Ганна ЦЯПКОВА не так даўно атрымала прэмію для маладых навукоўцаў НАН Беларусі імя акадэміка Усевалада Ігнатоўскага. Старэйшаму навуковаму супрацоўніку Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры ўзнагароду прысудзілі за даследаванне «Эвалюцыя беларускіх мястэчак і іх сучасны стан». Што цікавага высветліла пра нашы мястэчкі даследчыца і які вопыт міжкультурнага дыялогу яны захоўваюць? Пра гэта — наша бяседа.
— Я нарадзілася ў Мінску, тут вучылася і жыву. А вось сваё дашкольнае дзяцінства правяла на мамінай радзіме, у Гарадку, дарэчы, былым мястэчку. Мой будучы навуковы кіраўнік у аспірантуры прапанаваў для распрацоўкі цікавую і перспектыўную тэматыку. Ды і сама ўжо з асабістага вопыту была добра знаёма са спецыфікай такіх паселішчаў.
— А чым мястэчка адрозніваецца ад вёскі ці малога горада?
— Яны сумяшчалі ў сабе як сельскія, так і гарадскія рысы, выконвалі функцыі эканамічных, адміністрацыйных, камунікацыйных, культурных цэнтраў невялікіх сельскіх раёнаў. У мястэчках развіваліся гандаль і рамёствы. Такія паселішчы мелі сваю характэрную структуру планіроўкі і забудовы. Ядро — гандлёвая плошча, на якой адбываліся кірмашы і таргі.
Характэрныя пабудовы сумяшчалі гандлёва-рамесную (лаўка або майстэрня) і жылую часткі. Акрамя лавак і шэрагаў былі і карчмы. Многія жылыя дамы мелі этнічныя і рэлігійныя асаблівасці. У яўрэйскіх, напрыклад, мелася адтуліна ў даху, неабходная для святкавання Сукоту, якая зачынялася люкам. А татары беленыя сцены сваіх жылых пакояў упрыгожвалі арнаментамі з тэкстамі на татарскай і арабскай мовах. Гэтыя дзве нацыі, дарэчы, традыцыйна сяліліся асобнымі кварталамі або вуліцамі.
— Прыблізна якая колькасць мястэчак захавалася ад Сярэднявечча да нашых часоў?
— У першай палове ХХ стагоддзя такая адміністрацыйная адзінка была ліквідавана. Частка з іх набыла статус горада: Паставы, Клецк, Валожын... Пасёлкамі гарадскога тыпу сталі Іўе, Дзятлава, Клічаў. Моталь, Целяханы, Цімкавічы, Юрацішкі і іншыя — вёскі. З 2005 года некаторыя былыя мястэчкі пераўтвораны ў аграгарадкі (Гальшаны, Будслаў, Зембін, Сноў) і гарады-спадарожнікі: Лагойск, Дзяржынск і Заслаўе.
— Жыхарамі мястэчак звычайна былі прадстаўнікі розных нацый. Як былі пабудаваны адносіны паміж імі? Ці ўласціва для гэтых суполак народнае адзінства, год якога адзначаем зараз?
— Мястэчкі адрозніваліся поліэтнаканфесійнай структурай насельніцтва, большасцю былі беларусы і яўрэі. У многіх пражывалі таксама палякі, рускія, украінцы, татары, літоўцы, немцы, цыгане... На працягу доўгіх стагоддзяў мірна суседнічалі праваслаўныя, каталікі, іудзеі і мусульмане, не маючы канфліктаў.
Ракаў з мястэчка пераўтвораны ў аграгарадок...
— Ці адбываецца змешванне, напрыклад, беларускіх традыцый і асаблівасцей старавераў?
— Мае сустрэчы са стараверамі ў мястэчках былі не вельмі інфарматыўныя, бо старэйшае пакаленне не кантактнае і не любіць расказваць пра свой уклад жыцця, традыцыі. А моладзь у іх звычайная. Як казала адна інфарматарка: «Старых цяпер ужо няма, а маладыя свайго не прытрымліваюцца. І з нашымі дзяўчатамі і мальцамі дружаць і ядуць тое, што і мы».
— Можа, нейкія моўныя асаблівасці ў мястэчку ўсё ж захаваліся?
— Пастаянныя кантакты з прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцей пакінулі свой след у беларускай мове. Так, з’явілася нямала слоў татарскага паходжання, якія ўспрымаюцца як звыклыя: база, бакалея, гарбуз, паказаць, кабан, будан, чай, каўпак, сабака, сарафан, торба, харч, калач, базар. Нямала ўвайшло ў наш лексікон з яўрэйскага, у першую чаргу гэта датычыцца гандлю і рамёстваў. А яшчэ лексіка, запазычаная з нямецкай і іншых моў. Напрыклад, абцас, рэшта, гарбар, дах, каўнер, кілішак, крышталь, цукар, цымбалы...
— Ці можна было пазнаць насельніка мястэчка па вопратцы?
— У жыхароў мястэчак не было адзінага касцюма, бо склад насельніцтва шматэтнічны. Як адзначалі сучаснікі, у вопратцы мяшчане імкнуліся ва ўсім перасягнуць вяскоўцаў і паказаць сябе гарадскімі, вясковыя жыхары «адносіліся да іх з павагай, але за спінай пасмейваліся». У XVIII стагоддзі мяшчанкі ўпрыгожвалі «кошули» карункамі, габрэі абавязкова пакрывалі галаву чорнай ярмолкай, татаркі завязвалі яркія хусткі на галаву ў выглядзе чалмы. Абавязковай часткай гардэроба палячак з’яўлялася вялікая цёплая хустка, якая замяняла жанчынам верхняе адзенне. Аднак да канца XIX стагоддзя татары, яўрэі і палякі перанялі касцюм беларускіх мяшчан, і розніца ў вонкавым абліччы стала нязначнай.
— Якія паселішчы, на ваш погляд, з шэрагу мястэчак найбольш захавалі своеасаблівыя рысы?
— На працягу мінулага стагоддзя ў іх адбыліся сур’ёзныя змены. Як правіла, ператварыліся ў адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі або цэнтры буйных гаспадарак. Традыцыйна-гістарычная местачковая забудова з брукаванай плошчай і гандлёвымі радамі, як правіла, каменнымі дамамі-крамамі рамеснікаў і іншымі грамадскімі пабудовамі добра захавалася ў Гальшанах, Юрацішках, Варанянах, Дзятлаве, Ракаве, Івянцы, Міры, Даўгінаве, Трабах.
...Лагойск стаў горадам-спадарожнікам Мінска.
— У мястэчках размяшчалася вялікая колькасць унікальных па сваёй архітэктуры палацаў і магнацкіх сядзібаў. Захаваліся палацы Пацёмкіна ў Крычаве, Чарнаўчыцкага ў Пружанах, Умястоўскага ў Жэмыславе. Таксама сядзібы Чапскіх у Прылуках і Станькаве, Агінскіх у Залессі, Іллі Рэпіна ў Здраўнёва. У мястэчках, якія мелі Магдэбургскае права на самакіраванне, будаваліся ратушы. Вялікая ўвага надавалася развітым гарадскім умацаванням, крэпасцям, абаронным храмам і замкам. Менавіта з замкаў бяруць пачатак многія архітэктурныя, канструктарскія рашэнні, культурныя дасягненні: першыя кафляныя печы, першы музей, першыя прыватныя бібліятэкі, тэатры. Вядомасць атрымалі такія замкі, як Гальшанскі, Крэўскі, Смалянскі «Белы Ковель».
— А ёсць перспектывы выкарыстання здабытай вамі інфармацыі ў якасці асновы для стварэння новых турыстычных маршрутаў?
— Рост цікавасці да іх як да аб’ектаў турызму паспрыяе большай увазе да вырашэння праблем захавання гісторыка-культурнай спадчыны, рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Бо яны вядомыя далёка за межамі нашай краіны. Тысячы паломнікаў наведваюць храмы ў Будславе, Жыровічах, Камаях, Нясвіжы, Сынкавічах. На нашай зямлі захаваліся старадаўнія татарскія могілкі, будынкі драўляных мячэцей (напрыклад, у Іўі). У Ветцы створаны знакаміты музей стараверства і беларускіх традыцый з калекцыямі рукапісных і старадрукаваных кніг, абразоў і прадметаў побыту старавераў мінулых стагоддзяў.
Яўрэі складалі значную частку насельніцтва мястэчак. Таму як замежным, так і нашым прадстаўнікам гэтай нацыі цікавы экскурсійна-турыстычныя праграмы, прысвечаныя штэтлу. Сёння пра гісторыю культуры яўрэяў у мястэчках, як правіла, нагадваюць будынкі сінагог і іешыў (школ), габрэйскія могілкі і помнікі ахвярам Халакосту. Аднак з дапамогай гістарычнай літаратуры можна скласці цікавыя апавяданні пра жыццё іх суполак у мінулым, паказаць, што мястэчкі ў выніку комплексу гістарычных фактараў сталі цэнтрамі яўрэйскай гісторыі рэгіёну, культурнай творчасці.
— Ганна Іванаўна, на ваш погляд, можна выкарыстаць гэту спадчыну для далейшага развіцця краіны?
— У былых мястэчках захаваўся нацыянальны архітэктурны каларыт мінулага, а ў некаторых — нават сярэднявечная планіроўка. Там створаны этнаграфічныя і краязнаўчыя музеі, комплексы, аграсядзібы, цэнтры народнай творчасці, дамы рамёстваў. Нямала вырабаў беларускіх майстроў сталі сапраўдным нацыянальным здабыткам, сімвалам нашай краіны: слуцкія паясы, дрыбінскія валёнкі, быхаўскі саламяны павук. У многіх былых мястэчках праводзяцца міжнародныя фестывалі. Узгадаем фэст сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак» або «Музычныя вечары ў Мірскім замку», кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі»... Яны спрыяюць рэпрэзентацыі культурнай самабытнасці ўсіх этнасаў, якія пражываюць на тэрыторыі рэспублікі, і міжэтнічнага дыялогу, узаемнаму ўзбагачэнню культур.
yasko@sb.by
Фота Ганны ЦЯПКОВАЙ, БЕЛТА, з адкрытых крыніц