Для большасці ўдзельнікаў першыя Еўрапейскія Гульні ў Баку выглядалі з’явай хоць і новай, але цалкам заканамернай

Медальны залік

Для большасці ўдзельнікаў першыя Еўрапейскія Гульні ў Баку выглядалі з’явай хоць і новай, але цалкам заканамернай. У рэшце рэшт, ёсць жа свае “кантынентальныя алімпіяды” ў іншых частках свету. Чым жа Еўропа горшая? Скептыкі ў якасці аргумента прыводзілі перагружаны спартыўнымі топ-турнірамі еўрапейскі каляндар і адзначалі, што ў сваім наймацнейшым складзе ў сталіцу Азербайджана прыбылі прадстаўнікі далёка не ўсіх відаў спорту. Але ж прыбылі, за ўзнагароды змагаліся без усялякіх паслабленняў і скідак на хуткія “профільныя” старты. І таму кожны з 10 беларускіх чэмпіёнаў годны асобнага згадвання.


Сіла волі

Від спорту: самба

Чэмпіёны: Сцяпан Папоў, Таццяна Мацко

Турнір па самба на Гульнях у Баку стаў гістарычным яшчэ да свайго пачатку. Ніколі раней гэты вельмі папулярны на прасторах СНД від адзінаборстваў не падбіраўся так блізка да алімпійскай праграмы. У Азербайджане самбісты правялі своеасаблівую прэзентацыю, і прайшла яна на выдатна. Яе свое­асаблівым апафеозам, які яшчэ доўга абмяркоўваўся карыстальнікамі сеткі інтэрнэт і спартыўнымі балельшчыкамі па ўсім свеце, стаў фінал у катэгорыі да 74 кілаграмаў. Кадры, на якіх беларус Сцяпан Папоў, стаўшы чэмпіёнам, выносіць з татамі свайго пераможанага саперніка азербайджанца Аміла Гасімава, які атрымаў траўму падчас паядынку, абляцелі ўвесь свет, а пра саму заваяваную ўзнагароду Папова, падаецца, нават і не пыталі. Яна, тым не менш, дарагога вартая. На шляху да вышэйшай прыступкі п’едэстала Сцяпан перамог няўступлівага расіяніна Азамата Сідакова, румына Валянціна Даміяна і барца з Польшчы Себасцьяна Чэсліка.


Не менш цярністым выдаўся шлях на вяршыню і ў Таццяны Мацко. Нядаўняя студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ў вырашальнай схватцы з мінімальнай перавагай вырвала перамогу ў спартсменкі з Украіны Алены Сайко. Болевы прыём, які ўкраінка правяла незадоўга да заканчэння схваткі, ледзь не дазволіў ёй атрымаць перамогу. Заваяваць “золата” Таццяне Мацко дапамог характар:

— Я ўяўляла, як трэба супрацьстаяць украінцы. Мы ўжо сустракаліся з ёю ў паўфінале чэмпіянату Еўропы, і тады я перамагла 3:0. Аднак у гэты раз Алене ўдалося зрабіць болевы прыём на руку, пасля чаго ў локці такі хруст раздаўся, што падумала: вось і ўсё. Балазе, час ужо заканчваўся, і мне ўдалося да­цярпець да заканчэння схваткі.





Разчэй грабок!


Від спорту: веславанне на байдарках і каноэ

Чэмпіёны:
Аляксандр і Андрэй Багдановічы, Марына Літвінчук, Маргарыта Махнёва

Весляры ў складзе беларускай дэлегацыі ў Баку былі аднымі з тых, ад каго ўзнагарод чакалі пры любым сцэнарыі. Надта моцны аўтарытэт каманды Уладзіміра Шантаровіча на сусветным узроўні. Даволі часта хлопцы і дзяўчаты радавалі сваіх прыхільнікаў, каб “праскочыць” міма п’едэстала першай у гісторыі Еўраалімпіяды. Яны і не праскочылі. І ў тым, што менавіта браты-алімпійцы — Андрэй і Аляксандр Багдановічы прынеслі нам першае “золата” Гульняў, бачыцца прыемны сімвалізм. Сваю дыстанцыю ў 100 метраў хлопцы праляцелі з такім спрытам, які здольны быў усяліць упэўненасць у каго хочаш. Ён і ўсяліў. Марына Літвінчук, напрыклад, са сталіцы Азербайджана вяртаецца адразу з дзвюма залатымі ўзнагародамі. Першую дзяўчына, раней вядомая ў свеце веславання пад прозвішчам Паўтаран, якая не аднойчы заваёўвала ўзнагароду буйных спартыўных форумаў, атрымала ў спаборніцтвах байдарак-двоек, дзе разам з Маргарытай Махнёвай у бліскучым стылі выйграла дыстанцыю 200 метраў. А літаральна праз гадзіну ўжо “сольна” вылучылася ў пяцікіламетровым заездзе. Калі ж успомніць, што на рахунку беларускіх весляроў у Баку значацца яшчэ дзве бронзавыя ўзнагароды байдарачнікаў Рамана Петрушэнкі, Віталя Бялько, Паўла Мядзведзева і Алега Юрэні, то пытанняў пра сучаснае і будучыню эскадры Шантаровіча можна і зусім не задаваць.


Ветлівая дакладнасць


Від спорту: стральба кулявая

Чэмпіён:
Віталь Бубновіч

Сцэнарый спаборніцтваў у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі на 10 метраў мог бы даць фору іншаму сюжэту. У кваліфікацыі, напрыклад, першае месца ўпэўнена заняў армянскі стралок Грачык Бабаян. Аднак ён не змог вытрымаць псіхалагічнага напружання і “пасыпаўся”. У выніку барацьба за “золата” ператварылася ў дуэль беларускага спартсмена Віталя Бубновіча і Нікола Кампрыяні. Саперніцтва гэта ўсяляла хваляванне: за ўсю сваю працяглую кар’еру беларусу ў італьянца ўдалося выйграць усяго двойчы. І Кампрыяні спадзяванні апраўдаў: аж да апошняй серыі выстралаў ён ні бала не аддаваў свайму апаненту, ператварыўшы спаборніцтвы ў сапраўдную вайну нерваў. Зрэшты, першым у ёй не вытрымаў менавіта італьянец. Два змазаныя ім выстралы далі магчымасць Бубновічу перамагчы з перавагай у 0,2 бала!


Дзяўчына з характарам


Від спорту: барацьба вольная

Чэмпіён: Васіліса Марзалюк

Фінал барцоўскага турніру ў катэгорыі да 75 кілаграмаў у жанчын стаў наглядным доказам таго, што па сваім характары прадстаўніцы прыгожага полу нічуць не саступаюць мужчынам, затое нават у такі кансерватыўны від, як барацьба, здольныя прыўнесці крыху драмы. У вырашальным паядынку саперніцай Марзалюк стала расіянка Кацярына Букіна. Безагаворачна выйграўшы першы перыяд, у якім суддзі не ацанілі ні адно з дзеянняў расіянкі, Марзалюк апынулася за крок ад перамогі. Букіна, усвядоміўшы крытычнасць становішча, здолела актывізавацца і скараціць адставанне да мінімуму. Аднак на апошніх секундах, праявіўшы незвычайную волю, мінчанка адстаяла-такі чэмпіёнскі тытул, а пасля анансавала будучыя вялікія перамогі:

— Я рада, але спадзяюся, што не дасягнула яшчэ лепшай сваёй формы. Мне ёсць яшчэ над чым працаваць: магла зрабіць усё значна лепш. Аднак тое, што нават не ў аптымальным стане здолела выйграць золата, яшчэ больш грэе душу.





Сонца на спіцах


Від спорту: веласпорт

Чэмпіёны: Алена Амялюсік, Васіль Кірыенка

Спаборніцтвы веласіпедыстаў на Еўрапейскіх Гульнях у Баку інтрыгавалі ў першую чаргу складам удзельнікаў. Гранды про-тура, якія заявіліся было для ўдзелу ў розыгрышы ўзнагарод Еўраалімпіяды, на старт усё ж не выйшлі. Што, зрэшты, наўрад ці прымяншае дасягненні беларусаў. І Васіль Кірыенка, і Алена Амялюсік не аднойчы станавіліся трыумфатарамі этапаў і агульнага заліку самых прэстыжных велагонак планеты. А таму і ў Баку проста абавязаныя былі фінішаваць на п’едэстале. Так і выйшла. Пасля залатога пачыну Кірыенка, які літаральна не пакінуў шанцаў сапернікам па гонцы з раздзельным стартам, тытул пераможца Еўрапейскіх Гульняў заваявала і Амялюсік, у групавой гонцы здолеўшы вырваць перамогу ў галандскіх веласіпедыстак і полькі Катаржыны Невядомай. Пасля фінішу Кірыенка, які прадстаўляе знакамітую брытанскую каманду “Скай”, расказаў, што стаць пераможцам першых Еўрапейскіх гульняў — вельмі прэстыжна.

— Упершыню праводзяцца такія спартыўныя спаборніцтвы ў фармаце такога буйнога маштабу. Залаты медаль у мяне, я ўжо ўвайшоў у гісторыю, таму што пакуль невядома, калі і дзе будуць наступныя Еўрапейскія гульні.

Дарэчы, гэтая перамога можа стаць самым значным дасягненнем Кірыенкі ў цяперашнім сезоне: кіраўніцтва каманды “Скай” вырашыла не ўключаць беларуса ў састаў на знакамітую шматдзёнку “Тур дэ Франс”.


Зрабілі прыгожа


Від спорту: мастацкая гімнастыка

Чэмпіёнкі: Ксенія Чалдышкіна, Ганна Дудзянкова, Марыя Кадобіна, Валерыя Пішчэліна, Арына Ціцыліцына

На вынік любых спаборніцтваў па мастацкай гімнастыцы заўсёды ўплывае нешта большае, чым колькасць, чысціня і складанасць выкананых элементаў. Сістэма рэальнага размеркавання адзнак у гэтым суб’ектыўным відзе спорту складаная і непрадказальная, і таму беларускіх грацый трэба асабліва цаніць. Вось ужо дзясятак гадоў яны прывозяць узнагароды практычна з кожнага топ-турніру, і цяперашнія Гульні не сталі выключэннем. На п’едэстал у адзіночных відах праграмы паднімалася лідар нашай зборнай Меліціна Станюта, а каманда ў групавым практыкаванні і зусім дацягнулася да чэмпіёнскага тытула, пакінуўшы ззаду і заканадаўц моды на дыване расіянак, і традыцыйна моцную каманду гаспадынь турніру — азербайджанак, і каманды Ізраіля і Украіны, якія раздзялілі месцы на п’едэстале. Поспех гэты мог бы здарыцца і раней, аднак дробныя памылкі ў шматбор’і не дазволілі дзяўчатам падняцца вышэй за трэці радок пратаколаў. А вось у практыкаванні з шасцю булавамі і двума абручамі роўных ім не аказалася. І, паводле слоў галоўнага трэнера беларускай каманды Ірыны Ляпарскай, цяперашняя перамога павінна стаць важкім укладам у падмурак будучых поспехаў. Сярод якіх, хочацца верыць, будзе і ўжо “сапраўдная” Алімпіяда.

Астатнія

На п’едэстал пашаны Еўрапейскіх Гульняў паднімаліся беларускія прадстаўнікі ў 13 відах спорту. Для многіх з іх перамогі гэтыя мелі прынцыповае значэнне. Напрыклад, 19-гадовы Дзмітрый Асанаў, які стаў сапраўдным адкрыццём Гульняў, аказаўся не толькі адзіным прадстаўніком Беларусі ў фінале баксёрскага турніру, але і гарантаваў сабе месца сярод удзельнікаў будучага чэмпіянату свету. Не меншай увагі заслугоўвае і вынік Мікіты Цмыгі. Плаванне на Еўрапейскіх Гульнях было прадстаўлена юніёрамі: лідары рыхтуюцца да хуткага чэмпіянату свету, аднак не самы моцны склад удзельнікаў не перашкодзіў маладому беларускаму спартсмену перапісаць рэкорд краіны. З гэтага часу найвышэйшае дасягненне беларускіх плыўцоў на дыстанцыі 200 метраў на спіне раўняецца 1 хвіліне і 59,46 секундам. Гэтыя лічбы прынеслі Мікіту Цмыгу “срэбра” Еўрапейскіх Гульняў. Выдатны задзел на будучыню зрабілі беларускія спартсмены ў спражках на батуце і грэка-рымскай барацьбе. Не патрапіўшы на вышэйшую прыступку п’едэстала, яны, тым не менш, сабралі значны медальны “ўраджай”, і рана ці позна гэтая колькасць павінна будзе перарасці ва ўзнагароды самай высокай вартасці. Магчыма, на наступных Еўрапейскіх Гульнях?

Дзмітрый Камашка
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter