Імчаць, ірдзець, ільсніцца... ці Правапіс прыстаўных галосных і, а

Прыстаўныя галосныя і , а — яскравая адметнасць нашага правапісу. Яны не ўласцівы ні польскай, ні рускай, ні ўкраінскай мовам, што сведчыць пра іх беларускае паходжанне. Узніклі яны ў ХІІІ стагоддзі ў выніку падзення рэдукаваных галосных.

Мы ўжо гаварылі пра асаблівасці вакалізму (сістэмы галосных) старажытнай мовы. Напрыклад, ва ўсходнеславянскай мове рэдукаваныя ъ (ёр) і ь (ер) былі самастойнымі гукамі. Але крыху асаблівымі: вымаўляліся яны ў залежнасці ад пазіцыі. Так, у слове кънижька абодва рэдукаваныя былі ў слабай пазіцыі, бо былі ненаціскнымі. Са змяненнем націску — з музычнага на сілавы — адны склады ўзмацніліся, другія паслабіліся. Калі націск падаў на рэдукаваны, то ён паступова ператвараўся ў галосны поўнага ўтварэння. У ненаціскной жа пазіцыі рэдукаваны знікаў. Страта рэдукаваных прывяла амаль да рэвалюцыйных змен у мове. Гэта і аглушэнне/азванчэнне зычных (казка, малацьба), і ўзнікненне ўстаўных галосных (рубль — рубель), і страта канцавога л (неслъ — несл — нёс), і ўзнікненне беглых галосных (сон — сна), і падаўжэнне зычных (вяселле), і змяненні в і цвёрдага л на ў і інш. Як ужо адзначалася, у выніку падзення рэдукаваных у роднай мове з’явіліся і прыстаўныя галосныя: Орша, аржаны, ільгота, ільняны, іржавы, ільвіца, ірдзець, іржышча, ілгаць, ільсніцца і інш. Яны стагоддзямі ўжываліся ў вуснай беларускай мове, пранікалі ў пісьмовыя тэксты. Назіраецца даволі цікавая адметнасць: прыстаўныя галосныя развіваюцца не перад усімі зычнымі, а толькі перад р, л, м, якія пэўны час маглі ўтвараць склады. Здольнасць гэтых гукаў развіваць склады была выклікана нязручнасцю, “няўменнем” нашых продкаў вымаўляць словы са збегам зычных. Затым санорныя трацяць складовасць. Перад імі, як адзначаў акадэмік Карскі, “для ўхіленьня няўдобнага зачыну слова” развіваюцца галосныя і, а. У гісторыі беларускай мовы ведаем і прыстаўны о: Ръша — Рша (дзе гук р пэўны час мог утвараць склад) — Орша. Ёсць сведчанні, што прыстаўны мог узнікаць і перад в (ў): аўторак (вът), але ў сучаснай практыцы гэтае слова не мае правапісных варыянтаў. У новай рэдакцыі правіл напісанне прыстаўных галосных і і а рэгламентавана наступным чынам. Прыстаўная галосная і пішацца: у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы; у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, (іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна); калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычную: Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Я.Купала). Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (Я.Колас). Прыстаўная літара і не пішацца, калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную, і пасля яго няма знака прыпынку: Азалаціла восень поле ржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі (К. Чорны). Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў... (Я. Колас). Узнікненне прыстаўных і і а абумоўлена гістарычна і датычыць далёка не ўсіх слоў. Напрыклад, не развіваецца прыстаўны гук у словах ртуць, млосны, мсцівец, млын. Гэта дае падставы меркаваць, што дзеянне фанетычнага закона ў пэўны час было спынена, і ён распаўсюдзіўся толькі на невялікую групу спрадвечна беларускіх слоў. Нельга блытаць напісанні запазычанняў тыпу імперыя, імправізацыя, імпарт, імпульс, імпічмент, імпрэсарыа са словамі з прыстаўной і. У прыведзеных словах і не з’яўляецца прыстаўной літарай: напрыклад, імпарт паходзіць з лацінскай мовы importare — ‘увозіць’. У некаторых словах можа з’яўляцца прыстаўная галосная а: амшара, аржаны, аржанішча, якая ўзаемазамяняльная з прыстаўной і: імшара, іржаны, іржышча. Напісанне ў выпадках амшара і імшара, аржаны і іржаны не ўплывае на іх зместавае напаўненне, гэтыя словы не маюць сэнсавых адрозненняў. Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы, прымчацца, вокамгненна. У сучаснай арфаграфіі гэтае правіла не заўсёды вытрымлівалася. Слоўнікі дапускаюць варыянты ў напісанні прыведзеных слоў з прыстаўной і. Новай рэдакцыяй правіл такі разнабой выключаны.

Зваротная сувязь

 Дзень добры! У слоўніку 1987 года, на які вы не раз спасылаецеся, заўважаецца рознае напісанне слоў з часткай сто-: стагоддзе і стоградусны, стагодні і стогаловы. Як будзем пісаць гэтыя словы зараз?

Леанід

— У новай рэдакцыі правіл напісанне складаных слоў, першай часткай якіх з’яўляецца лічэбнік сто, цалкам уніфікуецца. Яно падлягае двум патрабаванням. Па-першае, у словах тыпу стагоддзе, стагадовы, стаградусны, стагаловы і інш. галосная а з’яўляецца злучальнай галоснай і яе напісанне падпарадкуецца агульнаму правілу: у складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, галосная а — у любым ненаціскным складзе: ільновалакн?о, Вад?охрышча, кур?одым, час?опіс, геліёграф, марозаўст?ойлівы, прыборабудаўнічы. Па-другое, частка ста- з’яўляецца формай роднага склону лічэбніка сто. Яе напісанне рэгламентуецца наступнай нормай: у складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: статысячны, статысячнік, статонны, стааблічны, стагалосы, стаграмовы, стаметровы, стапрацэнтны, старублёвы, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.

Прывітанне! Са здзіўленнем адкрыў для сябе напісанне лічэбніка восемсот. Націск падае на апошні склад. Чаму ж мы пішам у першай частцы о?

Ваш будучы студэнт

— Не адзін вы гэтаму здзіўляецеся. Але і па новай рэдакцыі правіл гэтае слова трэба будзе пісаць праз літару о. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова. Гэта азначае, што пры іх скланенні змяняюцца абедзве часткі, захоўваецца самастойны націск і склонавыя формы пішуцца, як у асобных словах: Н. шэсцьсот семсот восемсот Р. шасцісот сямісот васьмісот Д. шасцістам сямістам васьмістам В. шэсцьсот семсот восемсот Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах

Добры дзень! Запаўняю атэстаты, тэрмінова прашу дапамогі. Як правільна напісаць па-беларуску прозвішчы і імёны ў родным склоне: Юшко Таццяна, Шышко Дзмітрый, Буры Павел, Вараўка Міхаіл, Гарлова Марыя, Куздзерка Вераніка, Куханавец Раман, Таляронак Аляксандр, Чэрняк (па-руску Черняк) Вольга, Лешчанка Валянціна, Максюра Надзея, Пятрук Раман. Дзякуй.

Таццяна Мікалаеўна

— У новых бланках атэстатаў аб заканчэнні сярэдняй школы і пасведчанняў аб заканчэнні базавай школы прозвішча выпускніка павінна запісвацца ў родным склоне. Правільна: Юшко Таццяны, Шышко Дзмітрыя, Бурага Паўла, Вараўкі Міхаіла, Гарловай Марыі, Куздзеркі Веранікі (дапускаецца Куздзерка), Куханаўца Рамана, Таляронка Аляксандра, Чарняк Вольгі, Лешчанкі Валянціны (дапускаецца Лешчанка), Максюры Надзеі, Петрука Рамана.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter