МЭЛС, РЭМ І ФЭД, ці Правапіс абрэвіятур

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ

У пісьмовай практыцы мы часта сутыкаемся са словамі, якія прымушаюць задумацца і над напісаннем, і над сваім значэннем, — абрэвіятурамі. Ёсць выпадкі, калі яны застаюцца зразумелымі толькі для іх стваральнікаў. Напрыклад, у “Вікіпедыі” фіксуецца найдаўжэйшая абрэвіятура   ў  рускай   мове, якая складаецца з 55 літар: НИИОМТПЛАБОПАРМБЕТЖЕЛБЕТРАБСБОРМОНИМОНКОНОТДТЕХСТРОМОНТ (www.Sokr.ru). Расшыфраваць яе нялёгка, ды, відаць, і не зусім патрэбна. Гэты запіс можа праілюстраваць тое, куды можа завесці імкненне да рознага чыну скарачэнняў. Хаця абрэвіятура павінна быць максімальна вядомай, бо інакш губляецца сэнс у яе стварэнні.
ХХ стагоддзе прыўнесла ў пісьмо шмат слоўных скарачэнняў, пад якімі хаваліся назвы краін, устаноў, арганізацый, імёны. Так з’явіліся БАМ, СССР, ЗША, ААН, РАН, МТЗ, Уладлен і шмат іншых. Складанаскарочаныя словы і абрэвіятуры пранікалі амаль ва ўсе сферы жыцця.
У першай палове ХХ стагоддзя карысталіся попытам імёны Мэлс (Маркс, Энгельс, Ленін, Сталін), Арлен (армія Леніна), Вілен (Уладзімір Ільіч Ленін), Марлен (Маркс, Ленін), Рэм (рэвалюцыя, электрыфікацыя, мадэрнізацыя, або рэвалюцыя, Энгельс, Маркс, або рэвалюцыя, электрыфікацыя, мір), Фэд (Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі), Нінэль (чытай наадварот Ленін) і інш.
Сёння абрэвіятуры сталі звычайнымі складнікамі нашага маўлення. Таму ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” напісанню іх прысвечаны параграф 20 “Правапіс абрэвіятур”, куды ўвайшлі і правілы напісання складанаскарочаных слоў. Заўважым, што ў некаторых падручніках гэтыя тэрміны не атаясамліваюцца, а выдзяляюцца літарныя (РБ, РФ, ЗША), гукавыя (раа, замест ранейшага рана, ААН, ЮНЕСКА) абрэвіятуры і складана-скарочаныя словы (спецадзенне, калгас). У новай рэдакцыі гэтыя паняцці прыняты як узаемазамяняльныя.
У параўнанні з “Правіламі” (1959) рэгламентавана напісанне скарочаных частак слоў: у абрэвіятурах яны пішуцца так, як у адпаведных поўных словах: гарсавет (гарадскі), прафсаюз (прафесійны), дзяржцырк (дзяржаўны), прамкамбінат (прамысловы), галоўурач (галоўны), генплан (генеральны), Еўрасаюз (еўрапейскі), заапарк (заалагічны), музвучылішча (музычнае), Белдзяржпраект (беларускі, дзяржаўны), Беллітфонд (беларускі, літаратурны), райбудкантора (раённая, будаўнічая), педфак (педагагічны факультэт), камбат (камандзір батальёна), ваенкамат (ваенны камісарыят), эсмінец (эскадраны мінаносец), прафкам (прафсаюзны камітэт), ваенкам (ваенны камісар), гарвыканкам (гарадскі выканаўчы камітэт), член-кар. (член-карэспандэнт), лясгас (лясная гаспадарка), рыбгас (рыбная гаспадарка), інтэрпал (інтэрнацыянальная паліцыя), лінкар (лінейны карабель).
Як бачым, правіла наблізіла напісанне слоў тыпу выканком да натуральнага, беларускага: выканкам. Заўвага, якая існавала ў “Правілах” (1959) пра аднаўленне так званага этымалагічнага о, ліквідавана. Сёння становіцца зразумелым, што яна была выклікана абсалютна нелінгвістычнымі прычынамі: “у апошняй частцы некаторых складанаскарочаных слоў пад націскам можа аднаўляцца этымалагічнае о, якога ў поўным слове не бывае, напрыклад: райком (раённы камітэт), нарком (народны камісар), селькор (сельскі карэспандэнт), парторг (партыйны арганізатар) і інш.” (Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Мінск, 1959. С. 65). Гэтай заўвазе было наканавана існаваць да нашага часу, хаця яна ўжо даўно не вытрымлівалася ў пісьмовай практыцы. Дастаткова зірнуць на сённяшнія шыльды... Ды і некаторыя прыведзеныя словы сталі гістарызмамі. Трэба адзначыць, што ў новага правіла было шмат апанентаў, асабліва сярод людзей старэйшага пакалення. Ёсць яны і зараз. Але ж у мове не можа надоўга застацца ёй неўласцівае, якое не падлягае законам натуральнага развіцця...
Новай рэдакцыяй правапісу прадпісваецца: літарныя, гукавыя абрэвіятуры і абрэвіятуры змешанага тыпу звычайна пішуцца вялікімі літарамі без кропак, злучкоў і апострафаў: БДУ (Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт), ВНУ (вышэйшая навучальная ўстанова), ЗША (Злучаныя Штаты Амерыкі), РВУ (рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова), УА (установа адукацыі), ЖЭС (жыллёва-эксплуатацыйная служба), СНД (Садружнасць Незалежных Дзяржаў), НАН Беларусі (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі), ЗАТ (закрытае акцыянернае таварыства), СМІ (сродкі масавай інфармацыі), МАЗ (Мінскі аўтамабільны завод), МТЗ (Мінскі трактарны завод), ЦУМ (цэнтральны ўніверсальны магазін), УП (унітарнае прадпрыемства), ГА (грамадскае аб’яднанне), ТАА (таварыства з абмежаванай адказнасцю), ААН (Арганізацыя Аб’яднаных Нацый).
Звернем увагу на абрэвіятуру ВНУ, якую “Правіламі” (1959) рэкамендавалася пісаць малымі літарамі (с.66). Паводле новай рэдакцыі трэба пісаць ВНУ (але па-руску: вуз).
Калі да абрэвіятуры дадаецца лічба, то яна пішацца праз злучок: ВАЗ-21, МАЗ-200, МТЗ-82.
Калі абрэвіятура скланяецца, канчаткі пішуцца разам малымі літарамі: у нашым ЖЭСе, працаваў на МАЗе, рамонт ЦУМа, дысертацыя ў ВАКу.
Дапускаецца напісанне малымі літарамі агульнавядомых абрэвіятур, калі слова ўспрымаецца як простае: схадзіў у жэс і інш.
Малыя літары могуць уваходзіць у камбінаваныя абрэвіятуры: ЛіМ, БелТА, УП “Белкніга”, БелНДВІ (Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут).
Вылучым слова БелТА, якое даволі часта няправільна пішуць вялікімі літарамі (БЕЛТА). Калі прыняць такое напісанне, то перад намі будзе не змешаны тып абрэвіятуры, а гукавы. Значыць, трэба расшыфраваць усе складнікі яе (Б. Е. Л. Т. А.), што “прывядзе” не зусім да наймення паважанага агенцтва.
Напісанне няўласнабеларускіх (запазычаных) абрэвіятур вызначаецца па слоўніку; поўны сэнсавы беларускі адпаведнік перадае значэнне такіх запазычанняў, а не расшыфроўвае іх: заўгас (загадчык гаспадарчай часткі), завуч (намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце), спецназ (атрад спецыяльнага прызначэння), АСУ (аўтаматызаваная сістэма кіравання), ЮНЕСКА (Камісія Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры).
У некаторых абрэвіятурах напісанне можа не адлюстроўваць натуральнае вымаўленне: ТЮГ — Тэатр юнага гледача (вымаўляецца [ц’ух]), РІВШ — дзяржаўная ўстанова адукацыі “Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы” (вымаўляецца [рыўш]), РІПА — Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі (вымаўляецца [рыпа]), РІКВ — Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (вымаўляецца [рыкв] і інш.
У апошні час у пісьмовую практыку прыйшло шмат абрэвіятур-запазычанняў, якія вылучаюцца пэўнай плеанастычнасцю (збыткоўнасцю, лішкавасцю слоў), таму што ў іх утрымліваецца двайное ўказанне на прадмет размовы: CD-дыск, DVD-дыск, ERD-дыяграма, IT-тэхналогіі, RAID-масіў, VIP-персона і інш.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter