Мелодыі веку

Заслаўе адзначыла 100 год з дня народзін Анатоля Багатырова

100-годдзе з дня нараджэння кампазітара Анатоля Багатырова адзначылі ў Заслаўі

Музычнае свята, наладжанае Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пры падтрымцы абласных і раённых улад Міншчыны, прайшло ў Заслаўі (на здымку). Адмысловая асветніцкая імпрэза праводзіцца ў старажытным горадзе на працягу ўжо 13 гадоў. На гэты раз цэнтральнай яе падзеяй стала спецыяльна падрыхтаваная аркестрам канцэртная праграма, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння заснавальніка нацыянальнай кампазітарскай школы Анатоля Багатырова.

— Багатыроў. Пагадзіцеся, нават у самім прозвішчы нібы закладзена здольнасць да багатых творчых здзяйсненняў. Я памятаю гэтага чалавека. Сапраўды, багатырская постаць, магутны талент, асоба, волат духу, асветніцтва, вялікі інтэлектуал. Музыка Багатырова не страчвае сваёй актуальнасці, прыцягальнасці і сёння. Магчыма, мы, сучаснікі, яшчэ не да канца асэнсавалі значнасць і маштаб яго творчасці, якія належыць ацаніць будучым пакаленням, — адзначыла ў час канцэрта нязменная вядучая асветніцкіх імпрэз аркестра доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава.

Анатоль Багатыроў — ураджэнец Віцебска. Музычную кансерваторскую адукацыю атрымаў у Мінску. Яго выкладчыкам быў спачатку Мікалай Аладаў, яркі прадстаўнік Санкт-Пецярбургскай школы, пасля — Васіль Залатароў, вучань самога Рымскага-Корсакава. Натуральна, што традыцыі рускай класічнай музыкі сталі трывалым падмуркам для ўсёй далейшай кампазітарскай дзейнасці Анатоля Багатырова.

Ён пражыў 90 гадоў, пайшоў з жыцця ў 2003-м. За 70 гадоў плённай творчасці ім было напісана мноства твораў, яму былі падуладны любыя музычныя жанры — ад оперы да раманса. А пра педагагічны талент майстра яскрава сведчаць імёны яго славутых вучняў, сярод якіх знакамітыя беларускія кампазітары Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Рыхард Вагнер, Сяргей Картэс, Юрый Семяняка, Ігар Лучанок, Андрэй Мдзівані, Эдуард Зарыцкі і многія іншыя. Усяго — каля 30 імёнаў тых, хто прайшоў праз кансерваторскі клас кампазітара Багатырова.

Творы Анатоля Багатырова, яго вучняў і паслядоўнікаў гучалі ў Заслаўі ў бліскучым выкананні камерных калектываў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

— У Заслаўі мы традыцыйна ўзгадваем музычную спадчыну славутых беларускіх кампазітараў — у гэтым адметная рыса гэтага фестывалю. Толькі ў апошнія гады тут гучалі творы Пукста, Лукаса, Падкавырава, Абеліёвіча, Туранкова... Прыемна, што сёлетняе свята ў Заслаўі мы праводзім у дні 75-гадовага юбілею Мінскай вобласці. Я ўдзячны яе кіраўніцтву за падтрымку фестывалю, за тое, што ўсе гэтыя 13 гадоў ён ёсць на музычным небасхіле нашай Бацькаўшчыны. Дарэчы, у Мінскай вобласці наш аркестр праводзіць асветніцкія імпрэзы ўжо ў пяці гарадах. Сёлета ўпершыню такое свята пройдзе ў Любані. А ўсяго ў бягучым годзе асветніцкія фестывалі адбудуцца ў 17 малых гарадах рэспублікі, — распавёў у размове з журналістамі мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі народны артыст краіны Міхаіл Фінберг.

У час свята ў Заслаўі прайшоў таксама конкурс маладых выканаўцаў на струнных інструментах з ліку навучэнцаў музычных школ Міншчыны, адбыўся майстар-клас маэстра Фінберга, адкрылася мастацкая выстаўка. Завяршыў дзень вячэрні канцэрт эстраднай песні з удзелам вядучых салі-стаў Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter