Што беларусы жывуць па ўсім свеце — вядома. А хто канкрэтна з нашых ёсць, напрыклад, у Іспаніі?

Мелодыі светлай тугі

Леташні другі Фэст мастацтваў беларусаў свету паказаў: Беларусь цікавая не толькі для супляменнікаў, якія жывуць у замежжы. Лёгка пераканацца: таму спрыяюць нашы таленавітыя землякі. Прынамсі, дзякуючы ім на фэст прыязджалі і тыя госці з Іспаніі, якія не маюць родавых беларускіх каранёў.

Салаўіная песня


У складзе гурта з Іспаніі было 10 чалавек, карэнных жыхароў сонечнай краіны. Прывезлі на Фэст праграму з дванаццаці песень, палова якіх — беларускія. Адкуль у людзей, сярод якіх ніводнага прафесійнага музыкі, цікавасць да беларускай культуры? Адказ просты: кіруе гуртом былая віцябчанка Іна Салаўёва. Жыве ў Мадрыдзе 20 гадоў, працуе ў Музычнай акадэміі, выкладае музыку. Шмат увагі надае спеўнай культуры славян. Сярод вучняў ёсць і зусім малыя, і падлеткі. Кіруе Іна і хорам дарослых. Якраз з апошняга і вылучыліся энтузіясты, якія захацелі пабываць у Беларусі. “Гурт створаны зусім нядаўна, нават назвы не паспелі прыдумаць, — гаварыла мне на пачатку восені Іна. — Праўда, мой муж Крысціян Медыявілья, які таксама ў складзе гурта, прапаноўвае назваць яго “Еl ruiseñor”— “Салавей”.

Іна Салаўёва і яе муж-іспанец Крысціян Медыявілья на фэсце ў Мінску

Менавіта з-за Крысціяна Іна і пакінула Віцебск. Кажа, з першага позірку закахалася ў мадрыдскага паклонніка. Пазнаёміліся, калі з фальклорным гуртом “Белыя росы” была там на гастролях. Крысціян дзеля каханай праз паўгода навучыўся гаварыць па-руску, і гады два ездзіў да яе ў Беларусь, пакуль яна не згадзілася стаць яго жонкай. У сям’і ёсць 15-гадовы сын Руслан, які добра размаўляе па-руску, грае на гітары і фартэпіяна, спявае. “Ён тут не з намі, бо затрымала вучоба, — гаварыла Іна. — Сын летам, як прыязджаў у Віцебск да бабулі, на вяселле стрыечнай сястры, пранікся Беларуссю. Казаў нават: хацеў бы пажыць тут паболей, каб лепш разумець радзіму маці”.

З Беларуссю ўпершыню знаёміліся Ана Марцінас, Лаура і Марыя Рэта, Маргарыта Кано, Леанор Маліна, Эрнэста Таламантэс, Сіксто Льёпіс, Марыя Чорда, Хорхе Паламінас. Уражанні ва ўсіх, кажа Іна, моцныя і светлыя. Асабліва спадабаўся Мінск: сучасны горад, прасторны і чысты. Уразіла і прырода. На памяць у якасці сувеніраў іспанцы павезлі вырабы з саломкі, вышыванкі, кераміку. Крысціян жа набыў і  саламяны капялюш, з якім не расставаўся. І ўжо з Мадрыда Іна і Крысціян пісалі: “Прайшоў час пасля нашых канцэртаў, экскурсій, “смачных вячэраў”. Здаецца, усё было толькі ўчора… Спадзяемся, што пакінулі мы свой след на беларускай зямлі, выступленні іспанскіх артыстаў запомніліся гледачам”.

Пакуль у Іспаніі няма беларускай суполкі, да якой Іна і Крысціян маглі б далучыцца. А чаму б не стварыць! Яны гатовы таму паспрыяць, пакідаюць адрас электроннай скрынкі — innasolov2006@yahoo.es — для сяброў і аднадумцаў у Беларусі, супляменнікаў з іншых краінах. Бо так хочацца, пішуць Іна і Крысціян, творчым людзям-беларусам быць бліжэй адзін да аднаго.

Музыка настальгіі


Пра жаданне далучыцца да беларускай суполкі казала і піяністка, кампазітар Юлія Раманцова з іспанскага горада Мурсіі. Яна гатова і сама яе стварыць, калі будзе падтрымка з боку беларускай дзяржавы. Выступленні Юліі таксама ўпрыгожылі Фэст. Зрэшты, творчасць адметнай кампазітаркі Раманцовай, якая пераехала ў Іспанію 20 гадоў таму, у Беларусі памятаюць. Юлія нагадвае пра сябе новымі творамі.

Кампазітар і піяністка Юлія Раманцова

Цяпер яна член саюзаў кампазітараў Іспаніі ды Беларусі, піяністка, выкладчыца, аўтар падручніка для дзяцей “Музычная мазаіка”. Юлія Раманцова лічыць: усё ў яе жыцці склалася паспяхова.

Бацькі Юліі — прафесійныя музыкі, вядомыя людзі. “Тата — баяніст, педагог, кампазітар, заслужаны работнік культуры Беларусі, мама — піяністка, выкладала фартэпіяна ў педвучылішчы, — гаворыць Юлія. — І калі я вырашыла таксама быць музыканткай, гэта нікога не здзівіла. Я вучылася ў мінскай кансерваторыі на кампазітарскім аддзяленні, а заканчвала ўжо кансерваторыю горада Мурсіі ў Іспаніі”. Яна піша камерную, харавую, фартэпіянную, сімфанічную музыку. І творы ў яе выкананні гучаць вельмі сучасна. Піяністка запатрабаваная ў Іспаніі і як кампазітар, і як выканаўца. Юлію запрашаюць на прэзентацыі, дабрачынныя акцыі, яна дае канцэрты, выпускае кампакт-дыскі. Адзін з апошніх — пад назвай “Для цябе”, гэта фартэпіянная музыка. Юлія Раманцова давала аўтарскі канцэрт у Мурсіі, прадстаўляла кампакт-дыск у Мадрыдзе, гастралявала па ўсёй Іспаніі. Задуманы цікавы праект: фламенка для фартэпіяна, сінтэз класічнай школы і музычнай культуры фламенка. Беларуска жадае такою музыкай пакарыць сэрцы іспанскіх слухачоў. І беларускія матывы надаюць адметнасці музыцы Юліі заўсёды. На ўсіх канцэртах яна выконвае кампазіцыю “Еўфрасіння Полацкая”, напісаную яшчэ ў Мінску, часта гучыць і вакальны цыкл на вершы Максіма Багдановіча. Шмат лірычных кампазіцый напісана, прызнаецца, дзякуючы тузе па Радзіме. Некаторыя з іх настолькі прыйшліся даспадобы слухачам, што адзін з яе прыхільнікаў нават зрабіў кліпы на іх і размясціў на інтэрнэт-партале youtube.com. 

Цікавіцца Юлія і фальклорам, нядаўна закончыла музычную трылогію паводле беларускіх тэкстаў. Увогуле Юлія Раманцова называе сябе ў творчасці эксперыментатарам, піша розную музыку. Часам і эстрадныя песні, якія сама выконвае. Цяпер працуе ў кірунку фьюжн, нью-эйдж і фламенка. “Часта назвы кірункаў пужаюць, — усміхаецца, — аднак музыка гэтая вельмі прыгожая, лірычная”. Юлія прывозіла свае творы і ў Беларусь, прадстаўляла на радыё “Культура” альбом “Arboles”. А летась сустракалася са студэнтамі Універсітэта культуры і мастацтваў, дзялілася напрацоўкамі, паказвала відэаматэрыялы.

У Беларусі Юлія правяла шмат часу. Прыехала разам з сынам Максімам, які, кажа маці, хутка асвоіўся сярод аднагодкаў, знайшоў сяброў. Разам яны шмат гулялі па горадзе. “Спадабалася нам Траецкае прадмесце, Верхні горад, Ратуша на плошчы Свабоды, — дзеліцца ўражаннямі Юлія. — Ездзілі з сынам па мінскіх прыгарадах, пабывалі ў новым Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”. Пасля такіх экскурсій Максім па-новаму пачаў успрымаць матуліну Радзіму.

У Мурсіі Юлія вельмі тужыць па роднай краіне. І не толькі таму, што тут жывуць яе бацькі, родныя. “У беларусаў усё іншае: і менталітэт, і далікатнасць… — кажа Юлія. — Многаму іспанцам трэба вучыцца ў нас. Скажам, пунктуальнасці і цярплівасці”. Сваім вучням у каледжы Юлія Раманцова на карце Еўропы паказвае, дзе знаходзіцца Беларусь, яе родны Мінск. Расказвае пра гісторыю і традыцыі народа. А блізкіх і сяброў даўно прывучыла да беларускай кухні: па святах гатуе дранікі, боршч, калдуны, робіць мачанку. Аднак, прызнаецца, не хапае там селядца, смятаны, тварага, халвы, а больш за ўсё — смачных матуліных пірагоў…

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter