Беларусы Самарскай вобласці сустракалі спартсменаў-вайскоўцаў з Беларусі

Медалі афіцэрам да твару

Нядаўна ў Самары праходзіў Чэмпіянат дружалюбных армій краін-удзельніц СНД па летнім афіцэрскім трохбор’і. Удзельнічала і каманда Узброеных Сіл Беларусі. Падтрымаць суайчыннікаў прыйшлі  беларусы Самарскай вобласці.


Палкоўнік Анатоль Ханеўскі ўзнагароджвае пераможцаў

У такое трохбор’е ўваходзяць стральба з пісталета Макарава, плаванне і бег. Падобны турнір упершыню прымала Самара, якой сёлета прысвоена ганаровае званне “Горад працоўнай і баявой славы”.

Сардэчна віталі ўдзельнікаў спаборніцтваў і сябры суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. На адкрыцці чэмпіянату беларускі вакальны ансамбль “Каданс” выступіў з канцэртнай праграмай: прагучалі беларускія і рускія песні. Спецыяльна для беларускай каманды дзяўчаты падрыхтавалі песню “Гармонiк грае”. “Мы былі вельмі рады сустрэцца з афіцэрамі са сваёй гістарычнай Радзімы, — адзначыла кіраўніца суполкі Ірына Глуская. — Упэўнена: ім таксама прыемна было мець у Самары такую падтрымку”.

У складзе беларускай каманды выступалі лепшыя вайсковыя спартсмены-трохборцы Беларусі: майстар спорту міжнароднага класа палкоўнік Кірыл Чупрыс, майстар спорту падпалкоўнік Валеры Радкевіч, кандыдат у майстры спорту падпалкоўнік Вячаслаў Федарэнка, майстар спорту маёр Андрэй Маркевіч, майстар спорту старшы лейтэнант Максім Грабянчук, кандыдат у майстры спорту курсант Ягор Сахончык і першаразраднік курсант Віктар Завадскі. Дарэчы, летась у Маскве, на першых ваенна-спартыўных гульнях дружалюбных армій дзяржаў-удзельніц СНД, Валеры Радкевіч, Андрэй Маркевіч і Максім Грабянчук заваявалі залатыя медалі. Трэнер — палкоўнік Яўген Гаўронік, узначальваў беларускую дружыну палкоўнік Анатоль Ханеўскі, старшыня Спарткамітэта УС Беларусі. Апошні, дарэчы, у 1993-м упісаў сваё імя ў Кнігу рэкордаў Гінеса: у 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывізіі ў прысутнасці афіцыйных прадстаўнікоў Кнігі рэкордаў гвардыі капітан Ханеўскі за 4 гадзіны 22 хвіліны зрабіў уздым пераваротам на перакладзіне 1000 разоў!

Якія трафеі ў нашых на гэты раз? У стральбе з пісталета Макарава ў старэйшай узроставай групе сярэбраным прызёрам стаў Валеры Радкевіч (880 ачкоў), а ў групе да 30 гадоў заваяваў бронзу Максім Грабянчук (850 ачкоў). Два серабры ў плаванні: у старэйшай узроставай групе — у Кірыла Чупрыса і ў групе да 30 гадоў — у курсанта Віктара Завадскага. У бегу на 1000 метраў сярэбраным прызёрам стаў таксама Кірыл Чупрыс, у бегу на 2000 метраў бронза — у маёра Андрэя Маркевіча. Пераможцамі ў камандным заліку сталі расійскія афіцэры са зборнай РФ-1, другое месца — у каманды Беларусі, на трэцім — зборная РФ-2. “Гэтыя спаборніцтвы — вельмі аўтарытэтныя і вельмі моцныя, — лічыць першы намеснік старшыні Спарткамітэта УС Беларусі і сярэбраны прызёр чэмпіянату Кірыл Чупрыс. — Правяраецца падрыхтоўка афіцэраў, ідзе абмен досведам... Пераймаем новае ў методыцы падрыхтоўкі спартсменаў. У Самары ж сустрэлі такі сардэчны прыём, што адчувалі сябе — як дома”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter