Источник: Знамя юности
Знамя юности

Музыковед Алесь Лось показывает, как сделать народный инструмент за пять минут

Мелодыя ў кішэні

Упэўнены, што нашым пастаянным чытачам запомніліся матэрыялы з рубрыкі «Давай навучу!», калі мы ставілі на сноўборд дзядулю Валеру, круцілі сушы з бабуляй Вольгай, вучылі посціць фоткі ў «Iнстаграме» бабулю Анфісу... Любоў да народнай культуры навяла нас на думку змяніць фармат. А што калі не моладзь будзе паказваць старэйшаму пакаленню свае фішкі, а наадварот? Бабулі і дзядулі, мамы і таты будуць вучыць пячы хлеб у печы, варыць сыр, прасці, ткаць, рабіць травяныя зборы і многае іншае.


Пачаць мы вырашылі з візіту ў сядзібу «Хутар Дудара», што ў Валожынскiм раёне. Яе гаспадар, чалавек-аркестр Алесь Лось, які сабраў унікальную калекцыю народных музычных інструментаў, паабяцаў навучыць дзесяцікласніка Пяршайскай школы Мікалая Калясінскага рабіць жалейку з саломкі ўсяго за пяць хвілін.

Гэта вам не гоп-ца-ца


Восеньскае сонца заглядвае ў сядзiбу праз акно. Прамень слізгае па сцяне, потым перакідваецца на раяль, цымбалы, ліру, жалейку, саксафон, гудок, скрыпку і падае на твар этна-музыканта Алеся, які трымае ў руках дуду. Гаспадар грае з задавальненнем для гасцей. Гукі напаўняюць памяшканне, думы аб продках, гісторыі і каранях пачынаюць лезці ў галаву. Алесь адстаўляе ўбок музычны інструмент:

– На жаль, пачуць сапраўдную народную беларускую музыку сёння амаль немагчыма. Мода на псеўданароднасць амаль што «з’ела» аўтэнтычнае гучанне многіх інструментаў. Нават тыя, хто цікавіцца гісторыяй роднага краю, часта адмаўляюцца слухаць народную музыку. Усё, што глыбей за «гопца-дрыца-гоп-ца-ца», да якога мы прывыклі на фестывалях і канцэртах, патрабуе ад слухача плённай працы. Музыка нашых продкаў напружвае і прымушае думаць. Чаму ніхто не выконвае на сцэне, напрыклад, 12-хвілінную абрадавую песню, якая спявалася на Купалле? Таму што гэта нефармат. Сёння на першым месцы – прыгожае шоу, касцюмы, мэйкап і іншае. Важна нават не тое, што ты выконваеш, а як.

Алесь не бачыць нічога дрэннага ў папсе, пад якую можна піць гарбату, размаўляць з сябрамі, глядзець серыялы. Але ён засмучаны тым, што наша этнічная культура не трансфармавалася ў нацыянальную, як гэта адбылося ў большасці еўрапейскіх краін:
– Чэхі, шведы, французы, палякі і многія іншыя зразумелі, што народная музыка – гэта адзін з сімвалаў ідэалогіі, патрыятызму, любові да Бацькаўшчыны, як, напрыклад, герб, сцяг, гімн. Мы пакуль што не да канца гэта ўсвядомілі. Уявіце: на дзевяць з паловай мільёнаў беларусаў ледзь набярэцца шэсць майстроў, якія могуць прафесійна зрабіць тую ж дуду ці жалейку. Хто ведае, можа, наш Мікола гадоў праз дзесяць стане сёмым?

І салома загучыць


Выходзім з хатняга музея на луг, дзе ў майстра пад навесам ляжаць нарыхтоўкі для вытворчасці самага простага, але найбольш старажытнага народнага інструмента, на якім гралі на Беларусі, – саломкі. Алесь робіць экскурс у гісторыю:

– Мяркую, гісторыя гэтага музычнага інструмента пачынаецца з IV-V стагоддзя. Зрабіць саломку можна хвілін за пяць. Не смейцеся, што вельмі хутка: насамрэч яна цудоўна гучыць і можа адкрыць цэлы свет гісторыі і культуры. Мне пашанцавала вучыцца ў самага знакамітага беларускага майстра Вячаслава Пратасевіча з Копыля. Дарэчы, на яго саломках з каласкамі грае знакаміты ансамбль «Харошкі». Каб далікатны iнструмент не зламаў­ся, майстар зрабіў спецыяльныя доўгiя футляры.

Чалавеку, далёкаму ад народнай музыкі, нават цяжка ўявіць, што саломку можна зрабіць пад канкрэтны строй, граць у пары са скрыпкай, ці цымбаламі, ці гармонікам.


Музыка асцярожна бярэ сухую жытнёвую саломку, але яна можа быць і аўсяная, і пшанічная. Аказваецца, выбар матэрыялу – сапраўдная навука.

– Мікола, ці чуў ты калі-небудзь, як гучыць саломка? – пытае музыкант хлопца.

– Не, але памятаю, як дзед круціў дудкі з лазы, калі я быў малы. На жаль, дзядуля ўжо памёр, запытацца няма ў каго.

– Мяркую, ты маеш на ўвазе дудку, пад якую на Юр’е выганялі кароў на поле першы раз. Тады з лазы яшчэ і браму рабілі – упрыгожвалі цэнтральны ўваход у вёску. Абавязкова пацікаўся пра гэта ў бацькоў, можа, яны памятаюць, – раіць Алесь.

Але час брацца за справу. Ставім таймер на пяць хвілін, менавіта за такі час майстар абяцаў зрабіць сапраўдны музычны інструмент, і пачынаем працаваць. Мікола выбраў саломку і ачысціў яе ад сухога лісця. Алесь паказвае, дзе будзе пачынацца так званая жалейка:


– Знаходзім самае буйное каленца і абразаем. Далей шукаем пукаты бачок, робім на ім надрэз, потым павялічваем яго з абодвух бакоў да трох з паловай – чатырох сантыметраў, каб атрымаўся так званы язычок. Падстаўляем саламяныя патыч­кi (кароткiя палачкi), якія будуць трымаць яго вертыкальна, і апускаем саломку ў шклянку з вадой. Саломка павінна намокнуць, а потым высахнуць. Ад гэтага яна стане пругкай. Запамінай, Мікола, зараз сам рабіць будзеш.

Мікола крыху хвалюецца, але нічога. Нож трымае смела, саломку – лёгенька, нібы птушку:

– Здаецца, усё проста, але насамрэч… Паспрабуй і язычок адрэзаць, і пальцы цэлымі пакінуць.

Раптам хрусь – і саломка зламалася. Юнак бярэ наступную, а майстар раіць, усмiхаючыся:

– Не спяшайся, не пілі. Гэта работа любіць далікатнасць. Зрабі яшчэ раз самастойна, толькі пастарайся, каб не хруснула, а то ўсю салому мне змарнуеш.

Прайшло дзве хвіліны. Алесь пачынае наразаць «галасы» – адтуліны (міліметры па чатыры), з якiх будзе лiцца мелодыя. Усяго – шэсць штук, на роўнай адлегласці адна ад адной. У Міколы справы ідуць не так хутка: ён толькі скончыў наразаць язычок і паставіў у ваду саломку. Здаецца, на гэты раз яна цэлая.

Пранізліва, напорыста, жаласліва


– Даставай, няхай падсыхае, – каман­дуе майстар. – Зараз цябе чакае самая важная справа. Бяры лязо. Спачатку падразаеш з аднога боку, потым – з другога. Не спяшайся, не хвалюйся. Старайся, каб дзірачкі ішлі роўна, а не ўбок.


Певень на двары крычыць так, што закладвае вушы. Гаспадар жартуе, што гэта ён так падтрымлівае Міколу. Таймер «крычыць», што час скончыўся. Алесь бярэ саломку, якая яшчэ пяць хвілін таму ляжала сабе ў снапе і не ведала, на што яна здольная, і пачынае граць. Цудоўныя гукі, як ад сапраўднай жалейкі, разносяцца па лузе. Пранізлівыя, напорыстыя, жаласлівыя. Калі іх чуеш, вачыма шукаеш нешта велізарнае і грунтоўнае. Калі натыкаешся на звычайную саломінку, не можаш паверыць, што яна, такая далікатная, можа даваць такое гучанне.

– Спрабуй, хлопец, – Алесь працягвае саломку Міколу, але ў таго атрымліваецца толькі нейкае кваканне. – Не смейся. Трэба крыху падвучыцца, і загучыць твая жалейка. Трымай рот сухім, дзьмi моцна, адчуй гэтую вібрацыю. У саломцы, як і ў кожным музыкальным інструменце, ёсць душа. Напрыклад, поры дрэва маюць здольнасць развівацца пад вібрацыяй гукавой хвалі і, наадварот, глухнуць, калі музыка не кранаецца той жа скрыпкі месяцамі. Памятай, нават саломка патрабуе чалавечых эмоцый, яна не зайграе, як музыка ў тваiм тэлефоне, калі націснеш кнопку. Напэўна, таму народныя акорды так зачароўваюць і не адпускаюць. Так, з гучаннем многіх інструментаў я пазнаёміўся яшчэ ў канцы 1970-х і прысвяціў ім амаль паўжыцця.

odubrovsk@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter