Мелодыі матуліных песень

Сафію Антоненку ды іншых суайчыннікаў, якія жывуць цяпер у расійскім Барнауле, звязваюць з Бацькаўшчынай не толькі канкрэтныя справы, але і светлыя ўспаміныМінулым летам Сафіі Антоненцы, якая ўзначальвае праўленне Беларускага зямляцтва на Алтаі, зноў пашчасціла наведаць Беларусь. Дарэчы, працуе ў Барнауле і беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія на чале з Мікалаем Крысковічам, некаторыя мерапрыемствы землякі ладзяць разам. І на краявых фестывалях яны побач. Алтайскія беларусы адзначаюць Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі...
Сафіі Антоненцы грэюць душу матуліны песніСафію Антоненку ды іншых суайчыннікаў, якія жывуць цяпер у расійскім Барнауле, звязваюць з Бацькаўшчынай не толькі канкрэтныя справы, але і светлыя ўспаміны
Мінулым летам Сафіі Антоненцы, якая ўзначальвае праўленне Беларускага зямляцтва на Алтаі, зноў пашчасціла наведаць Беларусь. Дарэчы, працуе ў Барнауле і беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія на чале з Мікалаем Крысковічам, некаторыя мерапрыемствы землякі ладзяць разам. І на краявых фестывалях яны побач. Алтайскія беларусы адзначаюць Дзень Незалежнасці, Дзень Перамогі, Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі...
Як трапіла яна ў далёкі край? Бацькі Сафіі Васільеўны, па прозвішчы Анціховічы, у сярэдзіне 50-х у пошуках лепшай долі паехалі асвойваць цаліну, потым перабраліся на Алтай. Шасцёра дзяцей было ў іх, мая субяседніца — найменшая. “Пусцілі карані ў сяле Калыванаўскае, дзе Паўлаўскі зернесаўгас быў, — узгадвае. — Там мае
бацькі і пахаваны, з іх дзяцей засталіся адно мы з братам. Шмат сваякоў пераехала да нас, былі ў сяле і беларусы Грыневічы з Гомельшчыны, Беер-Траццяковы... Малодшыя амаль усе перабіраліся ў горад, і я ў тым ліку. Скончыла Алтайскі політэхнічны інстытут, працавала на вытворчасці, апошнія 16 гадоў — кансультант у краявым заканадаўчым сходзе”.
Сафія Антоненка ўпершыню была ў складзе вялікай, амаль 20 чалавек, дэлегацыі краю, якая штогод прыязджае ўмацоўваць алтайска-беларускія кантакты.
“Актыўна працуе камісія па двухбаковым су-працоўніцтве, ужо склаліся цесныя сувязі з МАЗам, “Гомсельмашам”, вядзецца і зборка трактараў “Беларусь” у Рубцоўску, — удакладняе С. Антоненка. — Карыстаецца ў нас папулярнасцю беларускае адзенне, пераважна такое і ў маім гардэробе”. Гасцююць і на Алтаі афіцыйныя дэлегацыі з Беларусі. Іх абавязкова возяць у Тальменскі раён, на 11-ы кіламетр трасы Барнаул — Новасібірск, да помніка, адкрытага ў 1978 годзе. Ён сімвалізуе братанне Алтая і Хатыні, пра тое і словы на ім паэта Роберта Раждзественскага: “Здесь породнились земля Алтая и земля Хатыни. Да будет свято это братание, эта святыня”. Манумент дагледжаны, да яго ўскладваюць кветкі вясельныя пары, асабліва калі жаніх ці нявеста ведаюць пра свае беларускія карані.
Зрэшты, памятаюць пра тое далёка не ўсе нашчадкі перасяленцаў… “Паводле нашых звестак, на Алтаі жыве больш за восем тысяч беларусаў, аднак многія, асабліва маладыя, лічаць сябе рускімі, — акцэнтуе ўвагу С. Антоненка. — Таму ў нашых суполках практычна няма моладзі, работу ла-дзім у асноўным з пенсіянерамі. Спадзяемся, аднак, усё ж “дастукацца да сэрцаў”, прыцягваць і маладзейшых у наша кола, бо разумеем: без іх суполкі не маюць будучыні”.
Тым часам некаторыя з беларусаў-алтайцаў спрабуюць і вяртацца на родную зямлю. Сафія Васільеўна расказала пра свайго сябра, які пражыў жыццё на Алтаі, ды так і не пераадолеў настальгію — вяртаецца ў Магілёў. І яна сама падумвала пра такое, хоць з гадамі няпроста здзяйсняць смелыя планы. Прыязджаючы ў Беларусь, яна, прызналася, “наглядзецца і надыхацца” ёй не можа, бо любіць гэтую зямлю і яе людзей бязмежна. “Я, безумоўна, і Алтай люблю, абедзвюм радзімам ёсць месца у сэрцы маім, — разважае яна. — У Беларусі — гісторыя ўсяго роду, на Алтаі вырасла, там пахаваныя мае бацькі. І ўсё ж так цягне сюды… Пэўна, варта пажыць за мяжой, каб зразумець, як ты любіш Бацькаўшчыну”.
Сустракаючыся, алтайскія беларусы спрабуюць і гаварыць па-беларуску, і сагрэць сэрцы роднымі песнямі. Якія ў пашане? “Мой родны кут, Як ты мне мілы,/ Забыць цябе не маю сілы...” — ахвотна заспявала Сафія Васільеўна коласаўскія радкі. І песні часоў СССР многія спяваюць, і новыя накшталт “Чарка на пасашок” з рэпертуару гурта “Бяседа”, і “Касіў Ясь канюшыну” таксама сярод найбольш папулярных. Асабліва ж кранаюць пачуцці землякоў “матуліны песні”, хоць і не такія папулярныя, аднак чутыя імі з дзяцінства. Дарэчы, заўважае зямлячка, некаторыя з іх ні ў адным даведніку не можа знайсці. Шукала і ў зборніку “Песні беларускага Палесся”, і ў сцэнарыях традыцыйных народных святаў, якія падарылі ёй у Міністэрстве культуры. “Пайду я ў садочак, сарву там лісточак,/ Да й панакрываю мілага слядочак…” Расчуленая роднай мелодыяй Сафія Васільеўна нагадала яшчэ, што матуля, як і яна сама, была родам са Старадарожскага раёна Бабруйскай, а цяпер Мінскай вобласці.
Мне пашанцавала! Набраў на пошукавым сайце словы “пайду я ў садочак” — і камп’ютар выдаў некалькі ссылак на розныя варыянты народнай песні. Часткова яна згадваецца і ў рамане Леаніда Дайнекі “Назаві сына Канстанцінам”.
Шчырая “матуліна песня” Сафіі Васільеўны сагрэла нашу сустрэчу. А мне падумалася: вось ён, ключ да сэрцаў маладых суайчыннікаў! Калі ў беларускіх суполках будуць гучаць песні, вершы, казкі, перададзеныя нам у спадчыну, то ніхто і не забудзецца, адкуль яго радавод.

Іван Іванаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter