Якой бачыцца Балтыя вачамі творцаў з беларускімі родавымі каранямі

Маюць гонар мастакі

Якой бачыцца Балтыя вачамі творцаў з беларускімі родавымі каранямі


У Акадэмічнай бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта ў Рызе — цікавы праект. Там працуе выстава “Балтыя вачамі беларусаў”, якую стварылі сябры вядомай у Латвіі, ды і ў замежжы суполкі Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”. Свае творы  ў тэхніках жывапісу, акварэлі, станкавай графікі, малюнка, баціка, рэльефнай разьбы па дрэву паказалі дзесяць мастакоў суполкі. Гэта пейзажы Аліны Літвіненкі, Ганны Пейпіні, Алены Лаўрыновіч, Надзеі Ізенёвай, Галіны Жалабоўскай, Алены Раманенкі, Ірыны Трумпель-Сабалеўскай і нацюрморты Анатоля Ермаковіча, Вячкі Целеша і Васіля Малышчыца.


Мастакоў віншуюць з вернісажам кіраўніца суполкі “Сьвітанак” Ірына Кузьміч з дачкою

Выстава, дарэчы, не была спланавана загадзя, як тое звычайна робяць галерэі, музеі ды выставачныя залы. Аднак спагадлівая дырэктарка бібліятэкі Вэнта Коцэрэ змагла знайсці для нас “вакенца” ў плане, і 25 верасня выстава адкрылася ў выставачнай галерэі. Дарэчы, гэтае месца для сустрэч, прэзентацый і розных выстаў ужо не раз выкарыстоўвалі рыжскія беларусы, ды і госці з Беларусі. У тым заслуга і Беларускага інфацэнтра, які месціцца ў будынку бібліятэкі ды яго кіраўніка Уладзіслава Рэдзькіна.

Восень заўсёды багатая кветкамі, і нашыя мастакі разам з віншаваннямі атрымлівалі іх ад дырэктаркі Рыжскай Беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганны Іванэ, старшыні Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” Ірыны Кузьміч і яе маленькай дачушкі Сафійкі. На адкрыццё выставы сабраліся як мясцовыя беларусы, так і латышы, прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Віншаванне мастакам ад Пасла Беларусі ў Латвіі Марыны Даўгаполавай зачытаў саветнік-пасланнік беларускай амбасады Яраслаў Міцкевіч. Віншавалі творцаў старшыня Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, прадстаўнік армянскай дыяспары прафесар Рафі Хараджанян, старшыня Латвійскага грузінскага таварыства Нугзар Мдзінарышвілі ды іншыя. Можна сказаць словамі мастакоў: палітра свята атрамалася яркаю і шматнацыянальнаю.


У экспазіцыі выставы шмат цікавых работ

Адкрыццё выставы прыпала на прыгожую пару, калі ўступіла ў свае правы залатая восень. Прыемна бачыць, як яна ўпрыгожвае  вуліцы, паркі — і душы рыжан. Вось і беларускія мастакі да тых колераў дадалі і фарбы свайго таленту і натхнення. Дарэчы, пакуль з гэтай выставай знаёмяцца жыхары і госці Рыгі, другая экспазіцыя мастакоў суполкі “Маю гонар” разгарнулася ў Краславе, у Латгальскім рэгіёне — ён мяжуе з Беларуссю. Што ж, кожнаму чалавеку, хоць у думках, заўсёды хочацца быць бліжэй да Бацькаўшчыны…

У наступным годзе наша суполка адзначыць 25-гадовы юбілей. Падобных беларускіх творчых аб’яднанняў, дарэчы, у замежжы больш, пэўна, і няма. Плануем разгарнуць выставы не толькі ў Рызе, але і ў іншых рэгіёнах Латвіі. Гатовы да супрацоўніцтва і з актывістамі беларускай дыяспары і ў іншых краінах. А сёлетнія выставы ў Рызе і Краславе — гэта прыгожыя такія восеньскія крокі-набліжэнне да будучага юбілею, які плануем адзначаць у студзені.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter