Ёсць людзі, якія штодня сваімі рукамі ствараюць пеўняў -- сімвал 2017-га

Майстроў пацягнула на салодкае

У інтэрнэце прапануюць тысячы спосабаў, як сваімі рукамі стварыць пеўня — сімвал 2017-га. Актуальны сувенір можна зрабіць з паперы, пластыліну, салёнага цеста, тканіны, пластыкавых бутэлек і іншага. Мы адшукалі людзей, для якіх такі занятак не хобі, а штодзённая карпатлівая праца. Карэспандэнт «Р» паспрабавала сябе ў ролі шкловыдзімальшчыка, а таксама даведалася, як ствараюцца пернікавыя птушкі і ледзянцы са смакам дзяцінства.

Унікальнасць шкляных шэдэўраў у тым, што яны непаўторныя
Фота БЕЛТА

Напярэдадні свят на шклозаводзе «Нёман» у Бярозаўцы праца кіпіць. Акрамя вытворчасці больш за 10 тысяч найменняў вырабаў, кожны сезон майстры таксама працуюць над ёлкамі, снегавікамі, Дзядамі Маразамі і, вядома, сімваламі надыходзячага года. На маіх вачах Валерый Багінскі стварае пеўня ростам у 35 сантыметраў. Сувенір вялікі, таму робіць па частках.

Да брыгадзіра час ад часу падыходзяць людзі з «чароўнымі палачкамі». Распаленае шкло лепяць у патрэбных месцах, і майстар надае яму неабходную форму. «Гэта вельмі спецыфічны матэрыял. Усё вырашаюць імгненні. Трэба вельмі хутка дзейнічаць. Інакш шкло застыне», — Валерый Багінскі за некалькі секунд віртуозна робіць сапраўдны твор мастацтва. Такое ўражанне, што працэс — прасцей простага, але гэта не так.

«Майстэрства адточваецца кожны дзень. На працягу ўжо 40 гадоў», — прызнаецца і зноў паглыбляецца ў працу. Мой суразмоўца ведае, што робіць: як ствараюцца шэдэўры, бачыў з дзяцінства. Ён — прадаўжальнік сямейнай дынастыі Багінскіх. Доўгі час на шклозаводзе працавалі яго бацькі, якія сталі вырабляць шкляныя фігуркі адразу пасля вайны. А сёння разам з Валерыем працуе яго жонка.

Дарэчы, да зімовых свят на заводзе сталі рыхтавацца яшчэ ў верасні — трэба паспець зрабіць усе заказы, бо завадскую шкляную навагоднюю атрыбутыку ў краіне больш нідзе не вырабляюць. Акрамя эксклюзіўных сувеніраў, якія на маіх вачах вырабляў Валерый Багінскі, майстры працуюць над стандартнымі фігуркамі вышынёй у 15 сантыметраў. За адну змену майстар робіць каля 30 такіх рознакаляровых статуэтак. Менавіта яны ў крамах будуць даступныя пакупнікам.

На час змяніць прафесію прапануюць мне работнікі эксперыментальна-мастацкай брыгады. Мікалай Васюк, выдзімальшчык шклавырабаў, запэўнівае: «Самага элементарнага пеўніка можна навучыцца рабіць усяго за дзень. Вядома, калі чалавек вельмі здольны». Што ж, спрабую.

За адну змену Валерый БАГІНСКІ робіць каля 30 такіх рознакаляровых статуэтак.
Фота аўтара


На працоўным участку ўсё дыхае гарачынёй. І калі ў цэху амаль 30 градусаў, то каля печы тэмпература значна больш. Майстры прывыклі і апранаюцца па-летняму — майкі, шорты, шлёпанцы. «Тэмпература ў печы падтрымліваецца пастаянна на ўзроўні 1200 градусаў, — Мікалай Васюк працягвае мне на першы погляд звычайную жалезную палку. — Устаўляеце ў печ, накручваеце «лаву» і акуратна вымаеце». Спрабую і ўжо праз хвіліну абліваюся потам — ці то ад страху, ці то ад гарачыні.

Робім своеасаблівае «яйка», затым дадаём элементы — з бясформеннай шкламасы павінны атрымацца галава, грэбень, лапкі, хвост. Каб фігурка была разнаколернай, шкло загадзя абмакваюць у каляровую пудру. «Вельмі многае залежыць ад умення майстра ўвасобіць ідэю мастака. Унікальнасць нашых пеўнікаў у тым, што яны непаўторныя», — мой настаўнік з 34-гадовым стажам размаўляе і фармуе пёры птушынага хваста. Нягледзячы на тое што ўвесь працэс праходзіць у мяне на вачах, я з цяжкасцю ўлоўліваю яго сутнасць. Таму мая спроба надаць форму кавалку шкла поспехам не ўвянчалася. Хвост так і не стаў хвастом. Усё ж «дамовіцца» з непрадказальным матэрыялам вельмі складана. Людзі дзясяткі гадоў вучацца гэтаму.

Мой «шэдэўр» забраць не ўдалося — фігурка хай і выглядае ўжо астылай, але гэта не так. Яе чакае доўгі працэс астуджэння і зняцця напружання ў шкле. Затым адшліфуюць краі кожнай статуэткі. І гатова.

Любімы ласунак нашых бацькоў, бабуль і дзядуль — пеўнікі на палачцы. Такім ледзянцам, а так іх назвалі з-за падабенства з лёдам, ужо больш за 500 гадоў. Пік папулярнасці гэтага цукровага пачастунку ў СССР прыйшоўся на 70-я гады мінулага стагоддзя. Ледзянцы ў несамавітай цэлафанавай абгортцы сталі не толькі дэсертам, але і любімымі цацкамі. І зараз зноў уваходзяць у моду.

Пеўнікаў зараз можна купіць не толькі з рук у бабуль на рынку, але і ў крамах. Алеся Локцева, вытворца карамелі віцебскага прадпрыемства «Бел-Янтэх», ведае пра савецкі чупа-чупс усё і нават больш. За змену яна вырабляе каля пяці тысяч 15-грамовых ледзянцоў. Прычым карамель адлівае ўручную.

«Пеўнікі знаёмыя мне з самага дзяцінства, — успамінае, з чаго ўсё пачалося. — З малодшай сястрой было тайнае захапленне: хаваліся ад мамы, даставалі посуд і станавіліся за пліту. У жалезную міску засыпалі цукар, лілі ваду і ставілі гэта на агонь. Спецыяльных формачак тады ў нас не было, таму ледзянцы застывалі ў звычайных накрыўках для слоікаў. Гарачую сумесь залівалі і ў фольгу — ляпілі прысмакі розных формаў. Замест палачак выкарыстоўвалі запалкі».

Сёстры да гэтага часу памятаюць смак дзяцінства. Дзяўчаты так уцягнуліся ў працэс, што разам уладкаваліся на прадпрыемства па вырабе карамелі. Толькі Святлана пайшла ва ўпаковачны цэх — палічыла за лепшае быць далей ад агню. Бо ў дзяцінстве ласуха часта апякалася, калі варажыла над салодкай карамеллю.

Сёння ў вытворчасці ледзянцоў на палачцы, акрамя цукру, выкарыстоўваюцца патака, натуральныя араматызатары і фарбавальнікі. Алеся працу не проста любіць — укладвае ў яе ўсю душу. Ужо больш за дзесяць гадоў яна ўдыхае салодкія водары і пах, прызнаецца, ніколькі не надакучыў. «Я духамі не карыстаюся, зусім. Бо і так соладка пахну, — смяецца. — А людзі часта цікавяцца, дзе я купіла такую ўстойлівую парфуму».

Пад гэты Новы год Алеся думае перадаць навыкі сваёй шасцігадовай дачцэ Паліне. Яны разам дастануць старыя формачкі і пачнуць «хімічыць». Хатнія пеўнікі на палачцы пойдуць на падарункі і выдатна падсалодзяць свята іх родным і сябрам.

Сімвал 2017-га абавязкова будзе на стале і ў кандытара з Брэста. Напярэдадні Новага года ў Святланы Саковіч, супрацоўніцы ААТ «Берасцейскі пекар», вельмі шмат спраў — яна робіць пернікі. Каб былі больш салодкімі, у заварныя вырабы дадаюць мёд і згушчанае малако. Прысмакі ў форме пеўніка выпякаюцца і размалёўваюцца ўручную.

«Рознакаляровай цукровай памадкай я размалёўваю каля 250 пеўнікаў у дзень, — расказвае Святлана Аляксандраўна. — Занятак не з простых, трэба быць вельмі акуратнай». Пернікавыя пеўнікі не выглядаюць як звычайныя мучныя вырабы з канвеера — яны не падобныя адзін да аднаго. Адзін — з чырвонай грывай, другі — з аранжавай. На выбар кандытара і каляровая палітра пёраў салодкай птушкі.

Кандытарам Святлана Саковіч працуе ўжо 35 гадоў. І дакладна ведае: каб займацца выпечкай, трэба быць сапраўдным мастаком. Адпрацаваўшы змену, тая не сунімаецца: пячэ дома, каб песціць дзяцей і ўнукаў. А ласуноў сярод іх нямала. «Да галоўнага святочнага застолля спяку вялікага пеўня, — абяцае майстрыха на ўсе рукі. — І няхай будучы год стане шчаслівым».

ypopko@bk.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter