчувалася веліч, каб хацелася стаць на калені...

А вось і ён — цудоўны абраз Маці Божай з дзіцяткам Езусам на руцэ, у срэбным акладзе, у каронах, упрыгожаных камянямі. Вакол абраза — раслінныя арнаменты і чалавечыя постаці. Абраз змешчаны ў галоўным алтары, створаным у стылі класіцызму: чатыры белыя калоны, багата аздоблены ляпнінай фрыз... Цікава, што самога алтара фактычна няма: ён намаляваны на плоскай сцяне. Аднак у гледача ствараецца ўражанне перспектывы і аб’ёму. Гэтак жа — і з бакавымі алтарамі святых Казіміра, Ганны, Юзафа, Тадэвуша і іншых.

Айцец Віктар упэўнены, што, галасуючы ў праекце “Сем цудаў Беларусі” за Будслаўскі касцёл, чытачы газеты і наведвальнікі сайта аддавалі свой голас і за абраз таксама. Гэтыя два аб’екты неаддзельныя адзін ад аднаго і іх можна справядліва называць адным вялікім ЦУДам нашай беларускай зямлі. Тым больш што касцёл у Будславе быў спецыяльна пабудаваны для цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, прывезенага на нашу зямлю ў 1613 годзе.

 

 Вядома, што абраз гэты быў падараваны яшчэ ў 1598 годзе рымскім папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода так цаніў падарунак, што заўсёды браў абраз у паходы. Пасля смерці Паца абраз застаўся яго капелану Ісаку Салакаю. У 1613 годзе якраз перад Вялікаднем Салакай быў у Будславе і, узрушаны набажэнствам, ахвяраваў касцёлу і айцам-бернардзінцам цудоўны абраз.

Ласкі Марыі

З самага пачатку будслаўскі абраз атрымаў пашану ў людзей. Звесткі пра цуды, якімі ён адорваў веруючых, хутка разляцеліся далёка па краіне і нават за яе межы. Пра іх нават кнігу напісалі — яшчэ ў XVII стагоддзі. Айцом Элеўтэрыем Зеляевічам у кнізе “Задыяк на зямлі” апісаны 42 цудадзейныя выздараўленні, якія ўчыніла Найсвяцейшая Панна Марыя і сведкам якіх ён стаў асабіста.
Першым апісаны цуд 1617 года. Ён тычыцца гісторыі пяцігадовага Язафата Тышкевіча, які аслеп. Цэлы год хлопчык нічога не бачыў. Многія з родных Язафата страцілі надзею на яго выздараўленне. Але бацькі хлопчыка працягвалі верыць. У дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі прывялі Язафата ў Будслаўскі касцёл. Як толькі хлопчык пераступіў парог святыні — з яго вачэй нібы спала цёмная заслона. Язафат зноў стаў бачыць. Пазней Тышкевіч стаў вядомым айцом кармелітам і сваім служэннем дзякаваў Богу за такое цудоўнае вылячэнне.

У кнізе апісаны не толькі выпадкі цудоўнога выздараўлення. Вядома, Маці Божая Будслаўская вяртала людзей да веры і нават... ажыўляла памерлых. Адзін з такіх цудаў, напрыклад, адбыўся ў 1638 годзе, калі чатырохгадовая Зоф’я Бужынская звалілася ў сажалку і... утапілася. Калі дзяўчынку выцягнулі, піша Зеляевіч, яна “ўжо ўся счарнела, вочы выйшлі з арбіт, не дыхала і так раздулася, што сарочку на ёй давялося разрэзаць”. Калі ж бацькі з вялікім галашэннем і надзеяй прысвяцілі яе абразу Найсвяцейшай Панны, дзяўчынка адразу ж вярнулася да жыцця.
Вядома, абраз Маці Божай Будслаўскай адорвае ласкамі сваіх дзяцей і сёння. Хоць статыстыку будслаўскіх цудаў цяпер ніхто і не вядзе. Але, адкрываючы скрынку для ахвяраванняў, у ёй часта знаходзяць то залатыя пярсцёнкі, то іншыя каштоўнасці. Без якіх-небудзь подпісаў. Проста ў знак падзякі.

— Многія не хочуць выносіць на людзі тыя ласкі, якія яны атрымалі ад Найсвяцейшай Марыі. Для іх нашмат важней перажываць іх унутры, у сваёй душы, — расказвае кусташ Віктар Бурлака.

Цудоўнае ззянне

На алтарах, сценах, купале касцёла вельмі шмат роспісаў. Асабіста мяне зацікавілі праiлюстраваныя гiсторыі цудаў абраза Маці Божай Будслаўскай. Кампазiцыі сцэн вельмі падобныя: у самым версе, на воблачку, цудатворны будслаўскі абраз, перад якiм у малiтоўным пакланеннi застылi людзі рознага стану i ўзросту. З гэтага шэрагу выдзяляецца сцэна, на якой паказана атрыманне абраза мінскім ваяводам Янам Пацам ад папы Клімента VІІІ у Рыме. Цікава, што акрамя гэтых сцэн і арыгінала абраза ў галоўным алтары ў касцёле знаходзіцца і копія святыні, зробленая ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Перш за ўсё яна выклікае цікавасць сваім ідылічным пейзажам на заднім плане. Рачулка, вёскі, людзі...

— А справа бачыце ззянне? — пытае мяне айцец Віктар. — Калі прыгледзецца, можна ўбачыць абраз Маці Божай Будслаўскай у атачэнні анёлкаў, а побач — манахаў у чорным. Так аўтар адлюстраваў цудоўнае з’яўленне Панны Марыі ў канцы XVI стагоддзя.

Дарэчы, будслаўскі абраз мае некалькі вядомых копій — не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і за мяжой. Напрыклад, самая ранняя з ацалелых копій абраза (XVII стагоддзе) знаходзіцца ў былым дамініканскім касцёле ў Літве.

Маліцца і здзіўляцца

Прыцягвае людзей і сам Будслаў.

— Гэта святое месца, — тлумачыць айцец Віктар. — Людзі імкнуцца сюды не толькі падчас свята Маці Божай Будслаўскай 1 і 2 ліпеня, калі наведваюцца штогод тысячы веруючых. Але таксама на працягу года. Цешыць і тое, што ў Будслаў пастаянна прыязджаюць экскурсіі. Апошнім часам тут сталі бываць кіраўнікі турыстычных фірмаў, каб на ўласныя вочы ўсё ўбачыць і арганізаваць экскурсійны маршрут. Гэта радуе, бо Маці Божая, напэўна, не пакідае без сваёй увагі ніводнага турыста. Усе — і католікі, і праваслаўныя — шукаюць тут штосьці духоўнае, святое. Спрабуюць знайсці адказы на пытанні, дапамогу ў выздараўленні, парады ў жыццёвых сітуацыях.

Штогод сюды прыязджаюць больш за трыццаць тысяч пілігрымаў. Мясцовыя святары і парафіяне нават уявіць не могуць, колькі прыйдзецца прымаць іх праз два гады, калі будзе адзначацца 400-годдзе знаходжання абраза ў будслаўскай святыні. Да слова, пілігрымнае жыццё асабліва забурліла ў Будславе пасля рэстаўрацыі цудатворнага абраза Віктарам Лукашэвічам у пачатку 90-х і яго каранацыі ў 1998 годзе. Вядома, з тых часоў змяніўся і сам касцёл, рамонт у якім не рабіўся з 1939 года! Затое цяпер храм атрымаў новы медны дах, дубовыя вокны, найбольшыя з якіх дасягаюць 8 метраў у вышыню, на ахвяраванні вернікаў і дабрадзеяў вядзецца паэтапны рамонт фасадаў.

— Дзякуючы экспертам з Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі нам удалося, адкрыўшы восем пластоў пафарбоўкі, вызначыць арыгінальны колер храма, — расказвае айцец Віктар. — Менавіта ў такім стылі зараз і праводзім рэстаўрацыю касцёла. Хочацца захаваць яго як мага лепш. Каб прыходзіць сюды, маліцца і здзіўляцца маглі не толькі мы, але і нашы дзеці, унукі, праўнукі... Будслаўскі касцёл, ЦУД беларускай зямлі, заслугоўвае гэтага.

Наватарскі алтар

Калі шчыра, гэта здзіўляе, асабліва калі ведаеш лёс іншых храмаў на тэрыторыі былога Савецкага Саюза. У Будславе ж захаваліся адразу два касцёлы — і новы, і стары, які зараз з’яўляецца капліцай святой Барбары. Туды мы з айцом Віктарам і накіраваліся ў першую чаргу.

 Галоўная жамчужына старога касцёла — унікальны чорны разны алтар з фігурамі святых Старога Запавету. Я чула пра яго і раней — ад пілігрымаў, святароў, гісторыкаў мастацтваў. Але на свае вочы не бачыла. Таму была вельмі ўражана, убачыўшы ў бялюткім памяшканні капліцы алтар з цёмнага дрэва і пазалочанымі фігурамі. Яркае відовішча. Незвычайная кампазіцыя, ілюзорная перспектыва, багатая аздоба... У свой час алтар у Будславе стаў наватарствам у сакральнай архітэктуры не толькі Беларусі, але і ўсёй Рэчы Паспалітай. Толькі ў другой палове ХVІІ стагоддзя з’явіліся ў Польшчы падобныя алтары.

— Алтар унікальны. Добра было б яго аднавіць, — кажа айцец Віктар. — Аднак гэта не проста. Польскія спецыялісты ацанілі працу па рэстаўрацыі алтара ў сто тысяч долараў. А такіх грошай у касцёла, на жаль, няма.

Вядома, святыня гэта была спецыяльна зроблена для абраза Маці Божай Будслаўскай, слаўнай сваімі цудамі (“Народная газета” пісала пра іх у нумары за 2 ліпеня гэтага года). Дарэчы, дзякуючы надпісу на адваротным баку абраза ўдалося ўстанавіць разьбяра, які выканаў для алтара дэкаратыўную аздобу і фігуры святых. Ім быў беларус Пётр Грамель. А вось аўтар унікальнага праекта невядомы да сёння. Кажуць, ім, хутчэй за ўсё, быў нейкі італьянскі майстар, які раней меў дачыненне да тэатральнай сцэнаграфіі. Пасля таго, як у Будславе пабудавалі новы касцёл, змяніў месца прапіскі і цудоўны абраз Маці Божай Будслаўскай. Ікона апякункі нашага краю была перанесена ў самае сэрца новага храма — у яго галоўны алтар.

Маючы такія святыні, мы можам смела гаварыць, што на Беларусі Бог жыве

Раіса БАРАВІКОВА, пісьменніца:
— На жаль, у Будславе я яшчэ не была. Але вельмі шмат чула і пра мястэчка, і пра абраз, і пра сам касцёл. А таксама глядзела па тэлебачанні рэпартажы з фэстаў, якія адбываюцца там штогод. І мяне заўсёды здзіўляла, колькі людзей прыходзіць да гэтай святыні. Не толькі беларусы, але і расіяне, украінцы, літоўцы... Прыходзяць, каб у гэтай светлай мясціне прыпадняцца над зямнымі праблемамі і атрымаць вялікую духоўную моц. Некалі Караткевіч сказаў: “На Беларусі Бог жыве”. Маючы такія святыні, як Будслаў,  з упэўненасцю можам сказаць, што мы, беларусы, сапраўды жывём з Богам. А ў Будслаў я абавязкова з’езджу.

Ілля ЛАПАТО, журналіст, пілігрым:
— Ніколі не забуду сваю першую пілігрымку ў Будслаў. Было гэта пасля першага курса. Спевы, дарога, моладзь... Не забуду і тых людзей, якіх мы сустракалі па дарозе. Мы ішлі праз вёску, а жыхары нас ужо чакалі. Нарыхтавалі вёдры з вадой — гэта каб мы смагу наталілі. Бабулькі прасілі памаліцца за іх, бо самі ісці далёка яны не маглі. Іншыя давалі ахвяру ці паперкі з просьбамі — усё гэта мы пасля клалі пад алтар Маці Божай...
Кожны раз, калі прыязджаеш ў гэта святое месца, першыя імгненні проста стаіш, узіраючыся ў храм, і нічога не можаш сказаць — так хораша становіцца на сэрцы. У Будславе асаблівая атмасфера. Ціша і супакой. Лепшае месца, каб сабрацца з думкамі і пабыць сам-насам  і з Богам.

Галіна АКСЮЧЫК, жыхарка Будслава, бібліятэкар:
— Нельга не пагадзіцца, што Будслаўскі касцёл з’яўляецца бясспрэчным цудам — у жыцці мястэчка, Беларусі і ўсіх хрысціянскіх краін. Адусюль сюды прыходзяць, асабліва 1 і 2 ліпеня на свята абраза Маці Божай Будслаўскай. І з Германіі прыязджаюць, і з Італіі, і з Літвы, і з Расіі... Для мяне як мясцовай жыхаркі заўсёды вялікая радасць бачыць гэтыя тысячы пілігрымаў, якія, нібы мурашачкі, цягнуцца рознымі сцежкамі да нашага касцёла. Кожны раз, калі бачу іх, да горла падступае нейкі ком, сціскае нешта ўнутры і я не магу стрымаць слёзы. Гэта слёзы шчасця і захаплення пілігрымамі. Яны ж прарабілі такі шлях, не пашкадавалі ні ног, ні часу і з радаснымі тварамі прыйшлі сюды, у Будслаў, каб пакланіцца святыні. Ці ж не цуд?!

Гэта цікава!

  • У час Другой сусветнай праз Будслаў тройчы праходзіў фронт, але ніводная бомба не ўпала ні на касцёл, ні на мястэчка.
  • Штогод на свята Маці Божай Будслаўскай 1 і 2 ліпеня прыязджае больш за 30 тысяч пілігрымаў.
  • Алтар у Будславе, створаны ў XVII стагоддзі, з’яўляецца ўнікальным не толькі для Беларусі, але і для Літвы, Польшчы. Гэта адзін з першых алтароў, дзе выкарыстана ілюзорная перспектыва.
  • Вышыня вокнаў у Будслаўскім касцёле дасягае 8 метраў.
  • Абраз Маці Божай Будслаўскай знакаміты сваімі цудамі. Як сведчаць пісьмовыя крыніцы, апякунка Беларусі нават мёртвых падымала на ногі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter