Месца пад «рыначным» сонцам

Добрушскае   прадпрыемства   яго   страцiла,   улады   клапоцяцца   пра   тое,   каб   работнiкi   не   папоўнiлi   рады   беспрацоўных

Добрушскае   прадпрыемства   яго,   падобна,   страцiла,   улады   клапоцяцца   пра   тое,   каб   работнiкi   не   папоўнiлi   рады   беспрацоўных

Так ужо атрымалася, што ў карпункты  «Рэспублiкi» i «Звязды» па Гомельскай вобласцi  група працаўнiкоў Добрушскага фiлiяла адкрытага акцыянернага таварыства «Малочныя прадукты» звярнулася ў адзiн i той жа дзень: «Дапамажыце!» Трывога выразна гучала i ў пiсьмовых зваротах да прэсы. А звярнуцца людзей у рэспублiканскiя выданнi  вымусiла крызiсная сiтуацыя, якая склалася апошнiм часам на прадпрыемстве. Сутнасць яе i перадаюць радкi пiсьма.

«З 1 снежня мiнулага года генеральным дырэктарам ААТ «Малочныя прадукты» Уладзiмiрам Коцурам прынята рашэнне аб прыпыненнi работы фiлiяла. Каля 100 работнiкаў на два месяцы адпраўлены ў вымушаны адпачынак з аплатай 2/3 месячнай тарыфнай стаўкi. На прадпрыемстве працуе толькi невялiкi цэх па вытворчасцi заменнiка цэльнага малака (ЗЦМ). А ў кожнага з нас – сем’i, дзецi. Што будзе пасля,  кiраўнiцтва акцыянернага таварыства нам не паведамляе, хаця тыя дзеяннi, якiя зроблены, сведчаць калi не аб поўным закрыццi прадпрыемства, то аб яго перапра-фiляваннi...

У сярэдзiне снежня, пасля нашага першага звароту ў Гомельскi аблвыканкам, адбыўся агульны сход калектыву з удзелам Уладзiмiра Коцура, намеснiка старшынi аблсельгасхарчу Мiкалая Цеплякова i начальнiка ўпраўлення сельскай гаспадаркi i харчавання Добрушскага райвыканкама Аляксандра Антановiча. З трыбуны нам паабяцалi, што прадпрыемства не закрыецца, што рабочыя месцы будуць захаваны, што прыбытак ад рэалiзацыi ЗЦМ будзе накiраваны на мадэрнiзацыю i рамонт фiлiяла. Мы б згадзiлiся, як бы нi было цяжка, пацярпець, калi б бачылi, што абяцанае выконваецца. А што на самай справе?

Сыравiна (90 тон малака штодзень), якая да прыпынення работы фiлiяла паступала да нас, напрасткi завозiцца ў Гомель на галаўное прадпрыемства. Прыбытак ад рэалiзацыi ЗЦМ i казеiну таксама асядае там. 12 студзеня на прадпрыемстве пачаўся дэмантаж абсталявання пад матывам устаноўкi лiнii па вытворчасцi гафрыраванай тары. I толькi дзякуючы ўмяшальнiцтву старшынi Добрушскага райвыканкама Вольгi Мохаравай ён быў прыпынены. Хiба не абсурд, калi, маючы ў Добрушы папяровую фабрыку «Герой працы», мы павiнны вырабляць прадукцыю, не ўласцiвую для харчовага прад-прыемства?! А можа, гэта завуалiраванае разрабаванне нашага прадпрыемства?!

Дарэчы, да Вольгi Фёдараўны мы неаднаразова звярталiся з просьбай аб дапамозе фiлiялу. Да вырашэння праблемы падключаўся i дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Уладзiмiр Маёраў. Але, напэўна, не ўсё ў iх сiлах. Дапамажыце нам адстаяць свае правы i дабiцца справядлiвасцi!»

Згадзiцеся, пакiнуць гэты крык адчаю без увагi было немагчыма. Размова ж iдзе не толькi аб лёсах самiх 120 масларобаў, але i аб iх сем’ях. Таму мы неадкладна накiравалiся ў Добруш. Там i сустрэлiся з першым намеснiкам старшынi аблвыканкама Аляксандрам Баранавым i вышэйназванымi Вольгай Мохаравай, Мiкалаем Цепляковым i Уладзiмiрам Коцурам. Аказалася, што на гэты дзень быў прызначаны сход калектыву, на якiм абодва бакi спадзявалiся прыйсцi да паразумення.

Кiнулася ў вочы, ледзь завiталi ў цэх, дзе мелася адбыцца сустрэча, напружанасць i трывога лю-дзей. Гэта адчувалася i ў ходзе дыялога. Распачаў яго Аляксандр Баранаў, да прамоўцы далучылiся iншыя кiраўнiкi. Сутнасць iх выступленняў зводзiлася да наступнага.

Ва ўмовах фiнансавых цяжкасцей увесь свет iмкнецца да вытворчай iнтэграцыi, мэта якой – павышэнне канкурэнта-здольнасцi тавараў, утрыманне ранейшых i заваяванне новых рынкаў збыту. Вобразна кажучы, на парадку дня стаiць пытанне выжывання, захавання свайго месца пад сонцам. Якiя ж працэсы ў гэтым напрамку адбываюцца ў мяса-малочнай галiне вобласцi? У вынiку рэарганiзацыi з 305 сельгасарганiзацый — пастаўшчыкоў сыравiны сёння тут дзейнiчае каля 200. Яны адпраўляюць на перапрацоўку штодзень 1,5—2 тысячы тон малака, магутнасцi ж малаказаводаў перавышаюць названы аб’ём дзесьцi на 700 тон. Словам, малака i вырабаў з яго хапае не толькi для ўнутранага спажывання, але i для экспарту, аб’ём якога за мiнулы год склаў 177 мiльёнаў долараў i павялiчыўся  ў параўнаннi з папярэднiм годам болей чым на 38 працэнтаў. Але ж  вось парадокс: нават гэты, здавалася б, прывабны малюнак не дазволiў малочнай галiне Гомельшчыны стаць прыбытковай. Чыстыя страты яе дасягнулi за 11 мiнулагоднiх месяцаў 35 мiльярдаў рублёў. Становiшча крыху паправiлi тры прыбытковыя мясакамбiнаты рэгiёна, але вiдавочнасць таго, што з гэтай крытычнай сiтуацыi трэба шукаць аптымальны выхад, несумненная. Тым больш што ва ўмовах агульнага абвалу цэн расiйскiя спажыўцы да якасцi нашай прадукцыi сталi куды больш патрабавальнымi: з-за прадпiсанняў iнспекцыi Расiйскага ветэрынарнага нагляду сёння нiводнай тоны мясных вырабаў з мясакамбiнатаў Гомельшчыны не пастаўляецца ў краiну-суседку, а экспертызу гэтай службы прайшла толькi палова прадпрыемстваў па перапрацоўцы малака. А ў Расiю ж пастаўляецца да 90 працэнтаў экспартнага аб’ёму.

Адзiна правiльны шлях у гэтай сiтуацыi – карэнная мадэрнiзацыя вытворчасцi, новыя тэхналогii, кааперацыя i г.д. Канк-рэтныя прыклады такой паспяховай работы ёсць i ў суседзяў-лiтоўцаў, i ў некаторых рэгiёнах нашай краiны. Каму, да прыкладу,  невядомы напрацаваны на працягу пяцi гадоў вопыт брэсцкай фiрмы «Савушкiн прадукт», што згуртавала пад сваiм крылом некалькi невялiкiх малочных заводаў рэгiёна. Укладзеныя ў сучасную перапрацоўку немалыя грошы ўжо прыносяць рэальную аддачу: прадукцыя брэстаўчан дамiнiруе на айчынным рынку, карыстаецца вялiкiм попытам за мяжой.

Пазiцыя кiраўнiцтва рэспублiкi i вобласцi сугучная гэтаму руху: у адзiночку зараз выжываць складана, неабходна ўзбуйняцца i праводзiць узгодненую палiтыку, адышоўшы ад непатрэбнай у сённяшнi жорсткi час унутранай канкурэнцыi. Другой хваляй такой кансалiдацыi сiл i сродкаў (першая пачалася ў 2003 годзе) з’явiлася нядаўняе стварэнне абласнога аб’яднання мяса-малочнай прамысловасцi, у склад якога i ўваходзiць ААТ «Малочныя прадукты» i адзiн з яго фiлiялаў у Добрушы. I тут дарэчы прывесцi наступныя лiчбы i факты.

Дзейнасць названага акцыянернага таварыства па вынiках 11 месяцаў мiнулага года, на жаль, паспяховай не назавеш: страты дасягнулi 12,5 мiльярда рублёў, уклад дабрушан у гэты вынiк – больш за 2 мiльярды. Прычын некалькi. Адна з асноўных –  вядомы ўсiм спад цэн, у вынiку той жа тэхнiчны казеiн, на вырабе якога спецыялiзавалiся i дабрушане, патаннеў за непрацяглы час з 10 да 4,3 долара пры затратах на выраб кiлаграма ў 6 долараў.

Зразумела, што любы гаспадарнiк сабе на шкоду працаваць не будзе, таму часова ў снежнi работа казеiнавай лiнii была спынена. I што ж? Калектыў у апошнi месяц 2008-га пазбег страт. Работнiкi прадпрыемства ў размове з журналiстамi i на агульным сходзе называлi i яшчэ адзiн значны, на iх погляд, фактар: на працягу двух дзесяткаў гадоў тут практычна не праводзiлася тэхнiчнай рэкан-струкцыi, калi не ўлiчваць устаноўленую каля пяцi гадоў таму (пасля ўваходжання ў ААТ)  лiнiю па вытворчасцi казеiну. Адказнасць за гэтыя ўпушчаныя магчымасцi ў немалой ступенi ляжыць i на сённяшнiм кiраўнiку фiлiяла Аляксандры Барсяковым, якi да прызначэння дырэктарам шмат гадоў займаў тут пасаду галоўнага iнжынера. У калектыве сцвярджаюць: праяўляў бы патрэбную настойлiвасць i зацiкаўленасць, як гэта рабiлi дырэктары тых жа Жлобiнскага, Рэчыцкага i iншых малаказаводаў рэгiёна, сёння б дабрушане стаялi на нагах больш трывала. Але ж, як кажуць, ёсць тое, што ёсць...

Як варыянт выхаду на шлях больш эфектыўнай работы не толькi фiлiяла, але i ўсяго акцыянернага таварыства прапаноўвалася, апроч аднаўлення ў Добрушы вытворчасцi казеiну i захавання выпуску заменнiкаў цэльнага малака, арганiзаваць тут цэх па вырабе гафрыраванай тары. Выгода гэтага кроку эканамiчна абгрунтаваная. Калi дабрушане штомесяц выпускалi прадукцыi на 600 мiльёнаў рублёў, дык з устаноўкай аўтаматызаванай лiнii i наладжваннем вырабу упаковачных скрынь гэта лiчба прыкметна ўзрасце.

Варта заўважыць, што зараз прадпрыемствы малочнай галiны вобласцi штомесяц затрачваюць на набыццё тары 4 мiльярды рублёў, што складае 3 працэнты ад агульнай сумы рэалiзацыi прадукцыi. Але ж ёсць, як кажуць, i адваротны бок медаля, i ён больш за iншае трывожыць калектыў фiлiяла. А менавiта: з укараненнем аўтаматыкi рабочыя рукi значнай часткi сённяшнiх масларобаў застануцца незапатрабаванымi,  людзi, страцiўшы свае рабочыя месцы, папоўняць рады беспрацоўных. Таму ў ходзе дыскусii, якая праходзiла даволi востра, а часам з адкрытымi папрокамi ў адрас ранейшага кiраўнiцтва акцыянернага таварыства, гэты матыў гучаў вельмi выразна. Знайшлося месца i дастаткова нечаканым прапановам: адпусцiце прадпрыемства на волю, дайце самастойнасць. Былi ж, маўляў, некалi прыбыт-ковымi, выжывем i цяпер. Мiж тым адна з прыведзеных Аляксандрам Баранавым лiчбаў прымушала цвяроза ацанiць рэалii: дзе ўзяць тыя 15 мiльярдаў рублёў, каб зноў зрабiць плывучым добрушскi «тытанiк», як той-сёй ў райцэнтры ўжо ахрысцiў гэта прадпрыемства. Вось у гэтым, апрача iншага, i крыецца загваздка.

Што ж да трывог, то, i гэта было пацверджана на сходзе, пакiдаць лю-дзей на волю лёсу ў гэты няпросты час нiхто не мае намеру. Таму напярэдаднi кiраўнiкi ўладных структур, аб’яднання «Мясамалпрам» i акцыянернага таварыства напружана працавалi над тым, каб даць шанц кожнаму не страцiць квалiфiкаваныя кадры. Таму i была прапанова персаналу фiлiяла сустрэцца пасля сходу з вока на вока з прадстаўнiчай камiсiяй i ўважлiва выслухаць адзiн аднаго. Спачатку людзi ўспрынялi яе, так бы мовiць, непрыязна, але ж цвярозыя развагi ўзялi верх: частцы калектыву ўсё ж давядзецца зрабiць свой выбар, бо на ранейшай вытворчасцi застацца могуць далёка не ўсе. А што  астатнiм? Шукаць работу? Самiм гэта зрабiць няпроста, у раёне беспрацоўнымi лiчацца 103 чалавекi, кагорта так званых скрытых беспрацоўных тут яшчэ большая. Сапраўды, калi разглядаць сiтуацыю праз прызму Дзяржаўнай праграмы комплекснага развiцця рэгiёнаў, малых i сярэднiх гарадскiх пасяленняў, то знак плюс у сiтуацыi з фiлiялам наўрад цi паставiш.

Улiчваючы гэты маральна-псiхалагiч-ны момант, кiраўнiкi вышэйназваных структур i прапанавалi людзям карту вакансiй як у галаўным прадпрыемстве «Малочных прадуктаў» у Гомелi, так i ў раёне. Адпаведна 36 i 40 месцаў. Нехта пагадзiўся мець пастаянную работу па сваёй спецыяльнасцi ў абласным цэнт-ры, тым больш што дастаўку да месца працы i назад iм гарантавалi. Нехта з-за сямейных i iншых абставiнаў спынiў  выбар на сваiм раёне (працаўладкавацца  тут  абавязалася iм дапамагчы  старшыня  райвыканкама Вольга Мохарава). А нехта, у асноўным работнiкi перад-пенсiйнага i пенсiйнага ўзросту, пажадалi аформiць дакументы на скарачэнне з адпаведнымi выплатамi.

Мы таксама былi сведкамi  зацiкаўленых дыялогаў, i нам падалося, што большасць працаўнiкоў выйшлi з кабiнета, дзе яны адбывалiся, задаволенымi. I ўсё ж цi азначае гэта, што добрушскаму «тытанiку», якi трапiў у шторм, кiнуты выратавальны круг? Цi будуць да канца зняты хваляваннi людзей, цi прынясуць чаканы вынiк прынятыя захады па рэфармаваннi вытворчасцi? Гэта пакажа час.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter