Предотвратить замор: в стране началось комплексное обследование водоемов

Мементо мору

Зімой замор адбываецца з-за недахопу кіслароду ў вадзе. Усяму віной адсутнасць адкрытай вады, бо многія вадаёмы зараз пад ледзяным панцырам. Каб пазбегнуць гібелі рыбы, тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды фарміруюць, вядуць і актуалізуюць базы дадзеных з пералікам аб’ектаў, дзе можа ўзнікаць замор. Карэспандэнт «Р» даведалася, як ратуюць рыбу ў праблемных вадаёмах.

Замор рыбы часцей узнікае ў лютым — сакавіку, калі запасы кіслароду ў вадзе памяншаюцца.
orsk.today

Тэарэтычна, назапашанага вадой кіслароду рыбам павінна хапіць. Інтэнсіўнасць іх абмену, а значыць, і спажыванне кіслароду паніжаецца ў некалькі разоў. Аднак акрамя рыбы ў вадаёме зімуе маса іншых насельнікаў, у прыватнасці планктон, п’яўкі, кузуркі і земнаводныя. Да таго ж вадаём за цёплы перыяд назапашвае велізарную колькасць арганікі: адмерлай расліннасці, лісця, ігліцы... Яна і забірае на гніенне вялікую долю растворанага ў вадзе кіслароду. Пры гэтым вылучаецца вуглякіслы газ, які пры высокіх канцэнтрацыях таксічны для рыб. Калі доля растворанага ў вадзе кіслароду зніжаецца да 5—30 працэнтаў ад нармальнага насычэння, і ўзнікае замор.

Спецыялісты Мінпрыроды склалі пералік вадаёмаў, якія на працягу апошніх двух-трох гадоў былі найбольш схільныя да заморных з’яў. У гэты спіс трапілі 187 аб’ектаў. Цяпер кожныя пятнаццаць дзён лабараторыі аналітычнага кантролю бяруць з іх пробы вады. Спецыялісты даследуюць хімічны састаў проб і працэнтную колькасць у іх кіслароду.

На 23 студзеня спецыялісты лабараторый абследавалі ўсе 187 водных аб’ектаў са спіса. Нізкая колькасць кіслароду зафіксавана на 18 з іх, — паведамляе аператыўныя дадзеныя начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалай Свядзінскі. — Для параўнання: у 2018 годзе лабараторыі абследавалі 260 такіх вадаёмаў. Нізкую колькасць кіслароду выявілі на 52 з іх, крытычную — на 27.

Замор рыбы часцей узнікае ў лютым — сакавіку, калі запасы кіслароду ў вадзе памяншаюцца. Неглыбокія вадаёмы са слабай праточнасцю і малой празрыстасцю вады часцей за ўсё трапляюць у спіс праблемных. У асноўным гэта абводненыя кар’еры торфараспрацоўкі. Прычым гібель рыбы можа назірацца не па ўсім вадаёме, а толькі на асобных яго ўчастках.

Для рачной рыбы небяспеку ўяўляе крыгаход. Буйныя крыгі перакрываюць рэчышча ракі ці выхады старыц у некалькіх месцах. У выніку ўтвараюцца ледзяныя заторы. На такіх участках колькасць кіслароду можа ўпасці да крытычнага ўзроўню, калі талая вада змыла з палёў у раку ўгнаенні і перагной. Пачынаецца раскладанне арганікі, якое выклікае рэзкае падзенне ўзроўню кіслароду ў вадзе. Паколькі шляхі для міграцыі рыбы перакрытыя, яна можа цалкам загінуць на загароджаным участку.

Часам прычынай замору становіцца гаспадарчая дзейнасць чалавека. Забруджванне вадаёмаў у выніку скіду неачышчаных сцёкавых вод таксама прыводзіць да павелічэння хімічных рэакцый і паглынання кіслароду.

Хваробу, як вядома, лягчэй папярэдзіць, чым яе потым лячыць. Таму для прафілактыкі замору рыбы ў вадаёмах скошваюць расліннасць, расчышчаюць прытокі і арганізуюць дадатковы водаабмен. А яшчэ ствараюць суцэльныя лесакуставыя палосы ўздоўж берагоў рэк. Каб арганічныя і тонкадысперсныя рэчывы, якія становяцца прычынай мутнасці, не патрапілі ў ваду. 

Не трэба мець спецыяльную адукацыю і лабараторнае абсталяванне, каб заўважыць прыкметы недахопу кіслароду. Мікалай Свядзінскі назваў некаторыя з іх:

— Першы індыкатар — гэта водныя казуркі і дробная рыба ў лунках. Самым рухомым насельнікам трэба больш кіслароду, таму яны першымі адчуваюць ягоны недахоп і падымаюцца да паверхні, дзе яго ўтрыманне вышэй. Насцярожыць павінна таксама выяўленне ў лунцы некалькіх мёртвых асобін рыбы, асабліва розных відаў.

Замор можа загубіць больш за палову ўсёй рыбы ў вадаёме. І ў відавым складзе страты могуць быць нераўнамернымі, бо віды па-рознаму рэагуюць на перапады кіслароду. Вастрэй за іншых ягоны недахоп перажываюць фарэль і сігавыя віды. Самыя ж малаадчувальныя — карп, лінь і карась. Вельмі цікавыя ў гэтым плане вугор, які валодае здольнасцю скурнага дыхання, і ўюн, які пры неспрыяльных умовах можа засвойваць кісларод з паветра.

Мінпрыроды просіць інфармаваць пра выпадкі масавага падыходу рыбы да лункі на вадаёмах і іншых прыкметах заморных з’яў. Атрымаўшы сігнал, спецыялісты вырашаць, як ліквідаваць праблему. Існуе некалькі спосабаў. Дапамагчы можа элементарнае прарубванне лунак. Таму ўпадабаныя рыбакамі вадаёмы найменш схільныя да замору.

Колькасць лунак залежыць ад плошчы вадаёма і ў сярэднім складае 3—5 штук на гектар. Іх варта рабіць у цэнтры вадаёма і па перыметры, дзе глыбіня непрамярзаючага пласта каля паўметра. Каб лункі не замярзалі, у іх можна ўставіць снапы з чароту ці рагозу, — рэкамендуе Мікалай Свядзінскі.

Комплекснае абследаванне вадаёмаў для выяўлення фактараў, якія могуць прывесці да замору, плануецца праводзіць штогод з 15 снежня па 1 красавіка і з 15 чэрвеня па 20 жніўня.

gorbatenko@sb.by

Дапамагчы рыбе ў праблемных вадаёмах можа элементарнае прарубванне лунак.

moskva.miltor.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter