Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Марыя Мельнікава з Расіі і Шцепан Вячэржа з Чэхіі з удзячнасцю згадваюць беларускі райцэнтр Кіраўск, дзе іх родавыя карані, дзе яны пакінулі часцінку сваіх сэрцаў

Месца сустрэчы — зямля продкаў

Заўважылі: лета наступіла! Канікулы, час адпачынкаў — і вандровак па ўсім свеце. Ды ў кожнага з нас, аднак, ёсць мясціны самыя-самыя, вяртацца ў якія заўсёды прыемна. Многія з беларусаў, хто ў сілу жыццёвых абставінаў адарваўся ад Бацькаўшчыны, якраз на лета й плануюць хвалюючыя сустрэчы з ёй. З родзічамі, сябрамі дзяцінства, суседзямі й проста роднымі краявідамі, дрэвамі, рэчкамі-азёрамі, лугамі-сенажацямі...

Мяне асабіста ў роднай Яцкаў­шчыне, што пад старажытным Клецкам, за 30 кіламетраў ад самага цэнтра многім вядомага Нясвіжа, страчае цяпер хіба што стары бацькоўскі сад, падноўлены маладымі яблынькамі, моцная — з бярвенняў, разам з татам ашаляваная — хата. Усё менш застаецца ў вёсцы людзей, знаёмых з дзяцінства: хто раз’ехаўся, хто й пакінуў гэты свет. Словамі няпроста перадаць, што грэе нас на малой радзіме. Скажу толькі: нібыта нейкую душэўную раўнавагу там, у роднай невялічкай вёсцы, знаходзіш пасля напоўненага рознымі хваляваннямі, разгайдана-імклівага сталічнага жыцця. Таму, дарэчы, неяк я й напісаў такія радкі: “У вёску еду — па няспешнасць:/ Найсаладзейшую з уцех./ Бо ў садзе там пануе Вечнасць,/ А ў гарадах — гайдае спех”.

А як успрымаюць “зямлю продкаў” тыя, хто нарадзіўся й рос удалечыні ад яе, бываў у Беларусі пераважна ўлетку, наездамі? Сёння ў нас ёсць магчымасць паслухаць такіх людзей — дзякуючы журналістцы з Новасібірска Людміле Бяляўскай. Чытачы, пэўна ж, памятаюць яе цёплыя, шчырыя нататкі пра сябе й беларускі род, бацькоў: ветэрана вайны Уладзіміра Бяляўскага ды ягоную жонку Марыю. (“Лёсу нітачка несканчоная”. — ГР, 18.01.2018). Нагадаем, гаворка — пра раённы горад Кіраўск Магілёўскай вобласці. І вось мы падаем тэксты ў працяг тэмы: Людміла Уладзіміраўна распытала ў дачкі Марыі (названай так у гонар бабулі) ды пляменніка з Чэхіі Шцепана (сын малодшай сястры Валянціны, якога, пэўна ж, у беларускім Кіраўску звалі па-свойску Сцяпанам) пра тое, чым помніцца ім беларускае дзяцінства. Хоць усе тэксты й былі дасланы ў рэдакцыю амаль адначасова, мы ж палічылі: успамінам пра лета — улетку й друкавацца. Спадзяемся, некаму, пачытаўшы споведзі, захочацца прыехаць у Беларусь, занырнуць у тую прыгожую й непаўторную рэальнасць, дзе па гэты час жыве нашае дзяцінства.

Іван Ждановіч

Голас Радзімы № 21 (3573), чацвер, 7 чэрвеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter