Пра што пісала «Сельская газета» 40 гадоў таму
20.11.2015 20:12:45
Адшукала сляды кнігалюба карэспандэнт «СГ» у Новай Вёсцы, што на Стаўбцоўшчыне. Аказалася, што два тыдні таму на 94-м годзе Барыс Чыжык пайшоў з жыцця.
Аднавяскоўцы запомнілі механізатара як чалавека з цікавым і незвычайным хобі — збіраць і даваць для чытання кнігі. Расказвалі, што амаль да апошніх дзён Барыс Сцяпанавіч жыў у сваёй хаце адзін у Новай Вёсцы. А цяпер літаратурны збор застаўся ў спадчыну нашчадкам. Адна з іх — дачка механізатара Галіна. Яна жыве ў Зарэччы, што таксама на Стаўбцоўшчыне. З 1980 года працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, спачатку ў Ручавічах, а цяпер у Засульскай сярэдняй школе. На выбар прафесіі, гаворыць Галіна Барысаўна, паўплывала жаданне яе бацькі:
— Нам з сястрой, яшчэ маленькім, тата казаў: адна дачка будзе педагогам, другая — медыкам. Хочаце — верце, хочаце — не, але ўсё так і выйшла. Я ў педагогіцы, мая сястра Таццяна працуе фельчарам-лабарантам. Мы выхоўваліся ў простай сям’і, але бацька змалку прывіваў нам любоў да чытання, кніг. Яго бібліятэка была самым вялікім нашым скарбам. І не дай бог, якую кніжку пашкодзіш — дастанецца! Дом быў як вялікая чытальная зала. Да бацькі натоўпамі прыходзілі калегі па працы. І не дзеля таго, каб выпіць чарачку (аб гэтым і гаворкі не магло быць!), а ўзяць пару свежых ці не вельмі томікаў.
Кожную кнігу Барыс Сцяпанавіч пранумароўваў. На палічках (спачатку вялікай кніжнай шафы ў хаце не было) друкаваныя асобнікі стаялі строга ў алфавітным парадку, былі размеркаваны па тэматыцы. Найлюбімейшая, зразумела, гістарычная і ваенная проза. Ветэран сам у час Вялікай Айчыннай дайшоў да Берліна, пад Кенігсбергам атрымаў кантузію і медаль «За адвагу». Быў мінамётчыкам, а потым прама на фронце скончыў курсы санінструктараў, выцягваў параненых. З вайны, акрамя трафейных кніг, Барыс Сцяпанавіч, прывёз і вялікі насценны гадзіннік, які і цяпер спраўна адбівае кожныя 30 хвілін звонам.
Усё жыццё адпрацаваў механізатар Чыжык у калгасе «Дружба» (цяпер ААТ «Вялікі Двор»), прычым апошнія гады да пенсіі вадзіцелем. Дарэчы, дзеля гэтай справы скончыў Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум.
Кнігі Барыс Сцяпанавіч з рук не выпускаў нават у глыбокай старасці. Апошнімі часамі аддаваў перавагу літаратуры на польскай мове: у дзяцінстве кнігалюб хадзіў у польскамоўную сельскую школу. А яшчэ Барыс Сцяпанавіч быў заўзятым кветкаводам. Ружы, выпеставаныя ўласнымі рукамі, ён заўсёды шчодра дарыў аднавяскоўцам. Гэта быў яшчэ адзін яго запал душы і сэрца.
uskova@sb.by