Поликлиника будущего: в Минске создали медучреждение первого звена по принципу бережного производства

Медыцына ў стылi мадэрн

Пагадзіцеся, візіт у пры­ватны медцэнтр можна параўнаць з сеансам рэ­лаксу: хутка, якасна, з кам­фортам. Паход у дзяржаўную паліклініку, на жаль, не заў­сёды адпавядае патрабаван­ням пацыентаў. Што з гэтым рабіць? Рашэнне знайшлі ў 30-й гарадской клінічнай паліклініцы Мінска. Тут абста­лявалі адкрытую рэгістратуру, размеркавалі патокі хворых, арганізавалі працоўнае месца ўрача па тэхналогіі 5S, ства­ры­лі карпаратыўную культу­ру. Якіх яшчэ навінак чакаць патрабавальнаму спажыўцу ад клапатлівай паліклінікі будучыні?

Тэхналогія 5S прадугледжвае рацыянальнае размяшчэнне медыцынскіх прылад на працоўным месцы ўрача.

Пераймаем вопыт

— Большасць падыходаў і прыёмаў паспяховага кіравання камерцыйнымі арганізацыямі актуальны і для дзяржаўных. Мы будзем імкнуцца адаптаваць
канцэпцыю беражлівай вытворчасці на нашай установе, —
расказвае пра сэнс пілотнага праекта «Клапатлівая паліклініка» галоўны ўрач 30-й гарадской паліклінікі Мінска Іна Кісель. — Вопытам з намі падзяліліся расійскія медыцынскія ўстановы першаснага звяна. Мы пабывалі ў камандзіроўцы ў Саранску і паглядзелі, як там у паліклініках аптымізуюць рабочыя працэсы.

Сёння спецыялісты 30-й паліклінікі толькі на пачатку шляху. Створана рабочая група з сямі кіраўнікоў установы розных узроўняў, якая вывучае асноўныя накірункі рэалізацыі праекта. А пачалі працу з вывучэння кнігі Даа Таёта «14 прынцыпаў менеджменту асноўных кампаній свету», якую параіў кіраўнік адной з паспяховых беларускіх кампаній, што працуе на міжнародны рынак і пабудавана на прынцыпах беражлівай вытворчасці. Знаёміцца з кнігай увесь персанал паліклінікі, таму што праца павінна быць каманднай.

Наступны прыпынак — рэгістратура

Зараз, як толькі трапляеш у паліклініку, звычайна бачыш перад сабой рэгістратуру. Насамрэч пакуль да яе дабярэшся, яшчэ трэба прайсці праз цэлую паласу перашкод. Злева — стол даведак. У чарзе каля васьмі чалавек. Аднак гэта дробязі ў параўнанні з ранейшай сітуацыяй, калі ва ўстанове не было кантакт-цэнтра і медрэгістратары павінны былі адначасова абслугоўваць пацыентаў і адказваць суразмоўцам па тэлефоне.

Дарэчы, сучасны кол-цэнтр з чатырма працоўнымі месцамі адкрыўся тут паўгода таму. За дзень у службу паступае каля тысячы званкоў. Сёння каманда распрацоўвае стандарты па камунікацыі медрэгістратараў з пацыентамі па тэлефоне. Спецыялістаў будуць вучыць, як вітацца з суразмоўцам, што гаварыць у розных сітуацыях і нават калі ўсміхнуцца.

Адзін з найбольш значных напрамкаў клапатлівай паліклінікі — аптымізацыя работы рэгістратуры. Якім чынам? Па-першае, ужо «з парога» адміністратар пачне размяркоўваць патокі пацыентаў у залежнасці ад нагоды звяртання і ўказваць ім на пэўны маршрут. Па статыстыцы, у паліклініку звяртаюцца 56 працэнтаў пастаянных пацыентаў з хранічнымі захворваннямі, 30 працэнтаў здаровых людзей (для праходжання дыспансерызацыі, медагляду), 5 працэнтаў неадкладных і 9 — нечарговых пацыентаў. Па-другое, для зручнасці навігацыі будзе ўсталяваны стэнд з графічнай інфармацыяй, які адлюструе схему перамяшчэння пацыента любой катэгорыі. Дадатковыя графічныя паказальнікі размесцяцца на падлозе. Па-трэцяе, закрытую рэгістратуру перафармаціруюць у адкрытую і пабудуюць у выглядзе рэсэпшэна — без ніякіх фізічных перашкод для камунікацыі. Картатэку плануць увогуле вынесці ў асобнае памяшканне.

— Зараз у паліклініках сітуацыя такая: пацыент запісваецца на прыём і ведае, калі і куды яму трэба прыйсці. Аднак усё роўна стаіць у чарзе да стала даведак, каб узяць талон. Потым накіроўваецца ў рэгістратуру за карткай. Усё гэта марнуе наш каштоўны жыццёвы рэсурс — час. Ужо на першым этапе чалавек губляе 10—15 хвілін. Мы падумалі, чаму б яму не даць магчымасць адразу пакінуць у гардэробе паліто і пайсці ў кабінет да ўрача, калі ён запісаўся загадзя, — тлумачыць логіку навінак галоўны ўрач паліклінікі.

Цяпер пацыенты ў вольным доступе могуць пакінуць скаргу або падзяку.

Парадак у пяцікратным памеры

Па экспертных ацэнках, сёння ўрач аддае на выкананне сваіх прамых абавязкаў усяго 20 працэнтаў часу. Астатні ідзе на вырашэнне ўсялякіх арганізацыйных задач. Каб лепш арганізаваць працу ўрачоў, у клапатлівай паліклініцы будзе прымяняцца тэхналогія 5S. Яна ўтрымлівае пяць асноўных прынцыпаў: сартаванне, захаванне парадку, утрыманне ў чысціні, стандартызацыя і ўдасканаленне. Тычацца яны непасрэдна працоўнага месца. Часам заходзіш да ўрача, а ў яго на стале — процьма папер і амбулаторных картак. Такі беспарадак перашкаджае сканцэнтравацца.

— Тэхналогія 5S мае на ўвазе размяшчэнне медыцынскіх прылад і дакументаў у асобым парадку, а таксама фарміраванне па агульных стандартах электронных дакументаў, — уводзіць у тэму ўрач агульнай практыкі Ганна Цэлых. — Навінка сапраўды актуальная для ўрачоў агульнай практыкі. Справа ў тым, што мы карыстаемся і электракардыёграфам, і пікфлоўметрам, які фіксуе хуткасць паветра пры ўдыху, і неўралагічным малаточкам, і глюкометрам, і атаскопам для нагляду за вушамі. Усё гэта патрэбна рацыянальна размясціць на працоўным месцы. Клапатлівая паліклініка не пакіне без увагі і здаровых людзей, якім патрэбна хутка прайсці чарговую дыспансерызацыю ці медагляд. З гэтай мэтай ва ўстанове запрацуе асобнае аддзяленне. Плануецца, што пацыент у такіх выпадках прабудзе ў паліклініцы не больш за дзве гадзіны. Нядрэнна, праўда?


Каб стварыць брэнд

Зараз рабочая група 30-й паліклінікі актыўна вывучае погляды гараджан па розных накірунках. На кожным паверсе ўстановы развешаны ватманы, дзе можна пакінуць падзяку ці, наадварот, скаргу. Па запатрабаваннях наведвальнікаў ужо з’явіліся кручкі і сушылкі ў туалеце, а таксама гадзіннік ля рэгістратуры. Галоўнае, зменшылася колькасць запісаў у кнізе заўваг і прапаноў.

Праект разлічаны на адзін год. За гэты перыяд патрэбна стварыць цэлы брэнд, прызвычаіць персанал да так званай карпаратыўнай культуры. А пачалі, як кажуць, з таго, што бліжэй да цела — адзення. Ужо сёння ўрачы клапатлівай паліклінікі пераапранаюцца ў халаты з блакітным аздабленнем, а медсёстры — з аранжавым.

Як бачым, планаў у ініцыятараў — хоць адбаўляй. У дадатак да ўсяго зменіцца доступ у лабараторыю: на аналіз можна будзе запісацца загадзя, пазначыўшы пэўны час. На калідорах з’явяцца растамеры і вагі, каб людзі ў свабодным доступе мелі магчымасць змераць свае параметры.

— За кошт вышэйпералічаных новаўвядзенняў мы плануем павялічыць час працы ўрача і медсястры непасрэдна з пацыентам, скараціць да мінімуму час афармлення запісу на прыём, а таксама медыцынскай дакументацыі, рэцэптаў, даведак, пазбегнуць чэргаў, скараціць час абслугоўвання аднаго пацыента ў рэгістратуры, — рэзюміруе Іна Віктараўна. — У выніку, мяркую, у нас атрымаецца павялічыць агульную задаволенасць пацыентаў якасцю і тэрмінамі атрымання медыцынскіх паслуг.

Самае цікавае, што 80 працэнтаў поспеху новага для нашых рэалій вопыту вызначаецца менавіта рэарганізацыяй рабочых працэсаў. І ўсяго 20 працэнтаў — гэта фінансавыя ўліванні. Канешне, пры ўдалым тэсціраванні навінкі цікавы фармат пяройдзе на іншыя медустановы першаснага звяна горада, а з часам і ўсёй краіны. Я, напрыклад, не супраць правяраць здароўе ў настолькі клапатлівай паліклініцы. А вы?..

veronulas@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter