Медыцынская «прапiска» з працягам

Хiрург Валерый Бусел сцвярджае, што ўрачы рабiлi i будуць рабiць сваю справу, нягледзячы нi на што

Хiрург Валерый Бусел сцвярджае, што ўрачы рабiлi i будуць рабiць сваю справу, нягледзячы нi на што

— Мае продкi, Буслы, — расказвае Валерый Пятровiч, — «прыляцелi» з Брэстчыны ў Клiчаўскi раён. Тут i пачалi вiць свае «гнёзды», разрастацца каранямi. Хто пайшоў у хлебаробы, педагогi, а я вось у медыкi. Усё быццам бы нечакана атрымалася: наважыўся паступаць у адну навучальную ўстанову, а потым раптам перайграў – i ў iншую. Мабыць, так трэба было, бы нешта вяло мяне. Адзiн курс скончыў медiнсты-тута, другi. На трэцiм прывялi нас, студэнтаў, у аперацыйнае аддзяленне адной з мiнскiх бальнiц. Як убачыў асветленыя сталы, урачоў, якiя схiлiлiся над хворым, — прыйшло якоесьцi азарэнне: «Гэта маё!»

Вось так Бусел i «запiсаўся» ў хiрургi. Нiбыта i гонар адчуваў: ты ратуеш чалавека! Рос, удасканальваўся. Асаблiва шмат дала праца ў Бабруйскай бальнiцы хуткай медыцынскай дапамогi, дзе такiя майстры скальпеля, як Валянцiн Белагураў, Яўген Цвiрко, з ахвотай дзя-лiлiся навыкамi з маладым калегам i бачылi ў таго здольнасцi i жаданне дапамагаць людзям.

— Аднаго разу, — далей працягвае Валерый Пятровiч, — праўда, я ўжо такую-сякую практыку меў, давялося прайсцi праз сапраўднае выпрабаванне. Я ў той дзень, дакладней ноч, дзяжурыў па аддзяленнi. Як раптам званок з машыны хуткай дапамогi: «Вязём цяжкапараненага, у яго пашкоджана сонная артэрыя, рыхтуйцеся да аперацыi!» Што ж адбылося? У кафэ iшла гулянка. I раптам аднаго маладога чалавека ўдарылi разбiтай бутэлькай па соннай артэрыi: кроў фантанам… Праўда, двое сябрукоў траўмiраванага не разгубiлiся, а здагадалiся ўтрым-лiваць артэрыю. А тут «хуткая» падвярнулася.

Мы ўжо адчынiлi аперацыйную, двое памочнiкаў са мной, а тут наступiла клiнiчная смерць. I ўсё ж аперацыя прайшла паспяхова, запрацавала сэрца, неўзабаве пацыент прыйшоў у сябе. Прыехалi сасудзiстыя хiрургi з Магiлёва, якiх тэрмiнова выклiкалi: «Вы ўсё рабiлi правiльна». Ну, у мяне i адлягло: уратавалi чалавека!

Ды колькi такiх няштатных сiтуацый было ў Бусла, i кожны раз ён выходзiў з гонарам. Прыбаўляў i як спецыялiст, i як чалавек: глыбокi, разважлiвы, добры арганiзатар. Не дзiва, што неўзабаве Валерыя Пятровiча прызначылi загадчыкам хiрургiчнага аддзялення бальнiцы «Белшыны». Гэта ўжо зусiм iншае поле дзейнасцi, ты ў адказе i за сябе, i за калектыў, усiх тых, хто знаходзiцца на лячэннi. Трэба было выпрацаваць агульную канцэпцыю паляпшэння работы аддзялення. Яго загадчык прыйшоў да высновы, што пачынаць трэба з павышэння аўтарытэту работнiкаў. I хто павiнен яго ўмацоўваць? Яны самi. Праз зычлiвыя адносiны да пацыентаў, сумленнае выкананне сваiх абавязкаў, праз усё тое, што не ад-штурхоўвае, а прыцягвае. «Не пацыенты для нас, а мы для iх», – любiў падкрэслiваць.

Валерый Пятровiч мог знайсцi любую магчымасць, каб правесцi ў аддзяленнi рамонт. У аперацыйным блоку абноўлена абсталяванне, аперацыйныя сталы, каагулятары, якiя спыняюць кровацячэнне, мыйная дэзiнфекцыйная машына i шмат чаго iншага.

Самае важнае, як падкрэслiў загадчык аддзялення, — удалося стварыць моцнае ядро квалiфiкаваных хiрургаў. Гэта перш за ўсё Мiкалай Ненартовiч, Сяргей Жук, якiя маюць вышэйшую катэгорыю, i iншыя. Яны робяць аперацыi, пра якiя раней i падумаць не маглi. Так, той жа Жук прышыў свайму пацыенту кiсць рукi, якую той страцiў у час работы на дрэваапрацоўчым станку. Звычайна пасля такiх траўм — ампутацыя i iнвалiднасць. Аднак Сяргей Мiкалаевiч, якi якраз быў на дзяжурстве, вырашыў iнакш i правёў з калегамi вельмi складаную аперацыю, якая завяршылася паспяхова. А зусiм нядаўна ён пачаў рабiць аперацыi па перасадцы скурнага покрыва на значных плошчах. Нямала задумак i на перспектыву. «Медыцына, — кажуць мясцовыя ўрачы, — не павiнна заседжвацца, яе трэба няспынна рухаць наперад».

Сам загадчык аддзялення, мiж iншым, галоўны хiрург горада, таксама не застаецца без паўсядзённай практыкi. Усе ўспамiнаюць, як па-майстэрску правёў ён аперацыю на сэрцы аднаму маладому чалавеку, якi ўдарыў сябе нажом. Некалькi гадзiн цяжкапаранены ляжаў дома, пакуль яго не адвезлi ў бальнiцу; здавалася, безнадзейная сiтуацыя, можна было, як кажуць, апусцiць рукi i чакаць лятальнага зыходу, але хiрург узяўся аперыраваць параненага. Атрымалася: той праз колькi часу стаў на ногi, хаця за яго здароўе нямала яшчэ давялося пазмагацца. Нядаўна Валерый Пятровiч бачыў свайго былога пацыента ў тралейбусе разам з малой дзяўчынкай, вiдаць, дачкой, той прыветна махнуў: пазнаў!

— Самая вялiкая радасць, — гаворыць Валерый Пятровiч, — калi чалавеку, якi мог загiнуць, ты вярнуў жыццё. Я не толькi пра сябе кажу, але i пра ўсiх хiрургаў нашага ад-дзялення. Дзякуючы iх намаганням удалося знiзiць пасляаперацыйную смяротнасць з 1,5 працэнта да 0,1. У нашай рабоце стала менш браку цi яго практычна зусiм няма. Мы яго проста не дапускаем.

Вось за ўсе гэтыя дасягненнi, асабiсты ўклад, тое, што амаль чвэрць стагоддзя ля хiрургiчнага стала, Бусел атрымлiваў званне «Чалавек года Магiлёўскай вобласцi», шмат iншых адзнак мае. Адным словам, аўтарытэтная асоба як сярод сваiх калег, так i гараджан, многiя яго ведаюць i па заслугах ацэньваюць.

— Валерый Пятровiч, — не сцярпеў спытаць я, — а якiя праблемы аддзялення, у цэлым хiрургii?

— Яны, можа, не столькi ў плоскасцi самой нашай працы, колькi ў справаздачы, толькi тыя паперы i адсылай… Хацелася б яшчэ аднаго-двух квалiфiкаваных хiрургаў мець. Мне здаецца, каб увогуле мы не сталi перад кадравым голадам. Трэба ў гэтым кiрунку пра-водзiць работу, не баяцца ўрачам ствараць умовы, павышаць зарплату. Яны гэтага заслугоўваюць. Хаця мы сваю справу рабiлi i будзем рабiць, нягледзячы нi на што.

На здымку: Валерый Бусел.

Фота: Мiкалай ДАВIДОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter