Интервью с директором Глубокского государственного профессионального лицея

Механізатары па... заказе

Паўтара года таму ў Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй прыйшоў у якасці кіраўніка Васіль Любоза, які да гэтага быў дырэктарам школы ў вёсках Ураджайнае і Шунеўцы, сярэдняй школы № 3 у Глыбокiм. Ён цудоўна ведае сельскае жыццё, бязмежна любіць сваю малую радзіму, людзей вёскі, таму самыя сардэчныя яго памкненні — падрыхтаваць для вёскі высакакласных спецыялістаў.

Дырэктар прафліцэя Васіль ЛЮБОЗА з першакурснікам Мікітам ГІЛЁМ падчас першага званка.
— Васілій Аляксандравіч, сёння не хапае на вёсцы кадраў рабочых прафесій. І ў першую чаргу механізатараў. Гэта праблема датычыцца Глыбоцкага і суседніх з ім раёнаў: Докшыцкага, Шаркаўшчынскага. Калі наступае пасяўная, касавіца ці ўборачная, даводзіцца браць кадры з гарадскіх арганізацый, якія не заўсёды могуць прафесійна справіцца з пастаўленай задачай. Як стала вядома, ваша ўстанова адукацыі выступіла з прапановай аб мэтавай падрыхтоўцы кадраў для вёскі па канкрэтным заказе сельгаспрадпрыемстваў. Якім чынам вы мяркуеце рэалізаваць гэтыя задумы?

— Ідэя ўзнікла ў мэтах выканання Указа Прэзідэнта № 70 па Віцебскай вобласці. У ім звернута вялікая ўвага на забяспечанасць сельскай гаспадаркі Віцебшчыны неабходнымі кадрамі. А мы якраз і займаемся іх падрыхтоўкай. І не толькі раёнаў, якія вы назвалі вышэй, але і Міёрскага, і Верхнядзвінскага, і нават Віцебскага.

— Больш падрабязна: як мяркуеце ажыццявіць сваю ідэю?

— У 2020/2021 навучальным годзе ліцэй будзе займацца падрыхтоўкай спецыялістаў па наступных кваліфікацыях: трактарыст-машыніст катэгорыі «А», «В», «D», вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «С», трактарыст-машыніст катэгорыі «А», «В», электразваршчык ручной зваркі, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі «С», повар, кандытар, прадавец, фармоўшчык каўбасных вырабаў, складальнік фаршу. І ўжо сёння ў нас ёсць папярэднія дамовы з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў, якія зацікаўлены ў прафесійных кадрах і гатовы супрацоўнічаць у падборы будучых навучэнцаў, а затым, калі яны будуць навучацца, стымуляваць іх матэрыяльна, хай не вельмі многа, некалькі базавых велічынь, прыняць на практыку, а пасля завяршэння навучання атрымаць гатовых спецыялістаў, магчыма ўжо падрыхтаваўшы для іх добрую тэхніку, жыллё. Многія з іх, упэўнены, створаць тут сем’і, завядуць гаспадарку, затрымаюцца надоўга, а магчыма, назаўсёды. Бясспрэчна, такая сістэма намнога эфектыўней, чым звычайнае размеркаванне, калі спецыяліст прыязджае ў незнаёмую гаспадарку, дзе яму трэба вырашаць жыллёвыя, бытавыя праблемы, адаптавацца ў новым калектыве. Вельмі часта пасля абавязковай адпрацоўкі даўжынёй у адзін год або службы ў арміі, спецыялісты назад не вяртаюцца.

— А ці не хочаце вы прывязаць сваіх выпускнікоў толькі да вёскі?

— Ні ў якім разе. Зразумела, ёсць сярод выпускнікоў будучыя Ламаносавы, Лабачэўскія, за імі будучае навукі. Але ж шмат хлопцаў і дзяўчат, якія любяць вясковае жыццё, працу на зямлі, з тэхнікай, не імкнуцца пакінуць малую радзіму. Сведчаннем таму з’яўляюцца і вучні агульнаадукацыйных школ, якія ў 10—11 классах на базе нашай установы адукацыі атрымоўваюць рабочыя кваліфікацыі на ўроках працоўнага навучання: рабочы зялёнага будаўніцтва, агароднік, муляр, повар, швачка, слесар сельскагаспадарчай вытворчасці, прадавец і інш. У час заняткаў бачым, як многія захапляюцца тэхнікай, з задавальненнем займаюцца вырошчваннем раслін, плануюць у будучым звязаць сваё жыцце з абранымі напрамкамі дзейнасці.

— А хто канкрэтна падтрымаў вашу ідэю па мэтавым заказе абітурыентаў?

— Ідэю падтрымаў старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі. Больш таго, ён пашырыў яе «межы»: улічваючы, што ў раёне створана аграпрамысловае аб’яднанне, у якое, акрамя сельскіх гаспадарак, увайшло шэраг прамысловых прадпрыемстваў, такія магутныя, як камбікормавы завод, мясакамбінат і малочнакансервавы, прапанаваў рыхтаваць кадры і для іх. Перагаварыў з многімі кіраўнікамі. Аднесліся прыхільна. У прыватнасці, ужо заключана дамова з дырэктарам мясакамбіната Валерыем Лапо аб супрацоўніцтве. Згодна з ёй у ліцэі па накіраванні названага прадпрыемства будуць адкрыты новыя групы — фармоўшчыкаў каўбасных вырабаў, складальнікаў фаршу, прадаўцоў. На базе 11 класаў будзе створана група абліцоўшчыкаў-плітачнікаў, заказ на якіх паступіў ад будаўнічых арганізацый раёна. Дырэктар СУП «Мярэцкія» Аляксандр Логінаў ужо зрабіў заказ на падрыхтоўку электразваршчыка, ёсць намер паслаць некалькі хлопцаў у ліцэй для набыцця прафесіі механізатара. Ён гатовы плаціць ім з касы гаспадаркі не дзве-тры базавыя велічыні, а нават больш. 

Сярэбраны прызёр Міжнароднага конкурсу аратых у Гарадку Данііл БЕЛЬСКІ з маладым майстрам Арцёмам ЗАЙЦАМ, які рыхтаваў яго да спаборніцтва

— Гучыць даволі прывабна. Але ж для таго каб увасобіць усё ў жыццё, патрэбна адпаведная база. А памятаеце, яшчэ зусім нядаўна, які год таму назад, на старонках нашай газеты мы з вамі падымалі даволі сур’ёзную праблему вострага дэфіцыту сучаснай тэхнікі: некаторым трактарам і прычапным агрэгатам ужо па 20—30 гадоў?

— Становішча відавочна памянялася. Дзякуючы намаганням нашага дэпутата, старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыя­нальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі, генеральны дырэктар МТЗ Віталій Воўк перадаў ліцэю новы энерганасычаны трактар «Беларус-2022», праз упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама атрымалі два новыя трактары МТЗ-1221. Набылі грузавую аўтамашыну ГАЗ з дызельным рухавіком. Паляпшаем матэрыяльна-тэхнічную базу за свае грошы. У бліжэйшы час плануем набыць апырсквальнік. Канечне, хацелася б мець яшчэ і самы новы трактар «Беларус-3522», які ёсць ужо ў многіх гаспадарках, і новы дыскатар, і аўтобус для падвозу навучэнцаў. Але ж не ўсё адразу. Капітальна адрамантавалі корпус № 3, у якім абсталяваны вучэбныя класы з поўным наборам вузлоў тэхнікі: ёсць рухавікі, каробкі перадач і інш. Перадалі іх нам у выглядзе спонсарскай дапамогі сельгаспрадпрыемствы — «За Радзіму», «Мярэцкія», ААТ «Глыбоцкі аграсэрвіс», філіял «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 16», Дзвінская эксперыментальная база лясной гаспадаркі. Ёсць свая падсобная гаспадарка звыш 200 гектараў зямлі, на якой навучэнцы замацоўваюць веды, набытыя на ўроках: рыхтуюць глебу за штурвалам трактароў, сеюць, убіраюць ураджай.

— Васілій Аляксандравіч, але нават самая моцная матэрыяльная база не дапаможа падрыхтаваць добрых спецыялістаў, калі не будзе высакакласных педагогаў, майстроў, аддадзеных, як кажуць, душой і сэрцам сваёй справе.

— Поўнасцю згодзен. Установа адукацыі ганарыцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Больш трыццаці гадоў перадаюць свае веды сапраўдныя прафесары тэхнікі і зямлі Георгій Сіманковіч, Павел Шынкевіч, Леанід Сенькавец, Іосіф Шыпіла і інш. Упэўнена падхопліваюць эстафету, не жадаючы ні ў чым уступаць ім, маладыя майстры вытворчага навучання Арцём Заяц і Аляксандр Зуй. Усе працуюць натхнёна, творча. Ды не толькі працуюць, але імкнуцца нешта здабыць, вынайсці, перадаць навучэнцам. Прывяду адзін толькі прыклад. Таццяна Кургузава, майстар вытворчага навучання групы повараў, вывучыла старадаўнія рэцэпты мясцовасці і нават выдала па сабраных ёй матэрыялах кнігу. А зараз на занятках гуртка, у якім (па яе ж умове) толькі хлопцы, дзеліцца сваім вопытам, навучае сваімі здабытымі рэцэптамі. Пацвярджэннем прафесіяналізму калектыву з’яўляюцца дасягненні нашых навучэнцаў. Данііл Бельскі стаў сярэбраным прызёрам на Міжнародным конкурсе аратых у Гарадку. Усяго некалькі балаў не хапіла яму да першага месца. Зараз нашы навучэнцы знаходзяцца на вытворчай практыцы, і ад кіраўнікоў гаспадарак паступаюць падзякі ў адрас ліцэя.

— Што ж, пажадаем поспеху вам і вашаму дружнаму калектыву! Дзякуй!

Установа адукацыі «Глыбоцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй» — адна са старэйшых у вобласці: летась яна справіла сваё 65-годдзе. За гэты час падрыхтавана звыш 30 тысяч спецыялістаў. Многія з іх сталі вядомымі на ўсю краіну. Сярод іх — механізатары, дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР Уладзімір Корсун і Георгій Піскуновіч, брыгадзір паляводчай брыгады Герой Сацыялістычнай Працы Уладзімір Вайтэцкі, двойчы кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга механізатар Георгій Лялюш. Сярод выпускнікоў ліцэя ёсць і стыпендыяты прэміі Прэзідэнта розных гадоў: Аляксандр Гайдукоўскі, Надзея Касінская, Аляксандр Лонскі. Героямі нашых дзён сталі выпускнікі: механізатар Алег Шынкевіч з УП «Мнюта» — «Чалавек года Віцебшчыны»; механізатар Андрэй Пятрага з ААТ «За Радзіму», узнагароджаны Ганаровай граматай Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта; Сяргей Зелянкевіч, камбайнер інтэграцыйнай структуры ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод», намалаціў 4943 тоны зярна ў 2019 годзе.
saulich@bk.ru

Фота аўтара і Аляксандра Жыгунова.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter