Пра што пісала «Сельская газета» 40 гадоў таму

Механiзатар Барыс Чыжык не выпускаў з рук кнiгу

У НУМАРЫ за 22 лістапада 1975 года пад рубрыкай «Ваше письмо» апублікавана нататка супрацоўніка Стаўбцоўскага раённага аддзялення «Саюздрук» Васіля Зянько. Аўтар распавядаў пра тое, што не адно дзесяцігоддзе збіраў хатнюю бібліятэку былы механізатар калгаса «Дружба» Стаўбцоўскага раёна Барыс ЧЫЖЫК (на здымку). Сярод кніг — а іх амаль дзве тысячы — ёсць некалькі томікаў, якія захаваліся яшчэ з вайны, з яго паходнага салдацкага рэчмяшка. Выданні пастаянна на руках механізатараў, жывёлаводаў — аднавяскоўцаў Чыжыка. Бібліятэкай ветэрана Вялікай Айчыннай карысталіся 150 чалавек.

Адшукала сляды кнігалюба карэспандэнт «СГ» у Новай Вёсцы, што на Стаўбцоўшчыне. Аказалася, што два тыдні таму на 94-м годзе Барыс Чыжык пайшоў з жыцця.

Аднавяскоўцы запомнілі механізатара як чалавека з цікавым і незвычайным хобі — збіраць і даваць для чытання  кнігі. Расказвалі, што амаль да апошніх дзён Барыс Сцяпанавіч жыў у сваёй хаце адзін у Новай Вёсцы. А цяпер літаратурны збор застаўся ў спадчыну нашчадкам. Адна з іх — дачка механізатара Галіна. Яна жыве ў Зарэччы, што таксама на Стаўбцоўшчыне. З 1980 года працуе настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, спачатку ў Ручавічах, а цяпер у Засульскай сярэдняй школе. На выбар прафесіі, гаворыць Галіна Барысаўна, паўплывала жаданне яе бацькі:

— Нам з сястрой, яшчэ маленькім, тата казаў: адна дачка будзе педагогам, другая — медыкам. Хочаце — верце, хочаце — не, але ўсё так і выйшла. Я ў педагогіцы, мая сястра Таццяна працуе фельчарам-лабарантам. Мы выхоўваліся ў простай сям’і, але бацька змалку прывіваў нам любоў да чытання, кніг. Яго бібліятэка была самым вялікім нашым скарбам. І не дай бог, якую кніжку пашкодзіш — дастанецца! Дом быў як вялікая чытальная зала. Да бацькі натоўпамі прыходзілі калегі па працы. І не дзеля таго, каб выпіць чарачку (аб гэтым і гаворкі не магло быць!), а ўзяць пару свежых ці не вельмі томікаў.

Кожную кнігу Барыс Сцяпанавіч пранумароўваў. На палічках (спачатку вялікай кніжнай шафы ў хаце не было) друкаваныя асобнікі стаялі строга ў алфавітным парадку, былі размеркаваны па тэматыцы. Найлюбімейшая, зразумела, гістарычная і ваенная проза. Ветэран сам у час Вялікай Айчыннай дайшоў да Берліна, пад Кенігсбергам атрымаў кантузію і медаль «За адвагу». Быў мінамётчыкам, а потым прама на фронце скончыў курсы санінструктараў, выцягваў параненых. З вайны, акрамя трафейных кніг, Барыс Сцяпанавіч, прывёз і вялікі насценны гадзіннік, які і цяпер спраўна адбівае кожныя 30 хвілін звонам.

Усё жыццё адпрацаваў механізатар Чыжык у калгасе «Дружба» (цяпер ААТ «Вялікі Двор»), прычым апошнія гады да пенсіі вадзіцелем. Дарэчы, дзеля гэтай справы скончыў Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум.

Кнігі Барыс Сцяпанавіч з рук не выпускаў нават у глыбокай старасці. Апошнімі часамі аддаваў перавагу літаратуры на польскай мове: у дзяцінстве кнігалюб хадзіў у польскамоўную сельскую школу. А яшчэ Барыс Сцяпанавіч быў заўзятым кветкаводам. Ружы, выпеставаныя ўласнымі рукамі, ён заўсёды шчодра дарыў аднавяскоўцам. Гэта быў яшчэ адзін яго запал душы і сэрца.

uskova@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter