Майстра часу

Неяк у маім далёкім ужо дзяцінстве мой бацька, які меў хобі даводзіць да ладу гадзіннікі, якія не функцыянуюць, дазволіў мне пагуляць з адным з іх пару хвілін. Гэтага мне акурат хапіла на тое, каб той цуд тэхнікі дарэшты растрыбушыць. І калі бацька, здзіўлены маёй аператыўнасцю, загадаў сабраць усё як было, то тут атрымаўся “бэнц”!.. Абліваючыся слязамі, я з усіх сіл спрабаваў прыладзіць воські і шасцяронкі на свае месцы, але з паўтузіна іх кожны раз заставалася “не пры справе”. Нарэшце бацька спыніў мой здзек з тэхнікі і, зрабіўшы выснову, што майстар гадзіннікаў з мяне не атрымаецца, сам сабраў той механізм...І, напэўна, ўжо тады (магчыма, упершыню ў жыцці) праз слёзы расчаравання я адчуў глыбокую павагу да людзей, якія былі з тэхнікай на “ты”, пра каго ў народзе кажуць: залатыя рукі! І вось з адным з такіх майстроў мяне нядаўна ізноў звёў лёс...

Уваскрашэнне “Густава”
Калі бацька пайшоў з жыцця, у спадчыну ад яго застаўся вялікі старадаўні насценны гадзіннік нямецкай вытвочасці маркі “Густав Беккер”, які спыніўся неўзабаве пасля смерці гаспадара, нібы адчуваючы, што асірацеў... Гадзіннік ціха-мірна праляжаў у мяне гадоў з пятнаццаць, і я не меў аніякай надзеі калі-небудзь давесці яго да ладу — спецыялісты, якім я яго паказваў, толькі рукамі разводзілі...
Але аднойчы сябры пазнаёмілі з надзвычай цікавым чалавекам, палкоўнікам у адстаўцы Аляксандрам Пятровічам Данілавым, які няўзнак абмовіўся, што мае захапленне, аналагічнае бацькаваму. Калі я згадаў пра свой насценны рарытэт, вочы ў Аляксандра Пятровіча імгненна загарэліся, і ён выявіў жаданне “зірнуць” на маю спадчыну.
Пасля таго як А.П. “зірнуў-такі” на мой старэнькі “Густаў Бекер”, здарылася дзіва — бедалага ажыў. Прычым не проста ажыў, а і набыў голас, страчаны яшчэ пры бацькавым жыцці, і стаў адбіваць прыгожым меладычным боем кожную гадзіну...
Выпадак з маім уваскрэслым рарытэтам выклікаў у мяне моцную прафесійную цікавасць да асобы А.П. У выніку я неяк набраўся нахабства і напрасіўся да яго ў госці.
Што адразу кінулася ў вочы у пакоі звычайнай кватэры А.П., дык гэта вялікі рабочы стол уздоўж доўгай сцяны, які здалёк нагадваў нейкі фантастычны архітэктурны шэдэўр. На ім загадкава ўзвышаліся шматлікія рады ўсемагчымых скрынак і стэлажоў у антуражы дзесяткаў розных гадзіннікаў. На момант мне нават здалося, што тут пануюць менавіта гэтыя механізмы. Але калі прыгледзеўся больш уважліва, амаль фізічна адчуў прысутнасць на тым стале вышэйшай логікі. Усе гэтыя баначкі, карытцы, сотні інструментаў, дзесяткі гадзіннікаў існавалі толькі ў адным нецярплівым чаканні: калі ўвага (рука) Вярхоўнага Дэміурга (то бок А.П.) нарэшце дойдзе і да іх і адбудзецца сапраўдны цуд — уваскрашэнне механізма!..
Шлях да майстэрства
— Калі і з чаго ўсё гэта пачалося ў вашым жыцці?..
— А пачалося дзесьці з гадоў 23—24. Неяк убачыў у свайго сваяка старадаўні кішэнны швейцарскі гадзіннік маркі “Флёри””, які не ішоў. І стала цікава: такая прыгожая рэч, а мёртвая, няўжо нельга яе ажывіць? Я паспрабаваў зрабіць гэта наскокам, але нічога не атрымалася. Паколькі па сваім складзе я чалавек сістэмны, тэхнічны (мая першая адукацыя — тэхнічная), то і ўзяўся за справу сістэмна. Пачаў са старых будзільнікаў. Я іх акуратна разабраў на часткі, стараючыся спасцігнуць прынцып дзеяння. І ўсё ж хутка зразумеў, што без ведаў не абысціся. Звярнуўся да спецыяльнай літаратуры. І толькі атрымаўшы веды тэарэтычныя, усвядоміў, што і як мне патрэбна рабіць.
Магчымасць займацца сваім хобі я меў толькі ў вольны ад службы час, але паступова вельмі ўцягнуўся, бо заўсёды меў цікавасць да новага, не спасцігнутага дасюль яшчэ нікім. Мне было цікава ажыўляць складаныя, асаблівыя мехнанізмы штучнай работы, а яны амаль усе былі такімі, бо ў свой час гадзіннікі былі хутчэй прадметам раскошы, чым прадметам спажывання, а значыць, і прадметам творчасці.

Ужо напачатку я сутыкнуўся з праблемай адсутнасці патрэбных дэталей. Не было ні майстэрняў, ні крам, якія б прадавалі запчасткі да гадзіннікаў. Калі потым я па службе атрымаў магчымасць ездзіць у камандзіроўкі па ўсёй Беларусі, то ў кожным абласным ці раённым цэнтры, іншым горадзе, дзе быў, стараўся завесці знаёмства з тамтэйшымі майстрамі. Такім чынам і набываў патрэбныя дэталі, інструменты...
— А што сталася з тым гадзіннікам сваяка?
— Патрэніраваўшыся на больш простых механізмах і ўзброіўшыся ведамі, я такі вярнуўся да яго. Давялося прыкласці шмат намаганняў, некаторыя дэталі вырабляць спецыяльна. І якое ж было здзіўленне майго сваяка, калі я ўрэшце прынёс яму той гадзіннік, выраблены, дарэчы, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, на хаду. Пазней сваяк падарыў мне яго на памяць...
Сакрэты майстра
— І якія гадзіннікі вас цікавяць?
— Зразумела, эксклю-зіўныя, старадаўнія...
— А які вам трапляўся самы старадаўні?
— Гэта быў швейцарскі гадзіннік “Луі Аудэмарс”, якому было больш за 200 гадоў. Было яшчэ некалькі англійскіх, прыкладна такога ж узросту, фірмы “Нортан”.
— Калекцыя гадзіннікаў, як я бачу, у вас зусім невялікая...
— А я не калекцыянер. Для мяне галоўная задача — узнавіць, вярнуць да жыцця старадаўні механізм. Я, можа, і хацеў бы стаць калекцыянерам, але, каб калекцыяніраваць такія рэчы, трэба мець немалыя сродкі.
— Што значыць, немалыя?..
— Некалькі соцен тысяч умоўных адзінак... Эксклю-зіўныя гадзіннікі каштуюць вельмі дорага.
— За што найперш яны цэняцца?
— Па-першае, па фірме вытворцы. Ёсць такія, якія цэняцца найбольш. У асноўным гэта старыя швейцарскія фірмы: “Филип Патек”, “Вахшерон Константин”, нямецкая “А.Ланге і сыны”, англійская “Нортан”. За імі ідуць больш вядомыя “Амега”, “Зенит”, “Докса”, “Павел Буре”...
— Гадзіннікі апошняй фірмы, наколькі ведаю, былі найбольш вядомыя ў дарэвалюцыйнай Расіі?
— Так, бо ў самой Расіі гадзіннікі не вырабляліся. Напачатку Павел Бурэ пастаўляў гадзіннікі ў расійскую армію, а потым стаў пастаўшчыком двара Яго Імператарскай Вялікасці. Гадзіннікі былі самымі папулярнымі ўзнагародамі і прызамі ў царскай арміі.
— Скажыце, а ёсць яшчэ ў Мінску такога ўзроўню майстры, як вы?
— Ёсць, і я іх усіх ведаю...
— З сотню набярэцца?
— Якая сотня — паўтара дзесятка чалавек... Нехта больш займаецца кішэннымі, нехта наручнымі, нехта насценнымі ці падлогавымі гадзіннікамі...
 — А ёсць нейкія нюансы, дзе толькі вы — Майстар?
— Я магу ўзнаўляць цыферблаты, што могуць не ўсе. Да прыкладу, у мяне ёсць уласная тэхналогія аднаўлення старадаўніх эмалевых цыферблатаў, якой я пакуль што ні з кім не дзялюся.
— Для такой працы, відаць, патрэбен не толькі навык?..
— Безумоўна, вы ж паглядзіце, кожны з гэтых гадзіннікаў не проста механізм, гэта мастацкі шэдэўр. Іх рамонт — гэта, па сутнасці, рэстаўрацыя, вельмі складаны тэхналагічны працэс, які патрабуе не толькі майстэрства, але і спецыяльных мастацкіх, гістарычных ведаў.
— А як вы з тысяч дэталей знаходзіце патрэбную?
— Ну, па-першае, ёсць свая сістэма. Але пры ўсёй сістэматызацыі часам, каб выбраць які-небудзь вінт, даводзіцца перабраць сотні і сотні дэталей і патраціць на гэта дзве-тры гадзіны.
— Якія заказы самыя складаныя?
— Бывае, да прыкладу, прыносяць толькі корпус, які трэба ўкамплектаваць ідэнтычным механізмам. І калі я не знаходжу дэталі ў сябе, шукаю ў калегаў. Бывае, што патрэбныя я знаходжу за сотні кіламетраў ад Мінска.
— Яны ў вас усе ідуць — вашы гадзіннікі?
— Многія на хаду, але ўсе не ідуць, бо калі ўсе завесці, не дадуць спаць...
— Ці можаце адрозніць падробкі?
— Калі добра ведаеш канструкцыю ўсіх гадзіннікаў, гэта не так і складана. Сёння я магу адрозніць любую падробку.
— А па якіх прыкметах, калі не сакрэт?
— Ёсць з дзесятак асноўных прыкмет. Дапусцім, неадпаведнасць корпуса механізму — гадзіннік цэніцца толькі тады, калі яны тоесныя. Многае становіцца зразумелым ужо пры вонкавым аглядзе, а часам толькі тады, калі адкрыеш механізм, ці нават разбярэш яго...
— Наколькі я ведаю, на старых гадзінніках рэдка пісалі год вырабу. І як жа вызначыць узрост гадзінніка?
— У асноўным па тэхналагічных асаблівасцях пэўнай эпохі...
Гадзіннікі не наракаюць!..
— Шмат часу забірае вашае хобі?
— Увесь вольны час. Я цэлы дзень на працы і займаюся ім толькі пасля працы. Часам прыходжу, саджуся за стол і так захапляюся, што працую да дзвюх гадзін ночы, а ў палове шостай ужо трэба ўставаць на службу...
— А як вы знаходзіце сабе кліентаў?
— Мне не трэба іх шукаць. Яны мяне самі знаходзяць.
— Ёсць нейкія прыярытэты ў выбары наступнага гадзінніка для працы?
— Ёсць пэўны парадак, кожны з маіх гадзіннікаў цярпліва чакае сваёй чаргі. У адрозненне ад людзей яны не наракаюць. Але бывае і так, што з’яўляецца настрой на нейкую канкрэтную рэч...
— І колькі ж за жыццё прайшло такіх вось цудаў праз вашыя рукі?
— Шмат сотняў, а магчыма, ужо і пад тысячу.
— А як нашчадкі ставяцца да вашага захаплення?
— Мае абодва сыны, на жаль, пакуль што не зацікавіліся...
— А ўнукі ў вас ёсць?
— Ёсць і два ўнукі, але яны з-за малога ўзросту пакуль што не вызначыліся са сваімі захапленнямі. Тут не варта нешта гвалтам навязваць.
— А ў духоўным плане такое хобі задавальненне прыносіць?
— Калі ты, прыклаўшы свае веды, навыкі, вярнуў да жыцця шэдэўр, створаны вельмі даўно, ды прычым такім, якім яго калісьці “нарадзілі” яго бацькі”, то гэта вялікае задавальненне, ды не проста задавальненне, а сапраўдны цуд! Ды і хіба можа быць інакш, калі на тваіх вачах з груды металу паўстае, як птушка Фенікс, жывы гадзіннік. Гадзіннік — гэта амаль што жывая істота, бо чалавек, які яго стварыў, уклаў у яго частачку сваёй жывой душы...
— Ёсць нейкая асаблівая мара?
— Хочацца знайсці такі рарытэтны гадзіннік, які яшчэ не трапляўся нікому, і давесці яго да ладу...

Калі мы завяршылі падмацаваную кубкам гарбаты размову з гаспадаром, я задумаўся, з чым можна было б параўнаць гэтае ягонае незвычайнае хобі, і раптам дайшло!.. Праца майстра —рэстаўратара унікальных рарытэтаў (а іншымі наш герой не займаецца) нагадвае такое магічнае дзейства, як стварэнне музыкі. І насамрэч, вяртаючы да жыцця шэдэўры, майстар (бы той музычны маэстра, што выдае ў свет меладычныя опусы), па сутнасці, нараджае нейкую сваю спецыфічную музыку, якая потым, часта і ў самым літаральным сэнсе, будзе дарыць радасць наступным пакаленням...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter